Вы тут

Як працуюць фермеры ў Валожынскім раёне?


Кажуць, што жыццё прайшло недарэмна, калі чалавек пасадзіў хоць адно дрэва. Віктар Ашуркевіч і Браніслаў Адамовіч у маладым узросце паспелі вырасціць цэлы сад на 60 гектарах. Хлопчыкі сябравалі з дзяцінства, жылі побач, вучыліся ў адной школе. Сялянскія дзеці дапамагалі бацькам па гаспадарцы, любілі даглядаць сад. Пасля школы кожны з іх пайшоў сваёй дарогай. Віктар закончыў тэхналагічны інстытут, працаваў у дарожна-будаўнічай арганізацыі. Браніслаў адслужыў у арміі, стаў ратаўніком. Але сваю мару аб вялікім садзе сябры не пакінулі. Аднойчы сустрэліся і вырашылі пераўтварыць яе ў рэальнасць. Так і з'явілася ў Валожынскім раёне фермерская гаспадарка «Дзівосны сад».


Віктар Ашуркевіч (злева) і Браніслаў Адамовіч у дзівосным садзе.

— «Дзівосны сад» заснаваны ў 2005 годзе. Для садаводства гэта невялікі тэрмін: каб дрэўца пачало прыносіць аддачу, яго трэба не менш як тры гады карпатліва даглядаць, стаяць, як над малым дзіцем. Спачатку мы ўзялі 17 гектараў зямлі, затым, па меры сіл і магчымасцяў, паступова пашыраліся. Да зямлі трэба ставіцца па-чалавечы, браць столькі, колькі можаш апрацаваць. Таму ішлі такімі крокамі, каб было камфортна і нам, і нашай карміцельцы, — распавёў Браніслаў Эдуардавіч. — Найперш стаўку рабілі на яблыкі і грушы, а затым паглядзелі, што людзі цікавяцца і іншай вітаміннай прадукцыяй. Таму вырашылі: у нашым садзе будзе ўсё, што толькі можа тут расці: буякі, маліна, агрэст, трускалкі. Нават ёсць грэцкія арэхі, персікі, абрыкосы.

Браніслаў Адамовіч лічыць, што фермеру ўвесь час трэба падладжвацца пад патрэбы людзей. Напрыклад, гэты год паказаў, што неабходна павялічыць пасадкі вішань, дурніц, паколькі не змаглі цалкам забяспечыць попыт асноўных пакупнікоў: мясцовых жыхароў і мінчан. Плануюць гаспадары пасадзіць і больш ягадніку. Спажыўцы самі прыязджаюць у сад, самі збіраюць ягады, якія ім падабаюцца па памеры, колеры, спеласці. Усё грунтуецца на ўзаемным даверы. Ніхто не сочыць, колькі вітаміннай прадукцыі трапіла ў рот, а колькі ў кошык. Многія пакупнікі нязгодны з тым, калі пры ўзважванні ім адкідваюць вагу ёмістасці, маўляў, мы з'елі больш, чым назбіралі ў вядро. А ёсць, наадварот, і такія, хто патрабуе, каб улічылі вагу хвосцікаў ад клубніц.

Фермеры доўга не адважваліся дазволіць збор ягад самім спажыўцам. Не сакрэт, што ў нас яшчэ шмат ахвотнікаў пажывіцца за чужы кошт. Але ўсё атрымалася як найлепш. Задаволены людзі, якія могуць выбраць тую прадукцыю, якая ім патрэбна, а не тую, што прапануюць або навязваюць. Задаволены і гаспадары: не баліць галава, як сабраць ураджай.

— На пастаяннай аснове ў гаспадарцы працуюць 14 чалавек, яшчэ 6 набіраем у сезон. Што тычыцца тэхнікі, то раней набыць яе было цяжка. Цяпер у Беларусі развіваецца садаводства, з'явіліся фірмы, якія пастаўляюць і айчынную, і замежную тэхніку, — кажа Браніслаў Адамовіч. — Прыбытак укладваем у развіццё. Калі ёсць запас трываласці, то заўсёды можна разлічваць на свае сілы.

— Няўжо няма ніякіх праблем? — цікаўлюся ў свайго суразмоўцы.

