Вы тут

Афганская старонка савецкага перыяду дагэтуль багатая на «белыя плямы»


Два дзесяцігоддзі таму ў самым цэнтры старога Мінска, на штучным астраўку ракі Свіслач, з'явіўся Востраў мужнасці і смутку, больш вядомы ў народзе як «Востраў слёз». І сёння каля мемарыяла, прысвечанаму беларускім воінам-інтэрнацыяналістам, якія загінулі ў Афганістане, нярэдка ўбачыш заплаканыя вочы жанчын — для маці і ўдоў, якія не дачакаліся з той вайны сваіх сыноў і мужоў, афганскія падзеі не маюць тэрміну даўнасці...


У вайне, якая цягнулася амаль дзесяць гадоў, удзельнічалі больш як 30 тысяч грамадзян Беларусі. 771 воін-інтэрнацыяналіст загінуў у Афганістане. Больш як 700 удзельнікаў баявых дзеянняў, вярнуўшыся на радзіму, заўчасна пайшлі з жыцця — нагадалі аб сабе незагойныя раны і хваробы. 870 сталі інвалідамі, 12 зніклі без вестак, але іх пошукі працягваюцца.

У чым маюць патрэбу ветэраны афганскай вайны сёння і чаму многія падзеі больш як 25-гадовай даўнасці, хутчэй за ўсё, так і застануцца «белымі плямамі»? Пра гэта мы распыталі ў старшыні савета Мінскай гарадской арганізацыі «Памяць» Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Уладзіміра ШОКАВА.

— Уладзімір Ільіч, Востраў мужнасці і смутку ўжо даўно стаў не толькі святым месцам для воінаў-інтэрнацыяналістаў і родных палеглых салдат. Сёння «Востраў слёз» — гэта на ўсіх узроўнях эпіцэнтр памяці аб вайне ў Афганістане...

— Рашэнне аб стварэнні помніка ў Мінску было прынята ў 1987 годзе. Яшчэ ішла вайна, але ўжо тады вырашылі ўвекавечыць памяць тых, хто не вярнуўся дадому. Ідэя належала кавалеру ордэна Чырвонай Зоркі і будучаму народнаму дэпутату СССР Паўлу Шацько. Сам воін-інтэрнацыяналіст, інвалід вайны, ён добра разумеў, што пра гэтую вайну павінна ведаць моладзь. Шмат жа што ў той час замоўчвалася, інфармацыя аб тых падзеях была практычна нулявая. Многія думалі, што ў Афганістане нашы воіны ледзь не саджаюць сады. Пра тое, што там гінуць людзі, доўгі час — ні слова. Многія салдаты пісалі сваім родным, што служаць у Манголіі ці дзесьці яшчэ. Калі з'явіліся першыя цынкавыя труны, схаваць шыла ў мяшку стала складаней. Воіны-інтэрнацыяналісты, вяртаючыся з Афганістана, пачалі ствараць гурткі: «Юны сапёр», «Юны дэсантнік», «Юны кіроўца», на якіх 15—16-гадовых хлопцаў навучалі таму, што можа ім спатрэбіцца на вайне. Магчыма, дзякуючы гэтым гурткам многія з іх засталіся жывымі і здаровымі. У навучальных установах і на прадпрыемствах сталі стварацца секцыі воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія неўзабаве аб'ядналіся ў Мінскую гарадскую арганізацыю воінаў запасу «Памяць». Ужо тады ішоў пошук маці загінулых, аказвалася пасільная дапамога воінам, якія знаходзіліся ў шпіталях на лячэнні. Настала неабходнасць у будаўніцтве помніка. Добраахвотныя ахвяраванні ішлі з усяго Савецкага Саюза. Хто дзвесце рублёў дашле, хто тысячу. У 1990 годзе ў Мінску пачаў курсіраваць аўтобус пад назвай «Памяць», дзе замест касавых апаратаў стаялі стрэляныя гільзы. Людзі, хто колькі мог, кідалі туды грошы на будаўніцтва помніка. Потым з'явіўся аналагічны тралейбусны маршрут пад назвай «Боль». Помнік будаваўся як за кошт добраахвотных ахвяраванняў, так і дзяржаўных сродкаў.

