Вы тут

Як змагаюцца са стыхійнымі звалкамі ў Карэліцкім раёне?


Памятаю, калі я была маленькая, за некалькі метраў ад плота на полі ў нашай вёсцы была невялікая (у некалькі каўшоў экскаватара) яма-сметнік. Калі яна напаўнялася, той жа экскаватар засыпаў смецце зямлёй і непадалёк капаў новую. Зараз так не робяць, бо ралля і паша — прыродаахоўныя зоны. Таму сметнікам стала... былая сажалка. Замест вады тут цяпер «квітнеюць» горы зелля з агародаў, бутэлькі, старыя рэчы, рэшткі будаўнічых матэрыялаў і нават газавыя пліты. Тыя ж, каму хадзіць сюды далёка, вывальваюць свае адходы проста ўздоўж дарогі — пад кусты. А які «палігон» утварыўся на месцы былога свінакомплекса...


Так вы­гля­дае мі­ні-па­лі­гон ка­ля аг­ра­га­рад­ка Ярэ­мі­чы.

Несанкцыянаваныя «сумёты»

Прынамсі, пару гадоў таму ў наша Браносава, што ў Карэліцкім раёне, прыязджалі прадстаўнікі мясцовай улады. Людзі тады адмаўляліся ад паслуг ЖКГ па вывазе смецця, ды і на пакеты пад адходы траціцца не хацелі. Гучала нават прапанова, як даўней, выкапаць яму на месцы, дзе калісьці стаяла гумно мясцовага памешчыка, і насіць смецце туды. Зразумела, старыя, якім амаль усім ужо добра за 70, не пагадзіліся хадзіць ледзь не за кіламетр ад хаты... Звалку на сажалцы гэтай вясной, дарэчы, падбуртавалі і забаранілі мясцовым насіць туды смецце. На ўездзе ў вёску спілавалі старыя дрэвы, пад якія таксама насілі бытавыя адходы. Аднак альтэрнатывы стыхійным сметнікам пакуль няма. Вось і працягваюць расці несанкцыянаваныя «смеццевыя сумёты» вакол вёскі.

Разам з тым, «афіцыйных» міні-палігонаў і пляцовак для часовага складзіравання смецця ў Карэліцкім раёне занадта шмат — 46. Каб утрымліваць усе ў парадку, трэба скараціць іх колькасць напалову. Такую задачу паставілі перад сабой мясцовыя ўлады.

— Карэліцкі райвыканкам у красавіку прыняў рашэнне аб замацаванні і ліквідацыі смеццевых палігонаў у раёне. Гэта значыць, што іх плануецца аптымізаваць. ЖКГ будзе даглядаць, як і раней, палігоны ў аграгарадках, а ў 11 буйных вёсках раёна замацуем гэтую адказнасць за СВК. Яны змогуць складзіраваць там таксама і свае адходы, — расказаў Аляксандр ШКАДАЎ, старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў. — Але гэта часовая мера — з часам усе палігоны будуць абслугоўвацца сіламі ЖКГ. Астатнія 23 сметнікі давядзецца рэкультываваць, і на іх месцы пасадзіць лес. За 2016—2017 гады мы хочам ахапіць цэнтралізаваным вывазам смецця ўсе мястэчкі на 100%, незалежна ад таго, колькі людзей там жыве. Можа, гэта і амбіцыйная задача, але мы будзем імкнуцца вырашыць яе. Ёсць людзі ў вёсцы, якія ніколі не дазволяць сабе выкінуць смецце на вуліцу. З іншага боку, ёсць гараджане, што за горадам дазваляюць сабе «расслабіцца». Кінуць мех са смеццем у лесе, каля ракі, а то і праз фортку машыны шпульнуць у збожжа ці траву пры дарозе.

Людзей менш, а адходаў больш

Раней смецця было значна менш, і было яно больш экалагічнае, упэўнены мясцовыя жыхары. «Даўней у хлеў кідалі, палілі, а на звалку насілі бляшанкі ды шклянкі толькі». З гэтым згодны і Пётр НАВУМОВІЧ, старшыня Ярэміцкага сельскага Савета:

— Людзей было ў тры разы больш, а смецця значна менш. І перараблялася яно лягчэй. Тара выкарыстоўвалася па большасці папяровая — палілася. А цяпер што? Пластык — яго не спаліш. Раней смецце ўсё згнівала, а зараз з яго горы растуць.

На 111 км2 сельсавета — 15 вёсак і адзін хутар. Цэнтралізаваны вываз смецця ёсць далёка не ў кожнай. Непадалёк ад агарагарадка Ярэмічы знаходзіцца міні-палігон для адходаў. У Сіняўскай Слабадзе, Баўцічах, Новым Сяле, Пагарэлцы размешчаны пляцоўкі для часовага складзіравання цвёрдых бытавых адходаў.

— Праз пэўны час іх трэба рэкультываваць, а ў працэсе карыстання падбуртоўваць як мінімум два разы на год: перад вясеннімі пасадкамі і пасля збору ўраджаю — тады б і парадак быў, — разважае Пётр Анатолевіч. — Пры гэтым трэба рабіць да палігона дзве дарогі: на ўезд і выезд машыны. Часта там немагчыма развярнуцца, таму вадзіцель скідвае ўвесь груз туды, куды змог даехаць. А іншы пасля гэтага ўжо далей не праедзе. Вось і выходзяць цераз берагі смеццевыя рэкі.

