Вы тут

Гродзенскі перынатальны цэнтр: сучасная тэхніка і прафесіяналізм


За апошняе дзесяцігоддзе ў Гродзенскім перынатальным цэнтры адбыліся глабальныя змены.

Гродзенскі абласны клінічны перынатальны цэнтр быў адным з першапраходцаў ажыццяўлення дзяржаўнай праграмы маштабнай рэканструкцыі родадапаможных устаноў з перааснашчэннем сучаснай медыцынскай тэхнікай. Прычым, многае ўкаранялася ўпершыню і потым станавілася прыкладам для калег, прычым, не толькі ў Беларусі.


— Літаральна сёння нашы спецыялісты вяртаюцца з Казахстана, дзе па просьбе калег былі з тыднёвым навучальным курсам, — паведаміла карэспандэнту «Звязды» намеснік галоўнага ўрача Гродзенскага абласнога клінічнага перынатальнага цэнтра па медыцынскай частцы Людміла КЕДА.

Сучасны перынатальны цэнтр еўрапейскага ўзроўню трымаецца на чатырох кітах: дзяржаўная палітыка, аснашчэнне, кадры і ідэалогія.

Дзяржаўная дэмаграфічная палітыка

— Наш перынатальны цэнтр — гэта наглядны доказ той дзяржаўнай дэмаграфічнай палітыкі, якая праводзіцца ў Беларусі, — зазначае Людміла Кеда. — Дасягнуты вельмі добрыя вынікі ў службе аховы мацярынства і дзяцінства.

Наша краіна займае 25 месца сярод 179 краін па гарантаванні ўмоў для бяспечнага мацярынства, знаходзіцца на ўзроўні перадавых краін па дзіцячай смяротнасці. З 2000 года ў Гродзенскім перынатальным цэнтры не было выпадкаў мацярынскай смяротнасці.

У Беларусі створана рознаўзроўневая сістэма аказання перынатальнай дапамогі. Увогуле ёсць чатыры ўзроўні. Чацвёрты — рэспубліканскі цэнтр «Маці і дзіця». Трэці — абласныя перынатальныя цэнтры. Другі — міжраённыя цэнтры. І першы — у раёнах.

— Сэнс рознаўзроўневай сістэмы ў тым, што пацыентка, якая мае пэўную паталогію, абавязкова атрымае высокакваліфікаваную дапамогу, — тлумачыць Людміла Кеда. — Чым больш складаная паталогія, тым на больш высокі ўзровень аказання медыцынскай дапамогі яна накіроўваецца. Тое ж тычыцца і нованароджаных, якія пры неабходнасці пераводзяцца ва ўстанову больш высокага ўзроўню.

Адметная рыса сучаснага перынатальнага цэнтра — наяўнасць аддзялення дзіцячай рэанімацыі.

— Штогод да 20 дзяцей нараджаецца ў нашым цэнтры з вагой да 1 кілаграма, і мы маем добрыя вынікі іх выходжвання. Нават калі вага, здаралася, складала ўсяго 470 грамаў — расказвае Людміла Мікалаеўна.

Пераканацца ў гэтым можна па фатаграфіях, якія змяшчаюць на спецыяльны стэнд у аддзяленні дзіцячай рэанімацыі. Іх па просьбе медыкаў прыносяць бацькі дзетак з праблемнай пры нараджэнні вагой, калі яны падрастаюць. Гэта не толькі пацвярджае якасную медыцынскую дапамогу канкрэтным дзецям, але аказвае станоўчы псіхалагічны эфект на іншых бацькоў.

У тэму

У  Гродзенскага перынатальнага цэнтра шмат сяброў (прадпрыемстваў, арганізацый і прыватных асоб), якія аказваюць яму дабрачынную дапамогу. Дзякуючы ёй набываюць неабходнае абсталяванне і матэрыялы, нарыхтоўваюць агародніну, упрыгожваюць будынак і тэрыторыю цэнтра, а таксама ўшаноўваюць падарункамі сваіх пацыентак.

Тэхнічнае аснашчэнне

Усё гэта дасягнута дзякуючы рэканструкцыі перынатальнага цэнтра з аснашчэннем усім неабходным для аказання кваліфікаванай медыцынскай дапамогі — апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх, інкубатарамі для нованароджаных, газавымі і гемадынамічнымі маніторамі, апаратамі ўльтрагукавога даследавання, лабараторным і іншым абсталяваннем. Увогуле цяпер задзейнічана каля 400 адзінак тэхнікі, што дазваляе лячыць і абследаваць пацыентаў з прымяненнем найноўшых метадаў і дасягненняў медыцынскай навукі.

