Вы тут

Каму належыць будучыня?


Вялікі падарунак айчыннае літаратуразнаўства атрымала з берагоў туманнага Альбіёна: вядомы прафесар Арнольд Макмілін выдаў грунтоўную работу «Рунь: Маладыя беларускія паэты пачатку ХХІ стагоддзя».


Сказаўшы «вядомы», варта згадаць, якую вялікую працу правёў прафесар: навуковую, а разам з тым і папулярызатарскую, зрабіўшы беларускую літаратуру адкрытай для зацікаўленага еўрапейскага чытача. Так, Арнольд Макмілін з’яўляецца сябрам Англа-беларускага таварыства і ўдзельнікам выдання «The Journal of Byelorussian Studies», рэдактарам якога быў у 1965 ― 1971 гадах. З 1991 года прафесар чытаў курс лекцый «Уводзіны ў беларускую культуру: мова, літаратура, гісторыя». За час навуковай дзейнасці ён выдаў шэсць кніг (уключаючы «Рунь»), прысвечаных беларускай літаратуры. Акрамя таго, пісаў прадмовы да зборнікаў беларускай паэзіі, пераклаў разам з Верай Рыч на англійскую мову паэму «Тарас на Парнасе», даследаваў творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Васіля Быкава...

«Працы Арнольда Макміліна адкрылі для англамоўнага свету ўвесь спектр беларускай літаратуры — ад старажытнасці да паэзіі 2010-х., — пісаў пра яго дзенайсць літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч. Цыкл яго літаратуразнаўчых манаграфій на цяперашні час з’яўляецца адзінай магчымасцю для шырокага еўрапейскага чытача пазнаёміцца з усёй разнастайнасцю беларускага пісьменства, прасачыць дынаміку яго развіцця, даведацца пра асноўныя кірункі і найбольш прыкметных дзеячоў і дзяячак беларускай літаратуры».

У цэнтры ўвагі Арнольда Макміліна гэтым разам апынуліся 40 маладых паэтаў Беларусі. У прадмове да кнігі ён зазначае, што «магчымасць напісаць пра гэтых паэтаў прываблівала мяне сярод іншага і таму, што на цяперашні час на большасць з іх беларуская крытыка звяртае мала ўвагі». Мяркуецца, такая ацэнка не зусім справядлівая: дэбютныя зборнікі паэтаў не застаюцца без увагі. Зрэшты, калі звярнуць увагу на слова «мала»... Несумненна пагадзіцца можна з іншым: работа англійскага прафесара ўнікальная, бо разглядае творчасць найноўшага пакалення ў цэлым.

Арнольд Макмілін не робіць глабальных высноў пра тое, куды рухаецца сучасны беларускі літаратурны працэс, пра абстрактныя «тэндэнцыі», «кірункі», «плыні». Ён увогуле прытрымліваецца тактыкі кропкавых удараў, асобных прыкладаў. Пры гэтым, распачынаючы новы раздзел, робіць экскурс датычна кожнай азначанай тэмы. І пэўныя абагульненні, такім чынам, усё ж такі атрымліваюцца, праўда, не ў форме пасляслоўя, а ў прадмове.

Ёсць адна акалічнасць, якая ставіць невялічкі пытальнік побач з аб’ектыўнасцю даследавання, дакладней, максімальнай набліжанасцю яго да цяперашняга стану рэчаў. Гэта выбар кніг, якія Арнольд Макмілін разглядае. Часцей за ўсё ― дэбютныя зборнікі. Радзей ― першыя дзве кнігі аўтара. Так, даследчык прасочвае менавіта нараджэнне новай паэзіі. Але ў выніку атрымліваецца пэўнае скажэнне. Многія з разгляданых у «Руні» аўтараў займелі на час выхаду даследавання новыя кнігі, як правіла, больш сталыя, а часам і моцна адрозныя ад дэбютных зборнікаў (Таццяна Сівец, Наста Кудасава). Віктар Лупасін фігуруе ў «Руні» як Віктар Ываноў: за такім псеўданімам ішла першая яго кніга «Асарці». Сёння паэт гэтым псеўданімам не карыстаецца.

Ёсць нюанс і з азначэннем «маладыя». З аднаго боку, гэтую самую «маладосць» можна прыраўняць да пачаткоўства, калі ўжо разглядаюцца дэбютныя кнігі. І, верагодна, найбольш правільна глядзець на гэтае азначэнне менавіта так. З іншага боку, Арнольд Макмілін абраў мяжой маладосці 1980 год. Гэта значыць, асобным творцам споўнілася ўжо 36 гадоў...

