Вы тут

Вясёлыя байкі з народнага жыцця


Гол, які не ў радасць

Некалі раней я досыць часта хадзіў на стадыёны, бо займаўся спортам сам, любіў паглядзець на спаборніцтвы іншых. Ёсць, карацей, што ўспомніць! Гэта, напрыклад, і Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў, які выйгралі гандбалісты мінскага СКА, і перамога нашых хакеістаў над шведамі ў алімпійскім чвэрцьфінале, і бронзавыя медалі «буяльскіх дзяўчат» на чэмпіянаце Еўропы, і тры алімпійскія перамогі Дар'і Домрачавай, і шмат чаго іншага.

Але ж тут і цяпер я спынюся на «гульнях», якія варты хіба што смеху. Такім чынам, першая. На пачатку сямідзясятых гадоў савецкі футбол напаткала, можна сказаць, эпідэмія нічыіх. Гэта калі каманды, якія не прэтэндуюць на медалі, паміж сабой дамаўляліся згуляць унічыю. А што — ім жа абедзвюм добра тады. Без ніякіх намаганняў атрымліваюць па ачку, захоўваюць месцы ў вышэйшай лізе...

Гледачам хіба дрэнна, бо нецікава тады сачыць за гульнёй. Вось і пераставаў народ хадзіць на стадыёны. Ды і калі хадзіў, глядзеў не толькі на поле. Помню, у час такой гульні адзін з заўзятараў усё сабе месца не знаходзіў, усё чухаў сваю лысую галаву.

А хлопец, што сядзеў у яго за спінай, вырашыў пажартаваць: выцягнуў з кішэні сцізорык і на гэтую лысіну пачаў асцярожненька крышыць... хімічны аловак. У выніку галава ў небаракі (ружовая ад гарачыні і ад поту) стала паступова ператварацца ў светла-фіялетавую, у ярка-фіялетавую, у цёмную...

Заўзятары, якія сядзелі паблізу, душыліся ад смеху.

Не абыходзіліся без яго і гульні па дамоўленасці.

Генадзь Хазанаў неяк расказваў, што газеты чытае між радкоў. Вось так, па-хазанаўску, я «прачытаў» адну гульню.

Не буду цяпер казаць, якія каманды сустракаліся. Скажу так: адна з іх (назавем яе першай) знаходзілася на мяжы выбывання з вышэйшай лігі. Для таго, каб застацца там, ёй трэба было ў апошняй гульні выйграць у другой каманды, якая месца ў той лізе сабе забяспечыла.

Далей усё зразумела: першая каманда прапанавала другой, каб тая ім прайграла. Другая, каб таксама з гэтага нешта мець, прапанавала першай налета, калі яны прыедуць да іх, таксама прайграць, а на полі першай згуляць унічыю.

Усё пайшло, як па масле. Я на свае вочы бачыў, як нападаючы першай каманды забіў гол. Ён спакойна падбег да варот, і ніхто з абаронцаў не перашкодзіў яму ўдарыць.

Вясной другая каманда завітала да першай — на гэты раз па абяцаную нічыю. І зноў атрымалася, як яны дамаўляліся: каманды абмяняліся галамі, потым спакойна ганялі мяч.

Аднак хвіліны за дзве да канца гульні футбаліст першай каманды перастараўся: ён замоцна ўдарыў па мячы, і той спакойна закаціўся ў вароты сапернікаў: «Гол?!»

Забіўшы яго, гульцы звычайна шалеюць ад радасці — збягаюцца да «аўтара», абдымаюць, віншуюць...

Гэтым жа разам усе засталіся на месцах, а сам «аўтар» у роспачы схапіўся за галаву (маўляў, што ж я нарабіў, мы ж так не дамаўляліся)...

Добра, што бедаваць яму давялося нядоўга. Гледачы апамятацца не паспелі, як першая каманда амаль тут жа... прапусціла гол у адказ. Другая, як і чакалася, выйграла!

...Нехта гэтую гульню «прачытаў» бы, магчыма, іначай, а я — вось так.

Мікалай Старых, г. Гомель


Як дбаеш, так і маеш

У апошнюю нядзелю ліпеня ў мяне, можна сказаць, свята — Дзень ваенна-марскога флоту, бо менавіта ў ім я некалі служыў.

Карабель наш з прыгожай назвай «Рассвет» будаваўся на ленінградскім заводзе «Алмаз» і папярэдне павінен быў прайсці ўсе выпрабаванні (спачатку — хадавыя, потым — агнявыя) і толькі тады стаць на базу сваёй прыпіскі — аж у Мурманскай вобласці.

Праўда, гэта — паводле папярэдніх планаў. Наяве ж у будаўнікоў, што часта бывае, нешта «не зраслося», сарвалася, і мы засталіся на Балтыцы. У латвійскім горадзе Ліепая карабель наш быў прыкаваны да пірса, а значыць, у нас, матросаў, асаблівай работы не было: хадзілі на заняткі па спецыяльнасці, на палітінфармацыі, прыбіралі памяшканні ды палубы, чысцілі зброю...

Але ж вольны час заставаўся ўсё роўна!

Запаўняўся ён гульнёй у футбол паміж афіцэрамі і матросамі, «паядынкамі» па перацягванні каната з экіпажамі караблёў, што стаялі побач; зрэдчас арганізоўваліся культпаходы.

