Вы тут

Вайскоўцы дапамагаюць сельгаспрадпрыемствам збіраць ураджай


Жніво ў самым разгары. Зранку да вечара ў палях гудуць камбайны, снуюць туды-сюды вялікагрузныя машыны, быццам тыя мурашкі, корпаюцца на палетках людзі. Каб унесці свой уклад у агульны каравай, на некаторы час хлебаробамі сталі і вайскоўцы.


Ужо каторы год падчас жніва Узброеныя Сілы дапамагаюць сельскагаспадарчым арганізацыям ва ўборцы. Сёлета, напрыклад, на палетках краіны задзейнічана каля ста адзінак ваеннай тэхнікі. Зводныя аўтамабільныя ўзводы працуюць на сельгасугоддзях Мінскай, Магілёўскай, Гомельскай і Віцебскай абласцей.

У пасёлак Бальшавік, дзе знаходзіцца 1-я Мінская птушкафабрыка, мы прыехалі раніцай. Праўда, не на самым золку. Пакуль не сыдзе ранішняя раса, камбайнеры ў поле не выязджаюць. Каб зберагчы як мага больш ураджаю, з прыродай вымушаны лічыцца.

— Надвор'е цяпер нам спрыяе, — гаворыць начальнік участка, аграном прадпрыемства Пётр СУДНІК. — Вядома, чэрвеньская спёка сказалася на ўраджайнасці: шмат яравых падгарэла. Не прынеслі вялікай карысці і ліпеньскія дажджы. На шчасце, нашы палеткі абмінула бура, якая нарабіла праблем у суседніх раёнах. Прагназуецца, што з-за ўмоў надвор'я сёлета ўраджайнасць будзе крыху меншай у параўнанні з мінулым годам.

Дапамогу ва ўборцы ўраджаю 1-й Мінскай птушкафабрыцы аказваюць 7 вялікагрузных аўтамабіляў, прадастаўленых Міністэрствам абароны. Разам са сваёй тэхнікай з воінскіх часцей прыбылі вайскоўцы і асобы грамадзянскага персаналу. Так званы зводны аўтамабільны ўзвод складаецца з прадстаўнікоў розных падраздзяленняў беларускага войска. Кіраваць ваеннай тэхнікай даверылі не толькі ваеннаслужачым кантрактнай службы і цывільным асобам, якія прадстаўляюць тую ці іншую воінскую часць, а і салдатам тэрміновай службы.

На­мес­нік ка­ман­дзі­ра аў­та­ма­біль­на­га ўзво­да 227-га агуль­на­вай­ско­ва­га па­лі­го­на Аляк­сей ДЗІ­КО­ВІЧ га­на­рыц­ца, што спры­чы­ніў­ся да та­кой важ­най спра­вы, як убор­ка ўра­джаю.

— Вайскоўцы — увогуле дысцыплінаваныя людзі, — перакананы намеснік генеральнага дырэктара 1-й Мінскай птушкафабрыкі Аляксандр ЛІТВІНСКІ. — Сёлета да нас прыехалі прыстойныя хлопцы, прафесіяналы. Над імі не трэба стаяць наглядчыкамі. Яны ведаюць сваю тэхніку, самі яе абслугоўваюць. Нягледзячы на тое, што ў нашай гаспадарцы дастаткова тэхнікі і хапае людзей, прафесіяналаў сваёй справы, мы ўдзячныя Міністэрству абароны за дапамогу. Выдзеленыя аўтамабілі будзем выкарыстоўваць пад перавозку не толькі збожжа, а і саломы, кармавых культур. Наша агульная задача — захаваць тое, што ўрадзіла.

Старшына Аляксей Дзіковіч, намеснік камандзіра аўтамабільнага ўзвода 227-га агульнавайсковага палігона, удзельнічае ва ўборцы ўраджаю ўпершыню. Асабіста перавёз ужо больш як 100 тон збожжа. Пры спрыяльных умовах за дзень даводзіцца рабіць па 6—7 рэйсаў. Як расказаў вайсковец, у гаспадарцы для іх створаны належныя жыллёвыя ўмовы, наладжана трохразовае харчаванне. Абедаюць вайскоўцы, як і хлебаробы, нярэдка на полі — каб не марнаваць каштоўнага часу.

— Я на асабістым прыкладзе зразумеў, якой цаной даецца нам хлеб, — кажа Аляксей Дзіковіч. — Уборка ўраджаю — гэта вялікая праца мноства людзей. Ганаруся, што спрычыніўся да гэтай важнай справы.

Ужо не першы год Міністэрства абароны дапамагае 1-й Мінскай птушкафабрыцы, як і многім сельскагаспадарчым прадпрыемствам краіны, збіраць ураджай. І, як запэўніваюць хлебаробы са стажам, дапамога гэта вельмі сур'ёзная. Напрыклад, сельгасугоддзі 1-й Мінскай птушкафабрыкі распасціраюцца на тэрыторыі Мінскага і Лагойскага раёнаў. Усяго — 12,5 тысячы гектараў. Дзякуючы вайскоўцам, ёсць усе шанцы завяршыць уборачную кампанію ў тэрмін. Такім чынам, і ў людзей у пагонах з'явіцца свой — абсалютна заслужаны — кавалак у агульным караваі 2016 года выпуску.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Мінскі раён

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Хлебаробы ў пагонах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?