Структура кнігі знешне простая. Даследчык групуе выбраных аўтараў паводле перавагі ў іх творчасці пэўнай тэмы: «Гістарычная спадчына» (і не толькі ВКЛ), «Рэлігія і розныя формы пабожнасці» (філігранная фармулёўка), «Пратэст супраць адчужанасці» (перадусім ― датычна стану беларускай мовы ў краіне, а таксама ― адлюстраванне грамадскіх і палітычных працэсаў), «Ужыванне мовы і яе абарона» (тут шмат увагі надаецца моватворчасці, у прыватнасці неалагізмам), «Лірычны парыў» (насуперак чаканням размова ідзе не пра інтымную, але пра пейзажную лірыку), «Гумар» (сакавіты раздзел), «Паэзія перформансу» (даследчык не падзяляе тэкст і яго ўвасабленне ў дзеі ― у гэтым, на мой погляд, вялікі плюс), «Паэты і паэтычнае натхненне». Між тым падзел на тэмы вельмі ўмоўны, пра што кажа і сам Арнольд Макмілін. Пра Марыю Мартысевіч можна было б пісаць у раздзеле «Пратэст супраць адчужанасці» ― але яна фігуруе ў «Гумары». Тут жа знаходзіцца Віктар Ываноў, якога можна далучыць да творцаў перформансу. Словам, пры жаданні чытач можа ператасаваць паэтычную калоду, бо ніякага правільнага адказу тут папросту не існуе.

Гэта знешняя структура. Але і кожны асобны артыкул Арнольда Макміліна будуецца па пэўнай схеме. Напачатку ― дадатковыя звесткі пра паэта (у сэнсе ― дадатак да ўжо прыведзеных біяграфічных звестак). Тут даследчык вылучае найбольш выразныя рысы творчасці разгляданага паэта, і ў гэтай кароткай ды ёмістай характарыстыкі ёсць практычная місія ― дапамагчы чытачу ў рэшце рэшт адрозніваць Віталя Рыжкова ад Сяргея Прылуцкага, Насту Кудасаву ад Анастасіі Кацюргіной і г. д. Паведамляе ён і пра род заняткаў аўтара, што таксама мае практычнае значэнне: часта гэта адлюстроўваецца на іх паэтычнай творчасці. Вядома, называе зборнікі. Часта згадвае ўзрост аўтара на час яго літаратурнага дэбюту.

Як навукоўца Арнольда Макміліна найперш цікавіць тэхніка вершаскладання. Вы абавязкова знойдзеце звесткі пра тое, рыфмуе паэт ці не, як абыходзіцца з пунктуацыяй, наколькі асвоіў уласна тэхніку, у чым яго моцны бок. Таксама абавязковы пералік тэм, якія аўтара хвалююць найперш. Пры гэтым артыкулы прафесара нельга назваць сухімі і канстатацыйнымі. Не менш, як тэхніка верша, яго займае настрой кожнага асобнага твора. Ён не саромеецца выказаць ненавуковае, чытацкае ўражанне ад прачытання таго ці іншага тэксту, ад творчасці паэта ў цэлым. Такія асабістыя штрышкі ў навуковай працы робяць апошнюю сімпатычнай, у нечым нават кранальнай. Да ўсяго, у чытача заўжды застаецца права паспрачацца з даследчыкам. Арнольд Макмілін распавядае ― але дзіўным чынам пры гэтым застаецца ўражанне дыялогу.

Не скупіцца ён і на цытаванне. Уважліва ставіцца да кожнага асобнага верша (што мусіць выклікаць сімпатыю ў саміх паэтаў). Так, ён не можа надаць шмат увагі кожнаму, але пры гэтым, думаецца, паэты не мусяць пачувацца абдзеленымі. Арнольд Макмілін піша з цеплынёю (іначай і не скажаш), якая выдае ў ім непадробнага прыхільніка паэзіі.

Цікава, што час ад часу згадваюцца крытыкі: калі даследчык пагаджаецца з пэўнай іх ацэнкай і цытуе альбо калі творчасць паэта выклікала рэзананс і бурную рэакцыю ў тых самых крытыкаў (як здарылася з дэбютам Насты Манцэвіч, Сяргея Прылуцкага).

Робячы падагульнне, Арнольд Макмілін не дае прагнозаў датычна творчасці таго ці іншага паэта. Але сістэматычна і, відаць, шчыра выказвае спадзеў, што на тым творчасць не спыніцца і што голас аўтара будзе яшчэ доўга гучаць у беларускай літаратуры.

Пэўнае падагульнне можам зрабіць мы самі, падсумаваўшы паасобныя заўвагі Арнольда Макміліна.