— Але з'явіўся ён толькі ў 1996-м...

— Доўга не маглі выбраць варты варыянт, які адлюстраваў бы ўсю горыч салдацкіх маці і смутак усяго народа па палеглых воінах. Падчас двух конкурсных тураў пераможцу так і не вызначылі. У 1989 годзе беларуская дэлегацыя прысутнічала на адкрыцці помніка воінам, якія загінулі ў Афганістане, у Днепрапятроўску. Яны былі ўражаны работай украінскага скульптара Юрыя Паўлава і прапанавалі звярнуцца да яго з просьбай стварыць падобны помнік у Беларусі. Юрый Паўлавіч пагадзіўся, яго эскіз помніка быў зацверджаны мастацкай радай. Пасля працяглых пошукаў месца для будаўніцтва менавіта Паўлаў спыніўся на штучным востраве ракі Свіслач каля Траецкага прадмесця. Прызнацца, за яго прыйшлося паваяваць, але маці загінулых воінаў сказалі, што іншага месца ім не трэба. Падчас адкрыцця помніка воінам-інтэрнацыяналістам 3 жніўня 1996 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што ніводзін салдат нашай краіны не будзе ваяваць у чужых краях. Дзякуй Богу, ужо прайшло 20 гадоў, і нашы салдаты не ваююць на тэрыторыі іншых краін.

— З той пары, калі з Афганістана былі выведзены апошнія савецкія воінскія падраздзяленні, прайшло яшчэ больш часу. Тым не менш тыя падзеі па-ранейшаму ахутаны мноствам таямніц. Якія «белыя плямы» яшчэ давядзецца «зафарбаваць»?

— Невядомага застаецца вельмі шмат, і наўрад ці нам калісьці стане ўсё зразумелым. Вы самі ведаеце, што ў розны час мы то героі, то ворагі народа; то акупанты, то марадзёры. Не адразу была дадзена ацэнка нашым дзеянням у Афганістане. Толькі пасля прызналі, што савецкія войскі былі першымі, хто стрымаў наркатрафік, які хлынуў праз 10 гадоў пасля нашага вываду. Пра тое, што мы ўдзельнікі антытэрарыстычнай аперацыі, ніхто не казаў. Мы абаранялі паўднёвыя межы нашай Радзімы. Нам не ставілі задачы перамагчы. Нам сказалі ўвайсці — мы ўвайшлі, загадалі выйсці — выйшлі. Вельмі цягне туды. Там жа шмат і добрага было. Мы абаранялі мірныя кішлакі, будавалі заводы, дарогі, дапамагалі мясцовым жыхарам, забяспечвалі іх гуманітарнай дапамогай, навучалі армію... Праз 10—15 гадоў афганцы, супраць якіх мы ваявалі, зусім па-іншаму сталі ацэньваць наша знаходжанне ў Афганістане. І ім ёсць з кім параўноўваць. Як бачым, наркатрафік хлынуў сёння не толькі на тэрыторыю постсавецкіх краін, а і дайшоў ужо да Еўропы.

— Вы кажаце, што многія пісалі, што служаць у іншых краінах. А дзе, на думку вашых родных, у той час праходзілі службу вы?

