Вы тут

Якія ягады на рынку самыя дарагія і самыя танныя?


Лета ў самым разгары. У такую спёку хочацца харчавацца толькі ягадамі і садавінай. Наколькі жывыя вітаміны аблегчаць кашалёк?


onliner.by

Нектарыны, персікі ды абрыкосы — гэта, бадай, «героі» сезона. Якія хочаш: і па памерах, і па колеры, і па «кандыцыі». Вядома ж, яны адрозніваюцца і па цане. Напрыклад, персікі з Македоніі аддаюць па 3 рублі 80 капеек, грэчаскія — за 4 рублі, а кілаграм крымскіх каштуе ажно 4 рублі і 50 капеек. Нектарыны з Іспаніі і Грузіі больш «дружныя», ідуць прыкладна ў адной цанавой планцы, якая не перавышае 4 рублі. Сярэдні кошт абрыкосаў складае 3 рублі 50 капеек.

Што цікава, куды даражэйшым выходзяць апельсіны: іх прапануюць па 4 рублі 50 капеек. Але хто шукае, той знойдзе неблагія плады па цане 1 рубель 80 капеек. Добра, што мы не бяром лімоны кілаграмамі: «кісляціна» ідзе ад 5 да 6 рублёў (дарэчы, для прахаладжальных напояў лімоны — сапраўдная знаходка). Але вернемся да ягад. На самую вялікую салодкую ягаду — кавун — устанавілася адна цана: рубель за кілаграм. За дыні давядзецца раскашэліцца. Паўсюль на прылаўках пазнакі «2 рублі» альбо «2 рублі 50 капеек» (за кілаграм, вядома ж).

Буякі — самая дарагая ягада на прылаўку. Ягады з лесу каштуюць 7 рублёў, з саду — 10-12 рублёў. Беларускія вішні каштуюць 4 рублі 50 капеек, а ўзбекскія чарэшні на рубель даражэйшыя. Паўлітровы слоік агрэсту каштуе 2 рублі 50 капеек. Лясныя чарніцы амаль утрымалі кошт з мінулага месяца — 3 рублі 20 капеек. Парэчкі ідуць па той жа цане. Кілаграм лясных малін стане вашым усяго за 9 рублёў. Слівы можна адшукаць за рубель і 30 капеек, хоць сярэдні кошт большы на 20 капеек.

Стаяць чэргі і па яблыкі — кіло польскіх грушавых каштуе 2 рублі 50 капеек. Чакаюць свайго пакупніка ківі — бяруць іх не вельмі ахвотна (кілаграм за 6 рублёў 50 капеек — цана аднаго плода авакада). Дадаўшы да гэтай сумы яшчэ два рублі, можна набыць кіло журавін альбо лісічак. Альбо паўлітра прыгожых, вялізных баравічкоў, якія так і просяцца на патэльню. У якасці альтэрнатывы заўжды ёсць вешанкі (5 рублёў за кіло) і шампіньёны (4 рублі за кіло).

Агуркі да летняй салаты знайшліся за рубель. А памідоры яшчэ давядзецца пашукаць, каб не пераплочваць. Сярэдні кошт на ўкраінскія і беларускія памідоры складае 2 рублі 30 капеек. Але ёсць і неверагодна дарагія таматы (дарэчы, беларускія): за кіло прадавец просіць не менш за 5 рублёў! Жоўтыя памідоры аддаюць па 4 рублі.

Баклажаны прадаюць па цане 1 рубель і 50 капеек. Прапануюць мясістыя балгарскія перцы па 2 рублі 50 капеек, але можна адшукаць і танней. Кіло маладой бульбы аблегчыць ваш кашалёк прыкладна на рубель. Буракі каштуюць 70 капеек, морква — рубель і 20 капеек, каляровая капуста — 2 рублі, пекінская — 2 рублі 50 капеек. Пучкі кропу, пятрушкі, зялёнай цыбулі, адзін перац чылі каштуюць 50 капеек, галоўка часнаку — 75 капеек.

Лічыльнік «Звязды»

(цана за кілаграм, калі не пазначана іншае)

Сала салёнае — 10-12 р.

Свініна (кумпяк) — 7 р. 5 кап. — 10 р.

Свініна (рэбры) — 4 р. 24 кап.

Ялавічына (кумпяк) — 14 р.

Ялавічына (печань) — 5 р.

Цяляціна (кумпяк) — 18 р.

Кураня бройлернае — 3 р. 40 кап.

Індычка (фарш) — 7 р. 80 кап.

Бастурма — 20 р. 80 кап.

Паляндвіца — 20 р.

Кіндзюк — 23-26 р.

Каўбаса курыная — 7 р.

Бекон — 12 р.

Скумбрыя х/в — 15 р.

Селядзец слабасалёны — 5 р. 80 кап.

Яйка курынае Д-В (дзясятак) — 1 р. 60 кап.

Алей сланечнікавы рафінаваны (800 гр) — 2 р. 20 кап. — 2 р. 60 кап.

Грэчка (800 г) — 2 р. 24 кап. — 2 р. 70 кап.

Рыс доўгі (700 г) — 1 р. 10 кап.

Гарох колаты (700 г) — 1 р. 10 кап.

Фасоля чырвоная (800 г) — 3 р. 20 кап.

Грэцкі арэх ачышчаны — 15 р.

Арахіс смажаны — 8 р.

Курага — 20 р. — 24 р.

Кацярына РАДЗЮК

radziuk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Абрыкосы па цане чарніц, гарбузы — па рублю за кг

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.