Вы тут

10 прычын, якія не павінны ўтрымліваць жанчыну ў нешчаслівым шлюбе


На жаль, не заўсёды людзей аб'ядноўвае каханне. Не менш моцныя пачуцці, якія збліжаюць, — страх, карыслівасць, няўменне жыць у адзіночку, залежнасць ад бытавога камфорту. Але шчаслівай сям'і на такіх пачуццях не пабудуеш. Адчуваеце, што гэта пра вас? Набярыцеся смеласці пачаць жыццё нанова: хутчэй за ўсё, вы і самі ўжо зразумелі, што рана ці позна давядзецца гэта зрабіць, але яшчэ чакаеце цуду!


1. Усё не так ужо і дрэнна

У адносінах шмат што неадназначна — інакш рашэнне аб сыходзе было б вельмі проста прыняць. Але што пераважвае — станоўчае ці адмоўнае? Калі вы фармулюеце сітуацыю менавіта як «Не так ужо і дрэнна», хутчэй за ўсё, справы ідуць кепска, проста яшчэ «не настолькі». Многія людзі, асабліва жанчыны, вельмі цярплівыя, таму «настолькі» надыходзіць ужо ў крайнім выпадку — напрыклад, калі справа даходзіць да хатняга гвалту. «Не так ужо і дрэнна» азначае, што вы яшчэ ўкладваеце жыццёвыя сілы ў цярпенне.

2. Уся справа ў грошах

Грошы, бадай, ключавая з прычын, якія ўтрымліваюць людзей разам літаральна сілай: тых, хто зусім не блізкія адно аднаму, тых, хто даўно разлюбілі, хто расчараваўся ў адносінах і наогул у самой ідэі сям'і. Ці сапраўды людзі пры гэтым атрымліваюць больш, чым страчваюць? Сужыццё з нялюбым чалавекам дзеля грошай — гэта пастаянны стрэс, які адбірае душэўныя сілы нават у самага беспрынцыпнага цыніка. Вядома, каб адмежавацца ад фінансавай падтрымкі і знайсці шляхі забяспечваць сябе самастойна, давядзецца і папрацаваць, і пацярпець нястачы — а гэта таксама стрэс. Але ён не будзе бясконцым: рана ці позна вы знойдзеце спосаб забяспечыць сабе тое жыццё, якое хочаце. А нервовае і маральнае знясіленне ад жыцця з нялюбым (а яшчэ горш — абрыдлым) не скончыцца ніколі: яно будзе толькі ўзмацняцца і ўрэшце прывядзе да нянавісці.

3. Хоць вы і не шчаслівыя, але вам камфортна

«На свеце шчасця няма...» — жанчыны здольныя паўтараць гэта самі сабе гадамі, але, на жаль, у гэтым радку гаворка ідзе зусім не пра адносіны. Сэнс і мэта адносін зусім не ў тым, каб сумесна выжываць у жорсткім свеце і спраўляцца з бытавой руцінай. Зразумела, гэта нядрэнна, але толькі калі вы шчаслівыя. Калі вы не адчуваеце ні намёку на шчасце і вас утрымлівае толькі бытавы камфорт — не старайцеся захаваць усё як ёсць. Жыццё кароткае, і час не вярнуць назад: праз шмат гадоў вы выявіце тое ж самае — вам жывецца камфортна, але вы нешчаслівыя. Вось толькі з гадамі такое ўсведамленне становіцца ўсё больш і больш горкім.

4. Разам дзеля дзяцей

Безумоўна, «дзіцяці патрэбен бацька». Але сучаснасць бярэ сваё: сёння развод — не жахлівая рэдкасць, а разнавіднасць нормы. І многія дзеці, якія выраслі ў няпоўных сем'ях, так расказваюць пра сваё сталенне: «Так, мне не хапала бацькі (або маці), і ўсё ж у мяне было шчаслівае дзяцінства: я быў акружаны клопатам і любоўю аднаго з бацькоў, і гэта было значна лепш, чым назіраць сваю поўную сям'ю да разводу — вечныя скандалы, крыкі, слёзы». Падумайце, што больш патрэбна вашаму дзіцяці: галачка насупраць пункта «поўная сям'я» ва ўяўнай анкеце дасягненняў ці ўсё ж спакойнае дзяцінства без пастаяннага стрэсу?