Дык вось аднойчы (як сёння помню, 1 красавіка) старшы памочнік камандзіра карабля Эварт Ступіш павёў нас у драмтэатр. Запісаліся ў гэты «паход» 13 чалавек — нешчаслівая лічба: тым, што большасць матросаў напярэдадні здала сваю вахту і змагла паспаць толькі чатыры гадзіны. Гэта па-першае. Па-другое, ці не тая ж большасць гадавалася ў невялікіх мястэчках ці вёсках і ў тэатр ішла ці не ў першы раз у жыцці. Па-трэцяе, будынак тэатра сустрэў нас надпісамі і афішамі выключна на лацінцы. А калі мы ўселіся ў мяккія ўтульныя крэслы, нас чакаў яшчэ адзін сюрпрыз: пастаноўка ішла на латышскай мове, а значыць, мы, рускія, украінцы, малдаване і я, беларус, не разумелі там аніводнай рэплікі!

У роспачы ды неўразуменні мы пазіралі на Ступіша і бачылі, што твар яго аж свеціцца ад... шчасця. Ён, трэба разумець, вельмі рады быў, што 1 красавіка нас так разыграў?..

Адплаціць яму той самай манетай мы намеру не мелі, але...

Неяк міжволі атрымалася, што хвілін праз дваццаць пасля пачатку спектакля соладка захроп адзін з матросаў (сядзелі мы ў розных месцах), потым да яго далучыўся другі, трэці, чацвёрты... Недаспаўшы пасля вахты, мы ўсе элементарна паснулі.

Камандзіру за нас, ну напэўна ж, было няёмка! Але за што змагаўся, як той казаў...

Сяргей Саковіч, г. Калінкавічы


«А мне трэба!»

 

Усе мы з хат — гэта і сапраўды. Мусіць, большасць мінчан — гараджане ў першым пакаленні. Праўда, пра вёскі свае яны гаварыць не любяць, а вось пра дачы — толькі зачапі: ці не кожны пачне ўспамінаць, расказваць пра сваё, перажытае...

Можа, памыляюся, але так званыя садовыя ўчасткі ў краіне Саветаў ахвотна давалі па дзвюх прычынах: па-першае, для таго, каб людзі маглі прасцей пракарміць свае сем'і, а па-другое, каб яны ўвесь час былі пры справах і не лезлі ў палітыку. Ну сапраўды: яно ж не да яе, калі чалавек атрымаў 4 соткі няўдобіцы, хмызняку ці пясчанага кар'ера? Яму зямлю трэба даводзіць да ладу, потым садзіць на ёй яблыні ды парэчкі, капаць грады і нешта на іх вырошчваць.

А ўжо пабудовы ўзвесці дык і наогул праблема была, бо гэта цяпер, калі ёсць за што, пайшоў у краму ды купіў усе патрэбныя матэрыялы і рыштунак, гэта цяпер ці не на ўсіх слупах прапануюцца транспартныя паслугі. А некалі ж мы ўсё даставалі, куплялі па блаце, шукалі, на чым прывезці (ды па бездарожжы), не маглі знайсці добрых спецыялістаў-будаўнікоў...

Але мы працавалі, стараліся і ўсё змаглі. Іду вось цяпер па вуліцах свайго садовага таварыства і не магу нацешыцца: і дамкі сабе людзі паставілі (шкада, што маленькія... На большыя дазволу не было), і парнікі пры іх, і акуратныя агароджы... Сады за імі вялікія. А якія кветнікі-гароды! Здалёку відаць, як некалі ў маёй вёсачцы — на гэтай дачы ўсе працуюць, што тыя мурашкі, што пчолкі, на гэтай — таксама, бо мала сваёй зямлі (а яе і сапраўды мала), — яшчэ і ўзбочыны крыху прыхапілі...

А вось у гэты дамок, наадварот, адпачывальнікі прыязджаюць альбо так званыя шашлычнікі: з'явяцца, музыку паслухаюць, у гамаках паляжаць, гарэлачкі пап'юць і з'едуць). І гэта сялібка адметная (вокны за кратамі) — тут наш... злодзей жыве.

Адкуль я гэта ведаю? Дык за руку злавіў!

Прыязджаю, значыць, неяк на дачу (без машыны яшчэ, ціха), заходжу на свой падворак і вачам не веру: ля адрыны сусед стаіць, «перабірае» пруты арматуры (я прывёз, каб таматы падвязваць). І, галоўнае, па-гаспадарску так: гэту жалезку (добрую, доўгую) сабе пад паху, гэтую, горшую, назад у кучу, гэта значыць мне...

Але ж — не будзь то злодзей — «сартуе» ўсё і баіцца: не-не ды скосіць вокам, ці не бачыць хто, не-не ды азірнецца: «Во ліха — гаспадар за спінай!»

Нямая сцэна была амаль, як у Гогаля: сусед, чырвоны, як рак, глядзіць на мяне, а я — на яго, бо ўцяміць не магу, што ж гэта дзеецца?!

Злодзей да памяці прыходзіць першым: кіўком галавы паказвае на адабраную для сябе арматуру і кажа: «Мне гэта трэба». (А мне дык быццам бы не!) І пасля гэтых слоў, спакойна прыхапіўшы жалезкі, прастуе на свой участак, у свой дом.

...Што, магчыма, цікава, дзён праз колькі там з'явіўся мужык са зварачным апаратам: сусед з тых самых маіх прутоў на вокны сабе зварыў... краты.

Атрымліваецца, што зладзеі таксама баяцца — зладзеяў, бо каму-каму, а ўжо ім, як пагарэльцам, відаць, патрэбна ўсё чыста.

Я.А., г. Мінск.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Загаловак у газеце: Гол, які не ў радасць

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.