У саміх Ярэмічах на 9 пляцоўках стаяць 23 кантэйнеры для смецця, ёсць нават ёмістасці для асобнага збору. Кантэйнерны вываз смецця наладжаны і ў Пагарэлцы, пасёлку Першамайскі, Скорычах, Малой і Вялікай Вобрыне. У больш дробных вёсках на вуліцу выстаўляюць пакеты са смеццем, якія па пятніцах забірае машына.

— Гэта вельмі зручна, бо можна пакінуць смецце бадай што адразу за веснічкамі. Аднак мы просім, каб людзі хоць крыху аб'ядноўваліся і некалькі двароў разам у адным месцы складвалі, — працягвае старшыня. — Напрыклад, за метраў 20 ад крамы ў Вялікай Вобрыне мы абазначылі месца для смецця — паставілі рашотку літарай «П». І людзі кладуць туды пакеты, і ветрам іх не раздувае. У выніку стала значна менш смецця на стыхійных звалках.

Падрыхтаваць глебу

Цэнтралізаваны вываз смецця ў раёне пачаўся гадоў 8 таму — з закупкі трох МАЗаў, сродкі на якія выдзеліла Міністэрства аховы прыроды. Аднак тэхнікі, каб вывозіць смецце з усіх мястэчак, усё роўна не хапала. Тым больш што абслугоўваць яна магла толькі кантэйнеры, якія стаяць у аграгарадках.

— Была дамоўленасць з СВК, каб вывозіць смецце ў пакетах, але тэхніка часта не даязджала, бо ламалася ці паліва не хапала, і вываз быў нерэгулярны, — успамінае Пётр Навумовіч. — Цяпер закупілі новую тэхніку: работнікі закідваюць у машыну пакеты, прэсам утрамбоўваюць іх і едуць далей. Цяпер так можна абслугоўваць увесь раён.

Па дамове з ЖКГ плануецца заключыць круглагадовыя дагаворы з усімі жыхарамі навакольных вёсак сельсавета. Акрамя Зарэчча (там жыхары толькі летам прыязджаюць і смецце вывозяць па дарозе дахаты) і Сіняўскай Слабады, бо да яе дабрацца можна толькі наўкруг, пакуль мост не пабудуюць.

— Перш чым прапаноўваць заключаць дагаворы, трэба падрыхтаваць глебу. Расказаць у прыватных размовах, як будзем рабіць і што, каб людзі прывыклі да гэтай думкі. Галоўнае, не настойваць, а пасля, упэўнены, усе пагодзяцца плаціць за вываз смецця, бо гэта нядорага — 1 рубель з чалавека за месяц, — адзначыў старшыня. — Можна нават не купляць пакеты — вынесіце смецце ў вядры. Яго забяруць, а тару пакінуць.

Праўда, не ўсе вераць, што пачынанне спраўдзіцца.

— Калі будуць прыязджаць па смецце, дык чаму б і не заплаціць? А то цяпер мы захламліваем дарогу, на пашу носім, у зараснікі кідаем. А куды дзецца? — разважаюць жыхары Браносава.

А вось так выглядае сметнік на месцы былой сажалкі.

Відэакамера на сметніку

Калі знойдуцца асабліва ўпартыя, што не пагодзяцца з прапановай, то можна да справы і санстанцыю падключыць. Нават утрыманне ўласнага падвор'я ў неналежным стане — прычына для штрафу. Не тое што стыхійныя звалкі. Аднак гэта апошняя справа, да якой не павінна дайсці, упэўнены кіраўнік.

Дарэчы, аштрафаваць за незаконны вынас смецця цяжка — трэба злавіць за руку. Інакш не дакажаш, чыё гэта «дабро». Калі знаходзяць чарговую стыхійную звалку, ва ўладаў пачынаецца работа накшталт дэтэктываў. Усе ведаюць адзін аднаго, і па месцы, дзе выкінута смецце, можна зрабіць здагадку, чыё яно.

— Ідзём да гэтых людзей, пытаемся. Яны, вядома, не прызнаюцца. Тады мы кажам, што паставім на тым месцы відэакамеру, каб даведацца, хто злодзей, — смяецца Пётр Анатолевіч. — Пасля на тую звалку ўжо смецце не панясуць, і мы яе ліквідуем. На лета наймаем двух чалавек ад цэнтра занятасці, і яны дапамагаюць упарадкаваць тэрыторыю. Абкошваюць вуліцы, дапамагаюць у дварах ветэранам і адзінокім, збіраюць па берагах ракі і ўздоўж дарог смецце. Было б добра ўздоўж дарогі на аўтобусных прыпынках таксама паставіць кантэйнеры. Маленькая сметніца не вытрымлівае, бо ў сезон па выхадных сотні людзей на Нёман прыязджаюць.

Дагаворы на вываз смецця заключаюць нават з дачнікамі. Многія наязджаюць толькі на выхадныя і вывозяць пакеты са смеццем з сабой. Аднак калі мясцовыя бачаць, што дачнік не плаціць за абслугоўванне, а смецце ў кантэйнер выносіць, пачынаецца агульнае абурэнне. І прыезджаму прасцей аформіць дагавор.

Ірына СІДАРОК

sіdаrоk@zvіаzdа.bу

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Ці ёсць альтэрнатыва сметнікам?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».