5. Мяне ніхто ніколі не пакахае

Нізкая самаацэнка — адна з самых папулярных прычын, якія ўтрымліваюць разам пары, якім даўно варта расстацца. Калі вашы адносіны доўжацца ўжо шмат гадоў, вам можа здавацца, што вы, як ніколі, далёкія ад свету знаёмстваў, флірту і какецтва — асабліва на фоне праблем і канфліктаў у адносінах. І сапраўды, знаёміцца з новымі людзьмі будзе спачатку крыху дзіўна. Але не больш за тое. Вы самі здзівіцеся, як хутка вам зноў стане цікава з людзьмі, вернецца адчуванне ўласнай прывабнасці.

6. Вы баіцеся жыць самастойна

Яшчэ адна вельмі распаўсюджаная прычына, якой людзі часта тлумачаць сваё знаходжанне ў нешчаслівым шлюбе, — боязь адзіноты. Замест таго, каб заахвочваць свой страх і факусавацца на адмоўных баках адзіноты, падумайце лепш пра тое, якую палёгку вы адчуеце, і пра ўсе тыя рэчы, якія можа сабе дазволіць чалавек, калі ён адзін! Толькі ўявіце: нарэшце вы будзеце жыць з чалавекам, які заўсёды і ва ўсім згаджаецца з вамі — з самой сабой!

7. Вы баіцеся рэакцыі партнёра

Заставацца ў адносінах толькі таму, што ваш партнёр можа раззлавацца і прычыніць вам (ці самому сабе) шкоду — само па сабе ўжо зразумелы сігнал, што вы ў пастцы і трэба з яе неяк выбірацца. Чым даўжэйшымі будуць гэтыя адносіны, тым горш яны закончацца для вас. Баіцеся за сябе? Сыходзьце раптам, без папярэджання, і не сустракайцеся пасля з пакінутым партнёрам сам-насам. Баіцеся, што гэты чалавек нанясе шкоду сам сабе? Папярэдзьце членаў яго сям'і перад сваім адыходам.

8. Вы не хочаце параніць былога каханага

Здараецца, што мы шчыра клапоцімся аб кімсьці і зычым яму толькі дабра, але ўсё ж не хочам працягваць з ім адносіны. Гэта складаная сітуацыя, і сыходзіць у такіх абставінах вельмі цяжка. Але варта падумаць і пра асабістае шчасце: хто паклапоціцца аб ім, акрамя вас?

9. Ваш саюз ухваляюць усе навакольныя, і вы не адважваецеся пярэчыць

Складана бывае пайсці насуперак грамадскай думкі: усе кажуць, што ён добры, значыць, можа, я памыляюся? Вашы родныя і вашы сябры могуць мець рацыю, але вы зусім не абавязаны з гэтым цудоўным чалавекам жыць! Староннія людзі бачаць толькі вонкавы бок характару, і яны проста не могуць аб'ектыўна ацаніць тых прычын, па якіх ваш саюз прыйшоў да непазбежнасці разрыву. Таму не варта кіравацца іх думкамі. Жыццё ж ваша, і каму, як ні вам, ведаць, чаму ўсё складаецца менавіта так і што з гэтым рабіць.

10. «Ён зменіцца»

Такая ўстаноўка прымушае нас дзесяцігоддзямі чакаць цуду — і адчуваць спусташэнне, бо цуд раз за разам не адбываецца. У чым жа справа? Яму ж варта толькі зразумець, якая вы няшчасная праз яго паводзіны, і ён адразу стане іншым чалавекам, каб вас ашчаслівіць! На жаль, гэта не дзейнічае. Насамрэч ваш партнёр усё цудоўна бачыць і разумее. Ён проста не можа змяніцца: ён такі, які ёсць, такім і застанецца. Калі разумееце, што ніколі з гэтым не змірыцеся — значыць, у такіх адносінах вы толькі марнуеце свой час.

Вера ФЕМІНА

Загаловак у газеце: Увага, вы ў пастцы!

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.