Вы тут

Андрэй Кабякоў: «Налета краіна павінна мець збалансаваную эканоміку»


Паводле слоў прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова, налета краіна павінна мець збалансаваную эканоміку, якая дазволіць рэалізоўваць прыярытэты развіцця на гэтую пяцігодку, замацаваныя ў асноўных палажэннях праграмы, што была адобрана на пятым Усебеларускім народным сходзе. Акрамя таго, падчас пасяджэння прэзідыума Савета Міністраў «Аб праектах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2017 год і параметра асноўных паказчыкаў на 2018—2019 гады, асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі і рэспубліканскага бюджэту на 2017 год» ён паведаміў, што ўсе інструменты эканамічнай палітыкі павінны быць настроены на збалансаванасць плацежнага балансу і бюджэту, зніжэнне інфляцыі.


Выдаткі на шэраг паслуг аптымізуюць

Так, знешнія абавязацельствы краіны павінны быць гарантавана выкананы без зніжэння золатавалютных рэзерваў. Таксама неабходна павысіць канкурэнтаздольнасць эканомікі, перш за ўсё экспарту. Гэта плануецца забяспечыць за кошт зніжэння выдаткаў і павышэння якасці прадукцыі. На думку Андрэя Кабякова, важнай задачай таксама з'яўляецца зніжэнне залежнасці беларускай эканомікі ад знешняй кан'юнктуры і сыравінных рынкаў і атрыманне максімальнай аддачы ад базавай эканомікі і дзяржсектара. «Акрамя таго, павінны быць рэалізаваны меры па стварэнні ўмоў для станаўлення новай эканомікі. Пад гэтым разумеецца стварэнне новых прадпрыемстваў у прыватным і дзяржаўным сектарах, асваенне інавацыйных тэхналогій і выпуск новай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю, уцягванне ў гэты працэс прыватнага і замежнага капіталу. На базе такой эканомікі да канца гэтай пяцігодкі плануецца мець да 75% усяго прыросту ВУП», — падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Паводле яго слоў, для забеспячэння збалансаванага развіцця ў краіне павінны сур'ёзна займацца тарыфнай палітыкай і зніжэннем выдаткаў на паслугі ЖКГ, транспарту.

«У адпаведнасці з асноўнымі палажэннямі праграмы на пяцігодку да канца 2018 года мы павінны выйсці на поўнае пакрыццё такіх выдаткаў насельніцтвам. Але для гэтага энергетыкі і прадстаўнікі сферы ЖКГ павінны гарантавана скараціць выдаткі на аказанне паслуг згодна з разлікамі», — растлумачыў Андрэй Кабякоў.

Паралельна з 1 кастрычніка сёлета павінна запрацаваць напоўніцу сістэма безнаяўных жыллёвых субсідый. Для гэтага неабходна ўкараніць аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму разлікаў за жыллёва-камунальныя і іншыя паслугі.

Стратэгічныя паказчыкі на 2017 год

У прапанаваным праекце ўказа «Аб задачах сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2017 год» захавана сістэма ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы ўрада і Нацыянальнага банка. Найважнейшымі паказчыкамі вызначаны: валавы ўнутраны прадукт — 101,5%; рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва — 101,2%; прадукцыйнасць працы па валавым ўнутраным прадукце — 101,6%; экспарт тавараў і паслуг — 103,6%; сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі — плюс 0,2% да ВУП, або крыху больш за 100 млн долараў; прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове (без уліку запазычанасці інвестару за тавары, работы, паслугі) — 1,4 млрд долараў. Застаецца задача па выхадзе на адназначныя параметры інфляцыі — 9%.

Таксама ў распрацаваным пакеце дакументаў мяркуецца захаваць сістэму фарміравання задач і ключавых паказчыкаў эфектыўнасці для міністэрстваў і прадпрыемстваў. Асноўны акцэнт пры гэтым робіцца на якасны паказчык і экспарт.

Важнейшыя паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця разлічаны як мэтавыя пры прагназуемым кошце нафты 45 долараў за бараль, росце эканомікі нашага асноўнага гандлёвага партнёра — Расіі — на ўзроўні 101% да 2016 года і пры курсе 70 расійскіх рублёў за долар. У сваю чаргу бюджэт краіны разлічваецца зыходзячы з кансерватыўнага падыходу, пры сярэднегадавым кошце нафты ў 35 долараў за бараль, пры прагнозе далейшага зніжэння расійскай эканомікі да 99% да ўзроўню сёлета і пры курсе 75 расійскіх рублёў за адзін долар.

Плануецца аптымізаваць выдаткі бюджэту, пры гэтым дзяржава не павінна нарошчваць знешні доўг. Такія выдаткі ў бюджэтнай сферы, як капітальнае будаўніцтва, мадэрнізацыя, капрамонт і добраўпарадкаванне тэрыторый, прыйдзецца максімальна абмежаваць. Таксама Андрэй Кабякоў адзначыў, што неабходна мець рэсурсы для падтрымання рэальнага сектара эканомікі, асабліва для стымулявання экспарту.

«У праекце бюджэту на гэтыя мэты з улікам інфляцыі павінны быць прадугледжаны рэсурсы, не ніжэйшыя за ўзровень сёлета. Бюджэт павінен захаваць сваю сацыяльную накіраванасць. Усе выдаткі па сацыяльных выплатах павінны быць забяспечаны ў поўным аб'ёме», — падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Падатковая палітыка застанецца без змен

Паводле слоў Андрэя Кабякова, падатковую палітыку налета мяняць не будуць. Прапануецца яе сфарміраваць згодна з дзеючай структурай, складам і колькасцю падаткаў. Падатковую базу плануецца пашырыць толькі за кошт росту эканомікі, стварэння новых прадпрыемстваў.

«У якасці новаўвядзення будзе ажыццяўляцца пераход з наступнага года на вылічэнне і выплату падаткаў, збораў, пошлін з долараў на беларускія рублі, у тым ліку пры вызначэнні падатковай базы на падлік зямельнага падатку. Гэта чарговы рэальны крок па дэдаларызацыі эканомікі. Многае з гэтага накірунку ўжо зроблена — у краіне адмовіліся ад долараў па большасці разлікаў», — рэзюмаваў прэм'ер-міністр.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

kryzhevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Курс на збалансаваную эканоміку праз кансерватыўны падыход пры фарміраванні бюджэту

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.