Вы тут

Рэгіянальны фестываль «Грай, гармонік» сабраў каля 300 выканаўцаў


Усе чатыры паласы цэнтральнай вуліцы ў Ельску занялі ў мінулыя выхадныя гарманісты, якія прыехалі ў невялічкі палескі гарадок не толькі з розных рэгіёнаў Беларусі, але і з Расіі, Украіны, Малдовы, Эстоніі.


Рэгіянальны фестываль «Грай, гармонік» праходзіў дзявяты раз і сабраў сёлета каля 300 выканаўцаў. Многія з іх ужо ведалі дарогу ў Ельск, але некаторыя прыехалі ўпершыню і вельмі здзівіліся. Ансамбль «Сярпанак» з Жытомірскай вобласці Украіны выступаў не толькі ў райцэнтры, але і ў аграгарадках раёна. Яго кіраўнік Наталля АГАПАВА проста ў захапленні ад таго, што ўбачыла ў Беларусі:

— Ой, у вас жа тут усё проста ідэальна! Такая рознакаляровасць паўсюль.

Лаўрэат «Славянскага базару» Віктар ВАЛОХА прыехаў з Клінцоў, што на Браншчыне. У глыбінку Палесся трапіў упершыню. І таксама робіць акцэнт на тое, якія добрыя ўмовы створаны для творцаў менавіта на сяле:

— Мы ў аграгарадку Старое Высокае давалі канцэрт. Нас прымалі вельмі добра. Спадабаліся вашы мясцовыя дамы культуры. Бачна, што яны задзейнічаны.

Журы, якое ацэньвала конкурсную праграму свята, узначаліў баяніст-віртуоз Ігар ШЫПКОЎ, які прыехаў ажно з Санкт-Пецярбурга. Кажа, што ў яго сэрца радуецца, калі чуе, што гармонік дагэтуль гучыць у Беларусі:

— Мы рады сустрэчы. У сэрцы шмат эмоцый, і прыемна, што гучыць гармонік. Шоу «Грай, гармонік» можна стварыць у кожным раёне краіны. І нават зрабіць яго тэлеверсію. Было б вельмі цікава.

Першыя гарманісты на вёсцы выехалі вітаць публіку на матаблоках. Пажартавалі з публікай, якая, здаецца, вельмі чакала свята апошнія два гады. Такое меркаванне і ў яльчанкі Ірыны ДУБАДЗЕЛ:

— Людзям жа трэба не толькі працаваць, але і адпачываць. Гармонік вельмі люблю слухаць. Мая ўнучка пабывала на ўсіх атракцыёнах. Танцавала пад народныя песні і радавалася не менш, чым я.

Ары­гі­наль­ную ке­ра­мі­ку пры­вёз з Ма­гі­лё­ва ган­чар Па­вел Вя­ліч­ка.

Увесь Ельск выйшаў, здавалася, на розныя пляцоўкі горада, каб падтрымаць аматараў-гарманістаў, частушачнікаў і іншых творцаў. Ну, а яны ўжо імкнуліся здзівіць публіку. Хтосьці толькі іграў, хтосьці і спяваў, а Мікалай ШВЕЦ з Эстоніі паэму Твардоўскага «Васіль Цёркін» пад гармонік выконваў:

— Я сам украінец, размаўляю па-руску, а жыву ў Эстоніі ўжо вельмі даўно. З дзяцінства асвоіў многія народныя інструменты, у тым ліку гармонік. Вельмі прыемная мне гасціннасць беларусаў. Узровень — космас. Проста вышэйшая хвала. І арганізацыя, і гарманісты — адзін лепей за другога.

Ядвіга СУБОТКА ўзначальвае Капаткевіцкі дом культуры ў Петрыкаўскім раёне. Яна, разам з кіраўніком ансамбля «Лявоніха» Анатолем Грынько, прымала ўдзел у конкурснай праграме не толькі з гармонікам:

— У нас і балалайка, і кантрабас, і турэцкі барабан, і трашчоткі. Мы прывезлі сюды свае сэрца і душу і рады вельмі стасункам з усімі.

Кіраўнік ансамбля народнай музыкі «Суседзі» з Любанскага раёна Мінскай вобласці Тамара Піскун другі раз на свяце. Кажа, усіх павінна здзівіць тое, што ў іх фальклорным калектыве шэсць мужыкоў і адна жанчына. Якая, дарэчы, іграе на вялікім барабане. З гэтага ж раёна цэнтр народнай творчасці прывёз у горад майстроў адметную калекцыю паясоў. Ірына ЯСКЕВІЧ, народны майстар Беларусі, з любоўю расказвае пра свае вырабы:

— У нашым доме культуры ёсць клуб дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Мы шукаем цікавыя ўзоры і імкнёмся іх адраджаць. Вось, глядзіце, якія вясёлыя ходнічкі. Зроблены яны з лапікаў — астаткаў непатрэбнай тканіны. А вось лялькі абярэгавыя. Гэта — «валачобніца». Яе бяруць з сабой, каб нехта не сурочыў.

