Вы тут

Як пачыналася рака


Новая кніга Анатоля Сыса. Выказванне з шэрагу патаемных чытацкіх мараў. Тым больш патаемных, што мара нязбыўная. Прынамсі, была, пакуль не выйшаў зборнік юнацкіх вершаў паэта.


«Берагі майго юнацтва» рыхтаваліся яшчэ самім Сысом, калі таму было нешта каля дваццаці гадоў. Машынапіс зборніка ён даслаў на рэцэнзію ў Саюз пісьменнікаў і атрымаў водгук ― адмоўны. Сёння можна папракнуць рэцэнзента Фёдара Яфімава: як так, не разгледзеў выключны талент, змусіў паэта адкласці ў шуфляду стос рукапісаў, якім так і не суджана было дайсці да чытача (да 2016 года, «Галіяфы»). Можна, але наўрад ці трэба, і наўрад ці справядліва. Бо вялікім паэтам тагачасны Анатоль Сыс яшчэ не быў. І сам усведамляў гэта, не раз выказваючы ў пачаткоўскіх вершах толькі прадчуванне палёту, называючы сябе прадпаэтам.

Адкінем апошнія трыццаць гадоў. Забудзем, хто такі Анатоль Сыс. Мы ўбачым самы што ні на ёсць пачаткоўскі зборнік ― лірычны, патрыятычны, супярэчлівы. Сёння вагу яму надае імя аўтара, але не самі творы. Той Сыс яшчэ не дайшоў да трагічнага разлому, што адкрыў унікальны талент. Той Сыс упарта падладжваецца пад ціхі голас Багдановіча, эксперыментуе з санетам і іншымі строгімі паэтычнымі формамі, хоча быць рамантычным, вытанчаным, нават лагодным.

Кантрасны партрэт, калі супаставіць з вобразам чалавека, што напісаў «Я зжэр бы свой народ...», «Беларусь мая, мая магіла...».

«Берагі...» паказваюць талент, які толькі-толькі адкрываецца, становіцца на ногі, спрабуе голас. Голас падлеткавы, які гучыць то пяшчотна, то зрываецца на бас. У гэтых зрывах, якія парушаюць цэласнасць зборніка, дысануюць, і ёсць той паэт, які застаўся ў беларускай літаратуры з «Агменем», «Панам Лесам», «Сысом». Чаму ж ён адпачатку не даверыўся сабе, хаваўся за белым каўнерыкам? Магчыма, прычынай ― натуральная патрэба мець настаўніка, некаму наследаваць?.. Ці сапраўды ўпэўненасць у тым, што заснежаныя пейзажы, пошук любові і лірычная задуменнасць ― адзіна верны шлях? Тут можна толькі развесці рукамі.

Тым не менш і ў гэтым зборнічку, што ў свой час прыйшоўся б даспадобы рафінаваным філалагіням, заўважная будучыня паэта. Гэта Маці як цэнтр Сусвету, адзіны чалавек, варты любові, ахвяравання. Гэта Радзіма, якая заўжды поплеч з Маці, і часам вобразы іх непадзельныя. Часта падобныя вершы з палымянымі патрыятычнымі прызнаннямі гучаць не тое каб няшчыра ― хутчэй, у іх болей юнацкага запалу, чым рэальнага ўсведамлення, што ж менавіта ты прамаўляеш. Ты малады, значыць, мусіш змагацца, а калі змагацца, дык за Радзіму. У юнага Анатоля Сыса гучанне крыху іншае, яму верыш. Зрэшты, вялікую ролю тут усё ж грае ўсведамленне, што і пазней ён сваім словам не здрадзіць, што гэта не поза, але ён сам.

Другая цэнтральная тэма, якая таксама стане вызначальнай у творчасці Анатоля Сыса, ― паэт. У юнацкіх вершах ён разважае на гэтую тэму «ад сябе», уголас дзеліцца спадзяваннямі, марамі, нюансамі самапачування як творцы. Ёсць у такіх развагах нешта наіўнае, але наіўнае светла. З падобным пачуццём (хочацца сказаць ― замілаваннем) назіраеш за першымі крокамі дзіця, ці спробай птушаняці стаць на крыло. Датычна Анатоля Сыса такія параўнанні крыху бянтэжаць (і мяне самую), але, паверце, у «Берагах...» ён якраз такі: кранальны. Пазней, у сталай творчасці, ракурс зменіцца: паэт як бы абстрагуецца ад сябе, пачне прамаўляць ад імені гістарычных асоб (згадаць «Маналог Апанаса Філіповіча», «Маналог Сяргея Палуяна»), пяройдзе да разваг пра паэта ўвогуле, прычым паэта ў відавочна беларускім гістарычным кантэксце. На змену кранальнасці прыйдзе трагізм.

Ёсць у «Берагах...» і славутыя паганскія матывы, якімі пазнавальная паэзія Анатоля Сыса. Тут яны яшчэ знітаваныя з адчуваннем непадзельнасці свету, так што і чыста паганскімі іх называць пакуль нельга. Сыс піша пра сваю неўміручасць, неўміручасць чалавека ўвогуле, якую дорыць яму кругазварот жыцця, роднасць з ліўнямі і снягамі. Адзін з наймацнейшых пачаткоўскіх вершаў ― «Паляванне на родзічаў» ― вельмі паказальны ў такім кантэксце. Ён жа разам з парай іншых тэкстаў уяўляе масток паміж пачаткоўцам і будучым Анатолем Сысом, паэтам балюча-незабыўным, які прыйшоў так дарэчы, а сышоў заўчасна.

Я помню,

Чую

Лудзяць глоткі

У бураломе глушакі.

Я бачу:

Паляўнічы ўпотай

У птушку цэліцца з рукі.

У сэрца цэліцца бясстрасна,

Ружжо узняўшы, бы кларнет,

Каб паглядзець, як крылы згаснуць,

Абняўшы гэты жорсткі свет.

Абняўшы любячы, наіўна

Да пашратованых грудзей,

І крыкам немачным і дзіўным

За стрэл прабачыўшы людзей.

Прабачыўшы па праву моцных,

Па праву смертных і багоў,

Як прабачае неба зорцы,

Што апякла далонь яго.

 

Я помню,

Чую

Лудзяць глоткі

У бураломе глушакі.

Я бачу:

Паляўнічы ўпотай

У птушку цэліцца з рукі.

Адзін з рэдкіх выпадкаў, калі пачатковец Анатоль Сыс не падпадае пад уладу мовы і не ідзе за ёй, але ламае яе, стварае наноў, стварае будучага сябе.

Балючае пытанне я пакінула на апасля: навошта выдаваць юначыя, няспелыя вершы, тым больш ― пасля смерці паэта? Тым больш, калі сам ён некалі паведаміў сябрам (яны ж ― стваральнікі зборніка): мае першыя вершы спаленыя. Прыпісваць іншаму свае думкі не стану, але выкажу здагадку, што ― хто ведае, быць можа ― такі каментар Сыса сведчыў пра яго нежаданне публікаваць гэтыя тэксты?.. Так, мілыя юначыя вершы пісаў той жа Анатоль Сыс. І ў радках гэтых ён несумненна шчыры. Але шчырасць ― яшчэ не мастацтва. Сам Анатоль Сыс быў заўзятым ахоўнікам паэзіі, пакепліваў са шматтомных і пладавітых калег. Думаецца, ён як ніхто іншы ведаў кошт добрага радка. Таму пры ўсёй радасці ад самога факта, што ёсць цяпер яшчэ адна кніга Анатоля Сыса, уражанні яна пакідае неадназначныя.

Наста ГРЫШЧУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».