  • Сувязь з літаратурным акіянам нашае маленькае возера не губляе. Пра гэта сведчыць процьма прысвячэнняў у творчасці маладых паэтаў, згадкі ці прамыя звароты да класікаў (перадусім Максім Багдановіч, Янка Купала), інтэртэкстуальныя гульні, а таксама звароты да сучаснікаў.
  • Абсалютовая большасць маладых паэтаў ― шматстаночнікі. І справа тут не толькі ў штодзённай працы (што літаратурай не пражывеш ― прапісная ісціна): многія займаюцца творчасцю ў іншых галінах: Рагнед Малахоўскі ― фатограф і кампазітар, Вольга Чайкоўская ― музыка, Анатоль Івашчанка ― навукоўца. Многія паэты ― перакладчыкі, а часам і празаікі.
  • Рыфма будзе жыць. Яна па-ранейшаму прысутная ў творчасці пераважнай большасці аўтараў. Жывуць і класічныя цвёрдыя формы верша: часцей за ўсё ― санет і трыялет. Да фармальных пытанняў дадамо яшчэ любоў да паўтораў (што не заўжды азначае рэфрэн), якая раптоўна выявілася ў многіх нашых паэтаў. Што рэдка ідзе на карысць творам.
  • Паэтычная моладзь ― скептычная. Скепсіс гэты не мае межаў: ён датычыць кахання, палітычнай сітуацыі ў краіне, саміх паэтаў (тут насамрэч адбываецца падваенне: іронія мяжуе з драмай)... Увогуле змрочныя настроі пераважаюць. Як зазначыў Арнольд Макмілін, для пераважнай большасці маладых паэтаў характэрныя «самота, элегічны настрой, цяжкасці ў асабістых стасунках». Пры гэтым не адкідаецца і знарочыстая драматызацыя пачуцця дзеля добрага верша.
  • Пры ўсім гэтым яны любяць пасмяяцца. Паказальна, што гумару ў кнізе прысвечаны асобны раздзел, а каханню ― не, хоць і тое, і другое гучыць у творчасці ўсіх паэтаў без выключэння. Адценні гумару самыя розныя, але пераважае іронія, змрочнае пакепліванне з сябе ды свету.
  • Каханне ў творчасці нашых маладых паэтаў дзіўнае. Слова «дзіўнае» ўзятае з лексікона самога Арнольда Макміліна. У спалучэнні з «каханнем» яно гучыць вельмі часта. Відаць, сказваецца ўсё тое ж змрачнаватае пачуццё гумару.
  • Але гэта не значыць, што для моладзі няма нічога святога. Якраз наадварот: Бог прысутнічае гэтаксама нязменна ў іх творчасці, як гумар і каханне. Іншая справа, што ў адных паэтаў Бог звязаны найперш з рэлігіяй (Надзея Філон), у іншых пераўвасабляецца ў веру, якая выяўляецца ў пачуццях, у прыродных з’явах (Наста Кудасава, Кацярына Глухоўская), а ў трэціх адмаўляецца ― і пры гэтым усё адно гучыць. А часам паэт даходзіць да парадоксу: вера ў яго спалучаецца з яе ж адмаўленнем.
  • Што да прыроды, тут улюбёная паравіна паэтаў ― восень. Нічога новага.
  • Вечнае пытанне маралі, апазіцыі дабра і зла сапраўды вечнае. У адных гэтая тэма ўздымаецца літаральна, у іншых гучыць між радкоў.
  • Не знікае з найноўшай паэзіі й алкаголь. Тут варта прывесці цікавую цытату прафесара: «Некалькі маладых беларускіх паэтаў уводзяць у свае творы тэму алкаголю, праўда, далёка не ў той ступені, як Анатоль Сыс, і зусім не з ягоным талентам».
  • Датычна ненарматыўнай лексікі. Яна не вельмі пашыраная, але трывалы адсотак за сабой пакідае. Гэты адсотак неад’емны і патрэбны як мастацкі сродак.
  • Што ж новага прыўнесла пакаленне поствасьмідзясятых у беларускую літаратуру? Фармальна ― шэраг неалагізмаў, якія пакуль не перайшлі ў шырокі ўжытак (Ігар Кулікоў), і колькі тэм (глыбока асабістае ― у Насты Манцэвіч, эксперыментальна-жартаўлівае ― у Віктара Ыванова і інш.).

І тут я зноў згадала б іронію. Яна прысутнічала і раней, але цяпер, і асабліва ў паэзіі, загучала як ніколі моцна. Цікава: калі гэтая зброя прытупіцца, што прыйдзе ёй на змену?..

Наста ГРЫШЧУК

 

Сяргей Прылуцкі:

«Не разумею прынцыпу, па якім Макмілін адбіраў аўтараў. Па-мойму, там няма ніякага прынцыпа і крытэрыю. А ўвогуле падобныя кнігі павінная пастаянна выдаваць Акадэмія навук, ці яшчэ хто... Не ведаю, наколькі якасна, але дзядзька зрабіў працу за цэлы Інстытут філалогіі».

Віктар Лупасін:

«Карысная кніга, трохі састарэлая (30+ — гэта ўжо не маладыя, нават 25+ не маладыя). Макмілін малайчына, прарабіў вялікую працу, але нарабіў шмат ляпаў — напрыклад, у артыкуле пра Лупасіна іх дзевяць. Хм, зрэшты, самыя маладыя апроч сацсетак нідзе не друкуюцца, і аналізаваць іх надзвычай цяжка».

Ціхан Чарнякевіч:

«Новая кніга прафесара Макміліна прэзентуе аўтарскую класіфікацыю найноўшай паэзіі 2010-х, якая пакуль што зусім абыходзіцца ўвагай акадэмічнай навукі, хоць замежная практыка якраз больш арыентуецца на сучасных аўтараў, бо менавіта ў іх досведзе адлюстроўваецца новая мова літаратуры».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».