Вы тут

У Мінску і рэгіёнах пройдуць адкрытыя спартыўныя майстар-класы


Навучыцца правільнай тэхніцы бегу і атрымаць базавыя навыкі ў папулярных фітнес-напрамках, паспрабаваць свае сілы ў кітайскай гімнастыцы і знайсці новых сяброў на занятках па танцах. Усё гэта магчыма (і, адзначым, зусім бясплатна) рэалізаваць падчас чарговага этапу маштабнага спартыўнана праекта #МаяТрэніроўкаСёння, які ініцыяваў сёлета аператар мабільнай сувязі «МТС» у мэтах папулярызацыі спорту і здаровага ладу жыцця.


Адзін з ліпеньскіх майстар-класаў у Гродне

Праект, што стартаваў у чэрвені, ужо сабраў некалькі тысяч актыўных беларусаў з усіх рэгіёнаў краіны. У межах спартыўнай ініцыятывы пад кіраўніцтвам прафесійных трэнераў адбылося больш як 35 адкрытых масавых трэніровак па розных відах спорту ў Мінску, Брэсце, Гродне, Віцебску, Мазыры і Магілёве. Цяпер жа ў гульню ўступаюць трэнеры-валанцёры, якія абяцаюць зрабіць сумесныя спартыўныя заняткі ў кожным горадзе яшчэ больш насычанымі і разнастайнымі. Далучыцца да іх можа кожны ахвотны — пачынаючы з гэтай суботы, 30 ліпеня, і да канца лета.

Напрыклад, сёння ў Мінску ў парку імя Чалюскінцаў адбудуцца два майстар-класы ініцыятывы #МаяТрэніроўкаСёння: спачатку кіраўнік грамадскага маладзёжнага аб'яднання «Федэрацыя лятаючых дыскаў» Аляксандра Быкоўская навучыць усіх, хто захоча, гуляць у камандны від фрысбі — алтымат; пазней майстар спорту міжнароднага класа па бегу Валерый Канарскі і прафесійны бягун на доўгія дыстанцыі Аляксандр Кругленя падзеляцца сакрэтамі гэтай лёгкаатлетычнай дысцыпліны. У Брэсце заняткі ў парку культуры і адпачынку імя 1 Мая прымеркаваны да Дня горада. Тут сертыфікаваны трэнер Святлана Кірык дасць урок па зумбе — фітнес-напрамку, дзе спалучаюцца танцавальныя элементы сальсы, фламенка, румбы і ча-ча-ча. Акрамя таго, брастаўчан запрашаюць выканаць некаторыя практыкаванні ёгі разам з «віртуальным інструктарам» і атрымаць на памяць уласныя здымкі, зробленыя падчас трэніроўкі. У Віцебску ў паркавай зоне на набярэжнай Віцьбы адбудзецца танцавальны майстар-клас: інструктар Вольга Тумко раскажа і пакажа, што такое рэгетон. Жыхарам Гродна таксама прапануюць патанцаваць — дакладней, зазірнуць у парк Пышкі і пры жаданні засвоіць стыль Dance&Fіt з дапамогай трэнера Наталлі Міхайлавай. А вось аматараў актыўнага ладу жыцця з Магілёва вопытны настаўнік Андрэй Фёдараў пазнаёміць бліжэй з кітайскімі гімнастычнымі дысцыплінамі ушу і цыгун. Тут трэніроўка пройдзе у паркавай зоне на набярэжнай ракі Дубровенка. Суботні майстар-клас у Мазыры харэограф Юлія Балоціна падрыхтавала найперш для жанчын. Тым, каго заўжды вабіў танец жывата, але з нейкіх прычын не знаходзілася часу і жадання ім заняцца, варта зазірнуць у гарадскі парк культуры і адпачынку імя Перамогі, каб пераканацца, што сумесная трэніроўка — гэта весела, цікава і ніколечкі не сорамна.

Паглядзець фотарэпартажы з майстар-класаў, якія ўжо адбыліся, а таксама даведацца пра расклад наступных можна на сайце sport.mts.by.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Фітнес на вольным паветры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».