Вы тут

Вядомы асілак Кірыл Шымко зрушыў з месца самы вялікі ў свеце верталёт


Усталяванне новага рэкорду адбылося на выпрабаваўчым палігоне Ліпкі, што пад Мінскам. І дата падзеі, і яе месца, і «рыштунак» — суперцяжкі транспартны верталёт Мі-26 вагой звыш 28 тон — былі выбраны не выпадкова, бо ўсе яны маюць непасрэднае дачыненне да Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Рэч у тым, што на аэрадроме Ліпкі знаходзіцца авіяцыйная база МНС, найвялікшы ў свеце верталёт таксама належыць беларускім ратаўнікам, неаднаразова выкарыстоўваўся ў самых складаных аперацыях і нават здымаўся ў кіно (яго заказвалі для здымак 5-й часткі культавага баявіка «Моцны арэшак»), а сваё чарговае дасягненне рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінеса Кірыл Шымко прысвяціў Дню пажарнай службы. Як вы, напэўна, ужо зразумелі, у супрацьстаянні верталёта і волата перамог апошні — у выніку Мі-26, які з поўным бакам важыў 35 тон, не толькі зрушыўся з месца, але і праехаў больш за 20 метраў!


«Убачыўшы гэтую грамадзіну, я загарэўся ідэяй яго зрушыць, і прысвяціў гэтай мэце тры тыдні адмысловых трэніровак. Калі першы раз трэніраваўся ўжо з верталётам, то спатрэбілася столькі высілкаў, што носам пайшла кроў», — прызнаўся Кірыл Шымко пасля фіксацыі новага рэкорда. Раней спартсмену — як у дуэце з іншым вядомым беларускім асілкам Паўлам Сарокам, так аднаму — ужо давялося зрушыць з месца танкі, самалёт, «БелАЗ» і нават вежавы кран. Але ў Мі-26, адзначае волат, свая спецыфіка — колы верталёта не выкарыстоўваюцца для язды, таму штурхнуць падобную тэхніку надзвычай складана. І ўдвая прыемна, што гэта атрымалася.

Дарэчы

У найбліжэйшыя дні верталёт Мі-26 зноў уздымецца ў неба па дасягненні. 30 і 31 ліпеня падчас авіяцыйнага фестывалю #пранеба на аэрадроме Баравая 40 парашутыстаў паспрабуюць абнавіць нацыянальны парашутны рэкорд у класе вялікіх фармацый. (Папярэдні рэкорд, паводле слоў генеральнага сакратара Беларускай федэрацыі авіяспорту Антона Быстрова, паставілі ў 2014 годзе 20 парашутыстаў, якія сабралі фігуру ў свабодным падзенні.) Акрамя таго, у праграме фестывалю #пранеба — верталётныя гонкі і авіяшоу з удзелам тэхнікі ДАСААФ, конкурсы, музычная і забаўляльная праграмы для наведвальнікаў і адкрыты кінапаказ «самага авіяцыйнага» фільма «Міміно».

Вікторыя ЗАХАРАВА

Загаловак у газеце: Транспарт «Моцнага арэшка» скарыўся беларускаму волату

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.