Вы тут

У фальварку Ракуцёўшчына прайшло свята паэзіі і песні


Шчаслівым можа быць лёс не толькі чалавека, але і цэлай краіны, горада, нават самай маленькай вёсачкі. Калі пэўная мясціна сустракаецца з вялікім талентам, геніем чалавека, то можа быць жывой і праслаўленай у вечнасці. Думаецца, менавіта такое шчасце меў і сёння мае невялічкі фальварак Ракуцёўшчына, што на Маладзечаншчыне, бо тут 105 гадоў таму прабавіў лета тады зусім малады паэт, а сёння – наш нацыянальны класік Максім Багдановіч.


Адноўлены домік арандатара, у якім Максім Багдановіч пражыў 2 месяцы ўлетку 1911 года.

Таму не выпадкова Ракуцёўшчына ўжо шмат дзесяцігоддзяў з’яўляецца цэнтрам прыцягнення для многіх творцаў. Паэтаў і музыкаў, мастакоў і народных майстроў. Тут працуе філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, які так і называеца – "Фальварак Ракуцёўшчына", тут можна наведаць домік арандатара (менавіта ў ім жыў Максім), завітаць у вялікі дом гаспадара, а таксама выпіць чысцюткай вады з Максімавай крыніцы. Тут можна і выдатна правесці час на штогадовым свяце паэзіі і песні "Ракуцёўскае лета".

Як расказала загадчыца Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Марына ЗАПАРТЫКА, сустрэчы ў Ракуцёўшчыне адбываюцца з 1983 года, гэтае свята багатае традыцыямі. Зямля, якая натхніла Багдановіча на яго найлепшыя творы, працягвае штогод збіраць таленты беларускай літаратуры і музыкі.

Дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія МАКАРЭВІЧ падкрэсліла:

- Дзіву даешся, калі ўчытаешся ў паэтычныя радкі Максіма, калі ўзгадаеш яго жыццёвы шлях. Як гэты малады чалавек, што ўпершыню ў свядомым узросце прыехаў на Беларусь, але ўжо заявіў пра сябе як беларускі паэт, так пранікнёна пісаў па-беларуску, так жыў нашай культурай і працаваў дзеля беларушчыны. Гэтыя мясціны штогод збіраюць нас разам і здаецца, менавіта гэтыя краявіды спрыяюць творчасці.

Вось і сёлета на "Ракуцёўскім леце – 2016" гучалі вершы і песні ў выкананні маладых і сталых творцаў, прафесіяналаў і аматараў творчасці. Святочны канцэрт доўжыўся больш як чатыры гадзіны, але ні ўдзельнікі, ні госці не адчувалі стомы.   

Вельмі сімвалічна, што ў Ракуцёўшчыне творцы адзначылі і 125-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча (вялікае юбілейнае свята пройдзе 9 снежня ў Мінску). Як зазначыла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама Алена САКАЛОЎСКАЯ, для Маладзечаншчыны – вельмі значна, што тут былі напісаны адны з самых лепшых твораў нашага класіка.

Пакой Багдановіча ў доміку арандатара.

Так, тыя два месяцы, што Багдановіч правёў у Ракуцёўшчыне ў 1911 годзе, былі надзвычай плённымі ў яго паэтычнай творчасці. Тут напісана 17 вершаў (у іх ліку - знакамітыя цыклы "Места", "Старая Беларусь") і дзве паэмы ("Вераніка", "У вёсцы"). Думаецца, паэта нахнялі мясцовыя краявіды, доўгачаканая сустрэча з родным краем пасля 15-гадовага расстання, а таксама гутаркі з гаспадаром фальварка Вацлавам Лычкоўскім, дзядзькам Антона і Івана Луцкевічаў, а таксама яго сваякамі, якія ў тое лета таксама тут гасцявалі, сястрой гаспадара Ядвісяй Русецкай і яго пляменніцай Эміліяй Шабуняй з 2-х гадовай дачкой Янінай. Цікава, што на свята ў Ракуцёўшчыну сёлета завітала і сваячка былых уладароў маёнтка Маргарыта ПЯРОВА – унучка Эміліі Шабуні.

- Я шмат разважаю, якімі былі мае продкі, ці добра было Максіму з імі, - падзялілася Маргарыта Сяргееўна, - Яны былі ветлівыя і радыя, што да іх завітаў малады паэт. Я вельмі ганаруся тым, што мая бабка піла гарбату з Максімам Багдановічам, што маю цётку ён насіў на руках, але, на жаль, яна нічога пра гэта не памятала.

Асобна

Стварэнне музея “Фальварак Ракуцёўшчына”, што сёння ўключае дом гаспадара, домік арандатара і гаспадарчыя пабудовы, пачалося ў 1991 годзе і пасля адкрыцця для наведвальнікаў у 1994-м канчаткова было завершана ў 2007-м. Значную ролю ў вывучэнні гісторыі гэтых мясцінаў, лёсаў іх гаспадароў адыграў гісторык, краязнаўца Генадзь Каханоўскі, вынікам гэтых пошукаў сталася кніга “А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю…”

Марына ВЕСЯЛУХА

vesialuha@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.