Вы тут

Валянцін Байко: умовы для развіцця бізнесу ў Беларусі ёсць


Валянцін БАЙКО, заснавальнік СТАА «Контэ СПА»:


— 20 гадоў таму я сумесна з бацькам, братам і яшчэ некалькімі партнёрамі стварыў кампанію «Контэ». Нашы першыя інвестыцыі — 20 000 нямецкіх марак — практычна ўсе сямейныя зберажэнні, на якія мы купілі першыя два станкі. Мінула 20 гадоў карпатлівай, штодзённай працы. Сёння кампанія «Контэ» — гэта найбуйнейшы ў краіне вытворца панчошна-шкарпэтачных вырабаў, які выпускае ў год больш як 100 мільёнаў вырабаў. Больш за 4 тысячы чалавек працуюць на кампанію ў 5 краінах. Толькі ў Гродне мы далі людзям 2120 працоўных месцаў.

70% нашай прадукцыі пастаўляецца на экспарт у 20 краін свету, дзе яна прадаецца, паводле нашых падлікаў, у 40 000 гандлёвых пунктах. За апошнія пяць гадоў мы экспартавалі прадукцыі на паўмільярда долараў ЗША, прычым маем 236 мільёнаў долараў дадатнага сальда. За гэты ж час інвестыцыі ў нашу краіну склалі 118 мільёнаў долараў, у тым ліку больш як 70 мільёнаў выкарыстана на развіццё вытворчасці.

Я ганаруся поспехамі кампаніі і яе працоўнага калектыву. Пачаўшы амаль з нуля і за 20 гадоў стварыўшы вядомы брэнд, пабудаваўшы самую буйную на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы фабрыку, мы даказалі, што ўмовы для развіцця бізнесу ў Беларусі ёсць.

Мы змаглі развіцца і вырасці, таму што, акрамя многіх іншых фактараў, была выбрана лінія на пабудову празрыстага ва ўсіх адносінах бізнесу. У нас празрыстыя адносіны з пастаўшчыкамі сыравіны і пакупнікамі. Мы адкрыта будуем стасункі ўнутры калектыву і з любымі людзьмі, з кім даводзіцца сутыкацца па рабоце. Мы сумленна плацім падаткі і выконваем законы.

Мы разумеем, што аснова — гэта чалавек. І ў развіццё чалавечага патэнцыялу ўкладваем сілы і сродкі. Для многіх маладых людзей месца ў нашай кампаніі і ёсць іх першае працоўнае месца. Для замацавання работнікаў на прадпрыемстве і стварэння спрыяльных умоў працы супрацоўнічаем з прафесійнымі навучальнымі ўстановамі, праводзім прафарыентацыю ў школах горада. Пастаянна ўдасканальваюцца метады адаптацыі маладых работнікаў на вытворчасці. Выкарыстоўваецца інстытут настаўніцтва. Існуе сістэма навучання на вытворчасці. Нашы вытворчыя менеджары ў асноўным выраслі з нашых жа рабочых.

У 2015 годзе ў Гродне ўведзены ў строй новы вытворчы корпус, у якім умовы працы і вытворчасці створаны на ўзроўні самых сучасных сусветных стандартаў. У яго мы інвеставалі больш за 140 мільярдаў рублёў. У верасні 2015 года на прадпрыемстве створана прафсаюзная арганізацыя. Сёння яе членамі з'яўляюцца 2100 чалавек. У летні перыяд для дзяцей работнікаў прадпрыемства аплачвае 80% кошту пуцёвак у аздараўляльныя лагеры. У Гродне ведаюць, што «Контэ» актыўна займаецца дабрачыннасцю. Робім мы гэта з адкрытым сэрцам.

Ні ў мяне, ні ў маіх партнёраў і калег няма пачуцця заспакоенасці і адчування завершанасці пачатай справы. Мы настроены шмат працаваць і развівацца. Сёлета будзе дабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю трэці пускавы комплекс фабрыкі. Аб'ём інвестыцый — 10 мільярдаў рублёў. Уводзім сучасныя ачышчальныя збудаванні і на гэта інвеставалі 13 мільярдаў рублёў. Да канца 2017 года плануецца пабудаваць уласны ветрапарк для выпрацоўкі «зялёнай электраэнергіі», каб выкарыстоўваць яе на свае патрэбы. На гэта будзе выдаткавана каля 4 мільёнаў долараў.

Сферы дзейнасці метадычна пашыраем. Поўным ходам ідзе будаўніцтва найбуйнейшага ў Гродзенскай вобласці гандлёва-забаўляльнага комплексу агульнай плошчай больш як 80 тысяч квадратных метраў. Тут размесцяцца прадуктовы і будаўнічы гіпермаркеты, крамы, а таксама аб'екты па аказанні паслуг насельніцтву. Вялікую частку зоймуць зоны адпачынку: восем кіназал, дзіцячы гульнявы цэнтр і, вядома, рэстараны і кавярні. Уваходзіць у склад комплексу і лядовая арэна, на якой можна будзе праводзіць спартыўныя спаборніцтвы. Дасягнута дамоўленасць з адным з еўрапейскіх банкаў на атрыманне фінансавання гэтага аб'екта ў памеры 55 мільёнаў еўра. Думаю, пасля заканчэння будаўніцтва гродзенцы не захочуць ездзіць на шопінг у сумежныя Польшчу і Літву.

Не сакрэт, што на сучасным этапе асабліва жорсткая канкурэнтная барацьба ідзе ў сферы лёгкай прамысловасці. Гэты фактар неабходна ўлічваць, калі вядуцца перамовы і прымаюцца рашэнні аб стварэнні зон свабоднага гандлю з краінамі з таннай рабочай сілай. Канкурыраваць з пастаўшчыкамі, скажам, з В'етнамам, прадпрыемствам легпрама будзе вельмі складана.

Я думаю, што для прадпрыемстваў-вытворцаў будзе важная і неабходная падтрымка дзяржавы. У першую чаргу — у выраўноўванні ўмоў канкурэнтнага асяроддзя ў частцы кошту пазыковага капіталу і кошту энергетычных рэсурсаў у параўнанні з умовамі ў сумежных краінах. На мой погляд, правільныя крокі ў гэтым кірунку зроблены. Мы разумеем, што гэтыя праблемы нельга зняць адразу, але паступова да іх вырашэння трэба падыходзіць.

Самая галоўная наша задача — перайсці сапраўды на інавацыйны шлях, укараняць найноўшыя тэхналогіі, выпускаць прадукцыю сучаснай якасці. Два дзесяцігоддзі кампанія імкнулася ўкараняць усё самае лепшае і прагрэсіўнае, і менавіта ў гэтым заключаецца сакрэт нашага поспеху. Прыемна ўсведамляць, што «Контэ Спа» стала ўжо адным з беларускіх брэндаў, як МАЗ і БелАЗ. Мы гэтым можам толькі ганарыцца.

Загаловак у газеце: Аснова поспеху — чалавек

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.