Вы тут

Як скасаваць шлюб без прысутнасці другой паловы


На пытанні адказвае начальнік упраўлення натарыята і загсаў Міністэрства юстыцыі Беларусі Жанна ЗАХАРАВА:


У які загс я магу падаць заяву, каб скасаваць шлюб?

Алена Г., г. Пінск.

— Заява падаецца ў аддзел загса па месцы рэгістрацыі па месцы жыхарства мужа і жонкі (ці аднаго з іх) на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, якое вызначаецца адзнакай аб рэгістрацыі па месцы жыхарства ў дакуменце (пасведчанні асобы). Адрасаваць заяву можна таксама ў аддзел загса па месцы рэгістрацыі па месцы знаходжання мужа і жонкі (або аднаго з іх) на тэрыторыі Беларусі, якое ўстаноўлена ў пасведчанні (даведцы) аб рэгістрацыі па месцы знаходжання. Скасаванне шлюбу праводзіцца на падставе сумеснай пісьмовай заявы абодвух аб рэгістрацыі скасавання шлюбу.

Мая жонка ў водпуску за мяжой, а праз тры дні ў нас рэгістрацыя скасавання шлюбу. Ці магу я прыйсці ў загс адзін?

Павел В., г. Мінск.

— Рэгістрацыя скасавання шлюбу здзяйсняецца ў прысутнасці абодвух (мужа і жонкі) па сканчэнні месяца з дня падачы сумеснай заявы. Калі хтосьці адзін не можа прыйсці, шлюб можна скасаваць без яго толькі пры наяўнасці пісьмовай заявы адсутнага. Пры гэтым сапраўднасць подпісу на заяве трэба засведчыць у натарыуса ці службовай асобы, якая ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі мае права здзяйсняць натарыяльныя дзеянні. За мяжой засведчыць подпіс могуць службовыя асобы дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Беларусі.

Пасля разводу (у 2012 годзе) я пакінула сабе прозвішча мужа. Зараз хачу вярнуць тое, што было ў мяне да рэгістрацыі шлюбу. Куды мне звярнуцца?

Галіна Пятроўна, г. Смалявічы.

— Каб вярнуць пасля разводу сваё дашлюбнае прозвішча, вы мусіце звярнуцца па рэгістрацыю змены прозвішча ў сувязі з жаданнем вярнуць дашлюбнае прозвішча, паколькі пра гэта не было заяўлена пры скасаванні шлюбу. Заява аб рэгістрацыі змены прозвішча, уласнага імя або імя па бацьку падаецца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, якім споўнілася 16 гадоў, у органы загса па месцы жыхарства.

Згодна з артыкулам 43 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і, муж ці жонка, якія пасля заключэння шлюбу змянілі сваё прозвішча на іншае, могуць карыстацца ім і пасля скасавання шлюбу. Пры жаданні змяніць прозвішча суд пры вынясенні рашэння аб скасаванні шлюбу або загс пры рэгістрацыі скасавання шлюбу прысвойвае асобе дашлюбнае прозвішча.

Мы развяліся з мужам у загсе два гады таму, і я пакінула сабе яго прозвішча. Як мне зараз пацвердзіць сваё дашлюбнае прозвішча?

А. Міранюк, г. Мінск.

— Заканадаўства прадугледжвае магчымасць атрымання даведкі, якая ўтрымлівае звесткі з запісу акта аб заключэнні шлюбу (пастанаўленне Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 16 жніўня 2006 г. №43). Змест гэтага дакумента будзе сведчыць, што вы мянялі сваё прозвішча. Па даведку можна звярнуцца ў аддзел загса па месцы рэгістрацыі заключэння шлюбу або ў загс па месцы жыхарства. Пры выбары апошняга варыянта даведка будзе выпатрабавана ўстановай з аддзела загса па месцы захоўвання адпаведнага запісу акта. Пры гэтым трэба памятаць, што, згодна з заканадаўствам, немагчыма атрымаць паўторнае пасведчанне аб заключэнні шлюбу, які быў спынены або прызнаны несапраўдным.

Пасля разводу з мужам у мінулым годзе ў загсе згубіла пры пераездзе сваё пасведчанне аб скасаванні шлюбу. Як і дзе можна аднавіць гэты дакумент?

Ларыса Сяргееўна, г.п. Вялікая Бераставіца.

— Пры страце пасведчання аб рэгістрацыі акту грамадзянскага стану заканадаўствам прадугледжана магчымасць атрымаць яго паўторна. Выдача паўторных пасведчанняў рэгламентуецца артыкулам 202 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і.

Каб атрымаць паўторнае пасведчанне аб скасаванні шлюбу, трэба звярнуцца з пісьмовай заявай у аддзел загса па месцы рэгістрацыі скасавання шлюбу або ў архіў органаў загса па месцы захоўвання запісу акта аб скасаванні шлюбу. Таксама можна адрасаваць заяву ў загс па месцы свайго жыхарства — орган выпатрабуе з аддзела загса па месцы рэгістрацыі скасавання шлюбу пасведчанне, якое будзе ўручана заяўніку (вам). За выдачу паўторнага пасведчання прадугледжана дзяржаўная пошліна.

Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdarok@zvіazda.by. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста мы будзем шукаць на іх адказы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».