— Пісаў, што знаходжуся ў сонечным Кандагары. Дзесьці ваююць, а ў нас, маўляў, цішыня. Каб хоць крыху паверылі, расказваў пра кандагарскія гранаты: адзін плод выціснеш — атрымаеш цэлую шклянку соку. У Афганістане я быў начальнікам палітычнага аддзела — намеснікам камандзіра 70-й асобнай гвардзейскай мотастралковай брыгады. Прыехаў у Кандагар, а там спёка пад 60 градусаў. Думаю, як народ тут жыве? Праз некаторы час прывык. У сакавіку 1987 года была аб'яўлена палітыка нацыянальнага прымірэння. Быццам бы павінна была наступіць цішыня. А ў нас як ваявалі, так і працягвалі ваяваць. Баявыя дзеянні нават узмацніліся. Удзельнічаў практычна ва ўсіх баявых аперацыях. У канцы кастрычніка 1987 года на Гільмендзе падарваўся на фугасе. Паўгода лячыўся ў шпіталях. Даслужваў у Мінскім вышэйшым ваенна-палітычным вучылішчы.

— Больш як 20 гадоў вы ўзначальваеце Мінскую гарадскую арганізацыю ветэранаў вайны ў Афганістане. Ці змяніліся за гэты час задачы, у вырашэнні якіх вы прымаеце непасрэдны ўдзел?

— Задачы самыя простыя. Па магчымасці аказаць дапамогу тым, хто мае ў гэтым патрэбу. У першую чаргу гэта тычыцца маці і членаў сем'яў тых, хто загінуў у Афганістане, інвалідаў. Асноўныя пытанні, якія хвалююць воінаў-інтэрнацыяналістаў, — працаўладкаванне і жыллё. Шмат яшчэ несправядлівасці сёння ў дачыненні да ветэранаў вайны у Афганістане, членаў сем'яў загінулых. Цяпер яны мала каму патрэбны. На вайне ж кожны салдат быў на вагу золата...

— Як вы думаеце, які лёс напаткаў тых, хто і дагэтуль лічыцца зніклым без вестак? Можа, хтосьці з іх, як герой рамана Ганада Чарказяна «Горкі пах палыну», трапіўшы ў палон да мясцовых жыхароў, стаў іх рабом, а потым і членам сям'і?

— Вайна непрадказальная. Магло быць некалькі варыянтаў. Пайшоў са зброяй у руках — прапаў без вестак. Было такое, што па неасцярожнасці адышоў і трапіў у палон. Або быў паранены ў баі, і яго не змаглі своечасова вынесці з эпіцэнтра падзей. У нашым злучэнні быў і такі прыклад. Адзін сяржант, рыхтуючыся да заступлення ў нарад, пайшоў да ракі, каб памыць бялізну. Паслізнуўся, і яго зацягнула ў карыз. Дастаць не змаглі. Цела не знойдзена — прапаў без вестак. Мы ж ведалі, як ён загінуў. Але такі парадак. Пакуль бацькі не прызнаюць, што іх сын загінуў, ён лічыцца зніклым без вестак. Былі і такія спецыяльныя аперацыі, калі салдата контрразведкі ўкаранялі ў банды душманаў для вядзення дыверсійнай работы. Многія не вярталіся... Пра гэта чамусьці не кажуць. Дагэтуль працуе міжведамасная камісія СНД, якая займаецца пошукам зніклых без вестак.

— З нагоды падзей у Бадаберы, калі ваеннапалонныя савецкія салдаты захапілі ў маджахедаў склад з боепрыпасамі, у свой час праводзіліся цэлыя журналісцкія расследаванні. Ці былі сярод удзельнікаў гэтай аперацыі беларусы?

— Так, Аляксандр Звярковіч. Нядаўна мы ездзілі да яго маці, якая жыве ў Віцебскай вобласці. Уручылі ёй памятны медаль, прысвечаны падзеям у Бадаберы, падарылі вымпел нашай гарадской арганізацыі, буклет з апісаннем подзвігу яе сына. Як тое было, сёння казаць складана. Або нашы салдаты ўзарвалі склад, або ў яго трапіў снарад — адзінага погляду пакуль няма. Тым больш сярод палонных былі не толькі савецкія салдаты, а і афганскія ваеннаслужачыя.

— Вы калісьці казалі пра тое, што ў кожнай школе, дзе вучыліся воіны-інтэрнацыяналісты, якія загінулі ў Афганістане, у іх памяць павінна з'явіцца хаця б мемарыяльная дошка...