— Сваёй задачай бачым удасканаленне медыцынскай дапамогі нованароджаным з малой вагой, каб не толькі выратаваць іх, але і забяспечыць ім добрую якасць жыцця, — кажа Людміла Кеда. — Такія дзеці абследуюцца і калі выяўляецца нейкая паталогія, то ў Гродзенскай абласной дзіцячай бальніцы адразу ж прымяняюцца адпаведныя методыкі лячэння.

Ма­мы пры­ма­юць він­ша­ва­ван­ні ад кі­раў­ніц­тва Гро­дзен­ска­га абл­вы­кан­ка­ма,  рэс­пуб­лі­кан­ска­га гра­мад­ска­га аб'­яд­нан­ня «Бе­лая Русь» і ад­мі­ніст­ра­цыі пе­ры­на­таль­на­га цэнт­ра.

Кадравы патэнцыял

Сёння ў Гродзенскім перынатальным цэнтры няма ніводнага кутка, ад падвала да гарышча, які не прывялі ў сучасны выгляд. Пры гэтым імкнуліся зрабіць так, каб кожная жанчына адчувала тут сябе як дома.

— Важна, каб у маладых бацькоў засталіся толькі пазітыўныя ўражанні аб нашай установе, — лічыць Людміла Кеда. — А гэта залежыць і ад добразычлівых адносін з боку персаналу цэнтра, і ад умоў, што створаны для пацыентаў.

Умовы падобныя на санаторныя: тэлевізары ў палатах і холах, прыгожая аддзелка сцен, каляровая бялізна...

Зрэшты, усе гэта было бы другарадным, калі б не высокакваліфікаваныя спецыялісты.

Прыкладна 70 % урачоў і больш за палову сярэдняга медыцынскага персаналу перынатальнага цэнтра маюць кваліфікацыйныя катэгорыі.

— Імкнёмся прыўнесці ўсё новае, што ёсць у калег з Беларусі, Расіі, Польшчы і іншых краін, па крупінках збіраем перадавы вопыт. А некаторыя нашы падыходы, методыкі потым распаўсюджваюцца на ўсю краіну і ў замежжы, — зазначае Людміла Кеда.

Дарэчы, Гродзенскі перынатальны цэнтр адным з першых у вобласці ўкараніў сістэму менеджмента якасці, якая дакладна рэгламентуе абавязкі кожнага работніка. Распрацавалі алгарытмы дзеянняў персаналу ў экстрэмальных сітуацыях.

Дарэчы

«Арганізацыя добразычлівых адносін да дзіцяці» — такога статусу Сусветная арганізацыя аховы здароўя ўдастоіла Гродзенскі перынатальны цэнтр за падтрымку прынцыпаў груднога выкормлівання, на якім там знаходзяцца амаль усе дзеці.

Нясумная ідэалогія

— Мы надаём вялікую ўвагу ідэалагічнай рабоце, каб людзі ведалі, якая ў нас мэта і што трэба рабіць, каб дабіцца належнага выніку, — кажа Людміла Кеда. — Прычым, акцыі ў гэтым кірунку ладзім разам з нашымі пацыентамі.

Ужо традыцыйна ў перынатальным цэнтры віншуюць мам, чые дзеці нарадзіліся ў Дзень Незалежнасці Беларусі, а летась па ініцыятыве грамадскага аб'яднання «Белая Русь» з удзелам кіраўніцтва аблвыканкама і маладой сям'і яшчэ і заклалі Алею будучыні. Сёлета яна папоўнілася новымі дрэўцамі, аб чым паклапаціліся ў тым ліку і бацькі з дзецьмі, якія нарадзіліся 3 ліпеня ў 2014 і 2015 гадах.

Яшчэ адна «фішка» перынатальнага цэнтра — парад калясак у Дзень сям'і. Паўдзельнічаць у ім бацькоў запрашалі праз інтэрнэт, дзіцячыя садкі і ў выніку на парадзе было больш за 100 калясак з дзецьмі.

— Нават не чакалі, што будзе так прыгожа, — кажа пра мінулагоднюю акцыю Людміла Кеда.

— Прымусу не было?

— Не, гродзенцы — людзі вельмі творчыя, энергічныя і з вялізным задавальненнем адгукаюцца на наша запрашэнне. Трэба, мусіць, праводзіць яшчэ больш такіх цікавых акцый, каб яны маглі сябе праявіць.

Дарэчы, сёлета акцыю «Парад калясак» прадоўжылі ўжо на гарадскім узроўні — ён праходзіў у парку імя Жана Эмануэля Жылібера.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Сучасная тэхніка, прафесіяналізм і чалавечы фактар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».