Вы тут

Старшыня Хоцімскага райвыканкама падзяліўся сакрэтамі поспеху


— У нас унікальная прырода, чыстае паветра і вельмі працавітыя людзі, — адразу характарызуе раён старшыня Хоцімскага райвыканкама Сяргей Дземідзенка. І дэманструе Дыплом I ступені, які раён атрымаў падчас ушанавання перадавікоў АПК Магілёўскай вобласці на купальскім свяце ў Александрыі. Губернатар вобласці Уладзімір Даманеўскі ўручыў узнагароду кіраўніку Хоцімскага раёна за дасягненні лепшых паказчыкаў за мінулы год у вытворчасці лёну-даўгунцу. Сёлета чакаецца, што ўраджай будзе не горшы.

— У чым сакрэт поспеху? — прашу падзяліцца старшыню райвыканкама.

— У нас працуе вельмі вопытны спецыяліст — Мікалай Курзянкоў, які 30 гадоў узначальвае Хоцімскі льнозавод. Гэта ён вывеў прадпрыемства на бясстратную работу і зарабіў дыплом. Ён добра ведае справу, жыве ёй і хварэе за яе. Гэта прафесіянал, які ўсё цераз сябе прапускае. Яго ў кабінеце не заспееш, шмат часу праводзіць з трактарыстамі ў полі. Тэхналогія, вопыт і жаданне працаваць — менавіта ў гэтым сакрэт любога поспеху. Калі б яшчэ нам дазволілі больш прадаваць ільну на экспарт, мы б змаглі на ім нядрэнна зарабіць. Сёння мы маем права прадаць за межы краіны толькі 50 тон ільну, а маглі б у 6 разоў больш. У тую ж Расію, да якой ад нас усяго некалькі кіламетраў.

— Дарэчы, Хоцімскі раён самы блізкі сусед Расіі. Як сябруеце?

— У нас з трох бакоў да Расіі прыкладна па 12 кіламетраў, рэчку, як той казаў, перайшоў, і ты ўжо там. Расія — добры сусед, мы ганарымся стасункамі з брацкім народам, злучаны з ім мноствам роднасных сувязяў. Расіяне пастаянна прыязджаюць да нас у госці, а мы да іх. Раней на наш міжрэгіянальны дзіцячы фестываль «Зоркі над Беседдзю» прыязджалі беларускія калектывы, а сёлета вырашылі запрасіць удзельнікаў з суседніх Бранскай і Смаленскай абласцей. Аматары старадаўняй абрадавай песні прыязджаюць да нас на фестываль фальклорнай песні «З крыніц жыватворных», які праводзіцца паміж Тройцай і Купаллем. Актыўна супрацоўнічаем у галіне культуры і адукацыі, праводзім сумесныя мерапрыемствы, алімпіяды. Кожны год 12 чэрвеня ўдзельнічаем у мерапрыемствах ва ўрочышчы Чагадай на Браншчыне. У 43-м годзе ў гэтым месцы былі акружаны партызанскія атрады, якія панеслі цяжкія страты.

А за некалькі соцень метраў ад Расіі, каля вёскі Горня, знаходзіцца помнік палітруку 112-га горнакавалерыйскага палка Івану Гарабцу, які геройскі загінуў у баях за апошняю пядзю беларускай зямлі. У 41-м годзе ён на чале эскадрона стрымліваў нямецкую танкавую армаду, каб даць магчымасць савецкім байцам адысці за раку Іпуць. Аўтар адзінага на ўсю Беларусь помніка вершніку вядомы сёння скульптар Галіна Гаравая. Гэта быў яе дыпломны праект. На магілу прыязджаюць дзеці і ўнукі палітрука, і кожны раз дзякуюць за тое, што пахаванне знаходзіцца пад наглядам. Толькі як можа быць інакш, калі мы не дзелім людзей на сваіх і чужых. З Расіяй сувязі толькі мацнеюць. Зараз рыхтуем пагадненне на 5 гадоў з Клятнянскім раёнам аб супрацоўніцтве ў розных відах дзейнасці, будзем абменьвацца вопытам. Па такой жа схеме мы ўжо два гады як працуем з Суражскім раёнам. Прыемна і тое, што апошнім часам з боку расіян назіраецца зацікаўленасць у больш цесным сяброўстве.

— Сёння шмат увагі ўдзяляецца ўязному турызму. Чым можа прывабіць гасцей Хоцімскі раён?

— У Ветцы на базе школы робім умовы для адпачынку. У жніўні для дзяцей з Расіі тут будзе размяшчацца палатачны лагер. Мясціны прыгожыя, на 30 кіламетраў вакол лес. Мы называем гэта месца «Хоцімскай Індыяй», бо вёска знаходзіцца далёка ад райцэнтра.

На Хоцімшчыне 9 прыгожых вялікіх азёр, вада ў іх вельмі чыстая. Нядаўна на адным з вадаёмаў злавілі 5-кілаграмовага карася. Так што запрашаем да сябе ў госці заядлых рыбакоў. Абяцаем накарміць смачнай юшкай. Наогул Хоцімшчына адзін з чыстых раёнаў Беларусі. У нас няма ні радыяцыі, ні шкодных рэчываў. Затое шмат зелені.

А яшчэ наш горад славіцца тым, што ў нас добрыя гульнявыя атракцыёны. Кола агляду, напрыклад, няма нават у Магілёве. Да нас расіяне прыязджаюць катацца. Спрыяльныя ўмовы для турыстаў ствараюць і нашы прадпрымальнікі. Фермер Шаміль Сулейманаў, які спецыялізуецца на авечкагадоўлі, адкрыў кафэ, дзе можна пакаштаваць шашлык з бараніны ў нацыянальным выкананні. Вельмі экзатычная і смачная страва, такога шашлыку нідзе больш не пакаштуеце. Яшчэ адзін прадпрымальнік Арыф Аліеў зрабіў возера, жывёлу разводзіць. Таксама заўсёды рады гасцям. Так што прыязджайце, сумна не будзе.

Запісала Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Тэхналогія, вопыт і жаданне працаваць»

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.