— Праблема адна. Хочацца, каб у Беларусі стварылі адзіную дзяржаўную праграму, дзе прагноз надвор'я будзе супадаць з рэаліямі хаця б на 80%. Заходжу з раніцы на розныя сайты: на адным дождж, на другім сонца. Каму верыць, як спланаваць работу на дзень? Пачынаць апрацоўку саду або не? Суцэльны галаўны боль. Для садаводаў і ў цэлым для аграрыяў на сённяшні дзень гэта самае актуальнае пытанне. А наогул, айчыннае садаводства набірае абароты і неўзабаве, думаю, мы будзем выглядаць не горш за Польшчу і Галандыю.

— На нашай беларускай зямлі можна ўкараняць лепшае з еўрапейскага вопыту, але пры гэтым важна не сапсаваць глебу хімічнымі ўгнаеннямі. Не цікавыя нам і генетычна мадыфікаваныя прадукты. Мы робім ухіл на натуральную прадукцыю. У Беларусі дастаткова грунту, каб вырасціць тое, што не шкодзіць здароўю людзей, — лічыць Віктар Ашуркевіч.

У «Дзівоснага саду» няма пакуль патрэбы ў дадатковых плошчах. «Навошта браць лішняе? Зямля павінна выкарыстоўвацца па-гаспадарску. У нас планы давесці гэтую тэрыторыю да ідэальнага стану, каб выхад прадукцыі з кожнага квадратнага метра, гектара быў максімальным», — тлумачыць Віктар Антонавіч.

А вось кіраўніку фермерскай гаспадаркі Іосіфу Нехвядовічу патрэбна дадатковая зямля. Іосіф Іванавіч пачынаў у 1993 годзе з 10 гектараў. Цяпер у яго больш як 1 тыс. гектараў зямлі. За гэты час 8 разоў пашыраў свае ўладанні за кошт фермераў, якія бралі зямлю, але затым ад яе адмаўляліся. Ён займаецца бульбай, буракамі, морквай, капустай, цыбуляй, а таксама рапсам, збожжавымі, сёлета ўпершыню пасеяў грэчку.

— Прапашныя культуры займаюць штогод каля 360—380 гектараў. Астатнія землі непрыдатныя для іх вырошчвання. У мяне ёсць германская тэхніка для пасадкі бульбы на камяністых глебах, але гэта цягне за сабой вялікія затраты. Па такой тэхналогіі саджаю дзесьці 50—60 гектараў караняплодаў. Для наладжвання нармальнага севазвароту мне неабходна яшчэ 500 гектараў зямлі. Але ў райвыканкаме, Камітэце сельскай гаспадаркі і харчавання Мінаблвыканкама адказваюць, што свабоднай зямлі няма.

— На сённяшні дзень у раёне ёсць 850 гектараў свабодных зямель, якія мы вызначылі для прадастаўлення фермерскім гаспадаркам: як тым, што нядаўна створаны, так і тым, якія жадаюць пашырацца, — каментуе сітуацыю начальнік землеўпарадкавальнай службы Валожынскага раёна Дзмітрый ПРОТАС. — Але ўчасткі размешчаны ў розных сельгаспрадпрыемствах, і яны невялікія па памерах. Што тычыцца Іосіфа Іванавіча, то яму патрабуецца для севазвароту значная плошча. Мы прапанавалі яму палі за 10 кіламетраў ад яго асноўных зямель — фермера такі варыянт не задавальняе. Землі, якія ўшчыльную прылягаюць да яго гаспадаркі, выкарыстоўваюцца сельгасарганізацыямі.

У тэму

Аляксандр ШЫФРЫН, першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валожынскага райвыканкама:

— На Валожыншчыне працуюць 43 сялянскія фермерскія гаспадаркі, у тым ліку тры з іх займаюцца жывёлагадоўляй. Напрыклад, у адной разводзяць авечак. Усе яны паказваюць нядрэнныя вынікі. У прыватнасці, летась па раёне атрымалі бульбы да 200 цэнтнераў з гектара, а ў фермераў яна была каля 400 ц/га.

У нас ёсць фонд размеркавання, які налічвае 800 гектараў свабоднай зямлі. Усім, хто хоча займацца фермерствам, яе выдзяляем. Для гадоўлі жывёлы сяляне выкупляюць або бяруць у арэнду старыя памяшканні, што не выкарыстоўваюцца. Ім таксама выдаюцца льготныя крэдыты, паліва на пасяўную. Штогод да нас наконт адкрыцця фермерскіх гаспадарак звяртаецца да 5 чалавек.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Надвор'е для фермера

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?