— Ой у лузе пры дарозе

сідзіць дзеўка на бярозе,

хто захочыць цалаваць,

хай папробуе дастаць.

Гэта ўжо творчасць музыкаў і спевакоў з Лельчыцкага раёна. Між тым частушкі на свяце спявалі многія, у тым ліку і калектыў «Суседушкі» Усохабудскага сельскага дома культуры Добрушскага раёна. Яго кіраўнік Ала ХУЗЕЕВА гаворыць, што народную творчасць трэба пастаянна папулярызаваць:

— Гармонік зайграе — весела на душы становіцца. У нашы гурткі і на нашы канцэрты ходзяць не толькі дарослыя, але і моладзь, і дзеці.

Ура­чыс­тае шэс­це фес­ты­ва­лю «Грай, гар­мо­нік» у Ель­ску.

Яскравы прыклад таму — 21-гадовы самавучка з Жыткавіч Анатоль ІСАЕНКА. Кухар па адукацыі, ён толькі гадоў пяць як пачаў вучыцца іграць:

— Прафесійна не вучыўся, але пачаў іграць на баяне, потым асвойваў паступова гармонік, акардыён, піяніна... Гены, відаць, спрацавалі. Дзед іграў на скрыпцы, тата на гармоніку, дзядзька іграе на баяне.

На Ельскім фестывалі «Грай, гармонік» утульна сябе адчувалі не толькі музыканты, але гандляры і народныя майстры. Тут можна было набыць аўтарскія рэчы, вырабленыя ў адзінкавых экзэмплярах. Напрыклад, арыгінальную кераміку ад ганчара з Магілёва Паўла ВЯЛІЧКі:

— Часта важу на святы свае вырабы. Больш за ўсё падабаецца прывозіць кераміку на Гомельшчыну і на Брэстчыну. Тут разумеюць гэтае мастацтва і лепш купляюць.

Сваю аграсядзібу «Мядовы рай» прадстаўляе Любоў УЛАСЕНКА з Ельшчыны. Жанчына разам з мужам больш за 30 гадоў займаецца пчалярствам:

— Выйшла за пчаляра замуж і сама стала пчаляром. Сёлета наша аграсядзіба прызнана найлепшай на Гомельшчыне і я, канешне, задаволена. Цяпер мы перадаём унукам тое, што ведаем самі.

Былая даярка Ніна Гулакова спявае ўсё жыццё. У момант, калі мы з ёй пазнаёміліся, жанчына адпачывала ў шатры, створаным Нараўлянскім цэнтрам рамёстваў. Дарэчы, на вялікіх драўляных арэлях. А тым часам у парку ішла канцэртная праграма, якая сабрала людзей, здаецца, не толькі з Ельска, але і з блізкіх Мазыра і Калінкавіч. На летняй эстрадзе таленты дэманстравалі і музыкі, і танцоры, і гледачы. Яны не толькі ўважліва слухалі, але і самі пускаліся танцаваць і падпяваць.

Арганізатары ельскага фестывалю кажуць, што такая творчая сустрэча — добрая магчымасць абмеркаваць прафесійныя пытанні і абмяняцца вопытам. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ельскага райвыканкама Валерый ГЕЙХМАН гаворыць, што ёсць меркаванне пачаць падрыхтоўку да таго, каб рэгіянальны фестываль набыў статус міжнароднага:

— Штогод наш фестываль набірае абароты. І мы атрымліваем вялікае задавальненне ад гэтых сустрэч. Прыемна, што да нас многія прыехалі з замежжа. Ельск пасля праведзеных тут «Дажынак» сапраўды змяніўся і набыў іншы выгляд. Менавіта таму нашы госці здзіўляюцца, што ў глыбінцы Палесся могуць быць такія прыгожыя гарады. Мы, канешне, задаволеныя.

Музыканты кажуць, што на гармоніку можна перадаць любы настрой: прымусіць смяяцца ці плакаць. У Ельску сёлета пад папулярны народны інструмент толькі весяліліся. А яшчэ рабілі сэлфі на фоне канцэртных пляцовак, падворкаў і мастацкіх выстаў. Як 16-гадовая Вікторыя ЦІМОШЧАНКА з вёскі Дзвіжкі Ельскага раёна. Дарэчы, дзяўчына і сама займаецца ў народным калектыве «Дзвіжканскія весялушкі». Гаворыць, што добрага настрою павінна хапіць на бліжэйшыя два гады — калі адбудзецца наступны фестываль у Ельску. Можа, і сапраўды, ён з рэгіянальнага стане міжнародным?

У конкурснай праграме ў розных намінацыях Гран-пры атрымалі ансамбль гарманістаў з Нароўлі, народны ансамбль «Сярпанак» з Украіны і саліст-гарманіст Андрэй Фядзяй з Гомеля.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Па галоўнай вуліцы з гармонікам

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.