— Да 25-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана ў многіх школах былі створаны музейныя экспазіцыі. Дзесьці яны былі і раней, але з развалам Савецкага Саюза шмат што было страчана. Як казалі тады, гэта не модна, не актуальна... Але ж чалавек жыве, пакуль пра яго памятаюць. Невыпадкова мы вырашылі, у першую чаргу ў школах, дзе вучыліся нашы палеглыя баявыя сябры, стварыць куткі памяці, устанавіць мемарыяльныя дошкі, а дзе была магчымасць, нават адкрыць музеі. У дзясятках школ функцыянуюць куткі памяці, а ў васьмі з'явіліся музеі. У лютым 2014 года, напрыклад, ва ўрачыстай абстаноўцы адкрылі музей гонару і доблесці воінаў-інтэрнацыяналістаў у сярэдняй школе № 2 горада Мінска. Цяпер гэта ўжо гімназія. З зацікаўленымі школамі мы дзелімся экспанатамі, дапамагаем шукаць грошы на стварэнне падобных экспазіцый, рэгулярна выступаем перад школьнікамі.

— Ведаю, што ў перспектыве плануеце стварыць і тэматычны турыстычны маршрут...

— Помнік воінам-інтэрнацыяналістам на Востраве мужнасці і смутку ўвасабляе памяць аб палеглых ва ўсе часы і войны. Ваявалі ж не толькі ў Афганістане, а і яшчэ ў 15 дзяржавах. І кожная маці з надзеяй чакала вяртання свайго сына... Помнік нават стаў брэндам Беларусі. Яго наведваюць і маладыя, ветэраны, замежныя дэлегацыі. Помнік жыве. І мы хочам зрабіць гэты куточак Мінска самым пазнавальным і прыгожым. Летась гэтая частка набярэжнай Свіслачы атрымала назву набярэжнай Воінаў-інтэрнацыяналістаў. Напярэдадні 27-й гадавіны вываду савецкіх войскаў з Афганістана мы адкрылі там памятны камень. Гэты куточак будзе цэнтрам патрыятычнага выхавання, канкрэтным турыстычным маршрутам. Ён мог бы пачацца ў гістарычным цэнтры сталіцы — у Траецкім прадмесці. Побач знаходзіцца Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча, і гэта таксама гісторыя. Далей набярэжная цягнецца да моста праз раку Свіслач і заканчваецца ў раёне вуліцы Мельнікайтэ, дзе таксама стаіць памятны знак воінам-інтэрнацыяналістам. Затым маршрут памяці мог бы перайсці ў парк Перамогі, потым — да стэлы «Мінск — горад-герой». Завяршыўся б ён у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

— З кожным годам ветэранаў Вялікай Айчыннай па аб'ектыўных прычынах становіцца ўсё менш. Відавочна, што на змену ім прыйдзеце вы, удзельнікі вайны ў Афганістане...

— Пасля ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны мы засталіся адзінымі непасрэднымі ўдзельнікамі вайны і сведкамі таго, якія беды прыносяць яе наступствы. І хацелася б, каб адносіны да тых, хто выконваў свой воінскі і інтэрнацыянальны доўг на тэрыторыі іншых дзяржаў, былі б не горшымі, чым да нашых бацькоў і дзядоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Хоць і пра іх пачалі згадваць праз дзясяткі гадоў пасля таго, як вайна скончылася. У нас няма столькі часу. Сярэдні ўзрост воіна-інтэрнацыяналіста — 56—58 гадоў. Многія з нас не дажывуць да такой даты, як 50 гадоў вываду савецкіх войск з Афганістана... Таму нам вельмі важна, каб, напрыклад, такія праблемы, як забеспячэнне жыллём і працай воінаў-інтэрнацыяналістаў, аказанне дапамогі маці і ўдовам загінулых, інвалідам, вырашаліся яшчэ пры нашым жыцці.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Вайна пад грыфам «сакрэтна»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».