Вы тут

Як дзяўчына-выхавацелька стала "сваёй" у хлапчуковым атрадзе


Ужо другі год запар замест канікул у вёсцы я выбіраю работу выхавацеля ў летніку. Васямнаццаць дзён на прыродзе сярод вялікай колькасці дзяцей дапамагаюць пераключыць сваю увагу з паўсядзённых побытавых клопатаў на нешта больш важнае, сапраўднае...


Пра дзіцячы аздараўленчы лагер «Дубок», што знаходзіцца ў Пружанскім раёне непадалёку ад вёскі Паддубна, да чэрвеня я не ведала нічога. Як і летась, працу шукала праз раённыя камітэты БРСМ і згадзілася на першае прапанаванае месца. Таму дзе, з кім і ў якіх умовах мне давядзецца працаваць, я нават не ўяўляла.

Высветлілася, што абсалютная большасць выхавацеляў «Дубка» — студэнты, якія праходзяць тут педагагічную практыку або папросту хочуць зарабіць крыху грошай падчас канікулаў. Працавалі на нашай змене і некалькі маладых спецыялістаў са школ Пружанскага раёна. Але, што дзіўна, былі ў калектыве і педагогі са стажам. Напрыклад, настаўнік беларускай мовы Валерый Георгіевіч Купчанка, які ўжо адзінаццаты год працуе ў лагеры і называе сябе яго «ганаровым жыхаром». Ён даўно заслужыў рэпутацыю строгага выхавацеля, але дзеці паміж сабой кажуць: «Калі ты не пабываў у яго атрадзе хоць бы раз, то, лічы, што і лагер спазнаў не поўнасцю».

Напэўна, самы хвалюючы момант для выхавацеля — гэта заезд дзяцей. Менавіта ад першых гадзін знаёмства залежыць, як пройдзе ўся змена.

Так атрымалася, што ў атрад, які мне даручылі, патрапілі толькі хлопчыкі 10- 11 гадоў. Мяне гэта адразу насцярожыла і нават крыху напалохала — ці змагу я, студэнтка непедагагічнага факультэта, справіцца з дзесяццю хлопцамі?

Крыху пазней стала зразумела, што перажывала я недарэмна. Адсутнасць дзяўчынак дужа ўплывала на паводзіны хлопчыкаў: яны ўвесь час намагаліся даказаць адно аднаму, хто з іх самы шумны, самы смелы і г.д. Або, бывала, толькі адвернешся, а яны ўжо б'юцца паміж сабой. Карацей, за першыя некалькі дзён наш атрад паспеў вылучыцца сярод астатніх як той, дзе пастаянна парушаюць дысцыпліну, хоць па колькасці дзяцей ён быў самым маленькім.

Але, з іншага боку, такая энергічнасць дзяцей не давала мне расслабіцца ні на хвіліну. Яны на футбол — і я з імі бегаю па полі, яны на турнікі — і я качаюся побач на арэлях, у спякоту захацелі пааблівацца вадой — калі ласка, але толькі са мной. Тое ж самае тычылася ўдзелу дзяцей у конкурсах і мерапрыемствах: на сцэну выходзілі ўсе разам, а калі дрэнна падрыхтаваліся, дык было аднолькава сорамна і мне, і ім. Збольшага, праўда, творчыя выступленні ў нас праходзілі на «ўра». Ні адзін канцэрт не абыходзіўся без нашай «зоркі» — Кірыла Кабрынца. Актыўны хлопец не пабаяўся паўстаць перад гледачамі ў вобразе дзяўчыны, расказаць у мікрафон пра свае дзіцячыя боязі і прызнацца ў каханні ў вершаванай форме дачцэ дырэктара лагера. Астатнія ў атрадзе, раўняючыся на Кірыла, пасля таксама намагаліся сябе праявіць, і я іх у гэтым максімальна падтрымлівала.

Стаць «сваёй» у хлапчуковым атрадзе і наладзіць давяральныя адносіны мне збольшага дапамаглі размовы перад адбоем. Мы абмяркоўвалі ўсё, што здарылася з намі днём, строілі планы на заўтра, а праз некаторы час хлопцы пачалі дзяліцца са мной сакрэтамі. Аднак важна было не дазволіць ім забывацца на бяспечныя паводзіны. Слушную параду на конт гэтага дала старшы выхавацель змены Наталля Міхайлаўна Котыш: «Трэба бачыць і чуць усё, але часам зрабіць выгляд, што не заўважаеш і не дачуваеш асобныя моманты».

Жыццё ў лагеры моцна адрозніваецца ад звычайнага, таму дзеці ў новых, нязвыклых абставінах маглі часам паводзіць сябе вельмі непрадказальна. У сувязі з гэтым я чарговы раз пераканалася: не варта абапірацца на чужое меркаванне аб іншых людзях. Паколькі большасць дзяцей прыязджае ў «Дубок» з Пружанскага раёна, настаўнікі мясцовых школ з многімі з іх працуюць падчас навучальнага года. З добрымі намерамі мае калегі намагаліся мне дапамагчы, расказаўшы пра тое, як «мае» дзеці паводзяць сябе дома, хто іх бацькі і іншае. Але нічым мне гэта не дапамагло, бо, напрыклад, Мікіта, якога ў школе лічылі «ціхуном», з першых дзён паказаў сябе самым галасістым у атрадзе, а яго брат Даніла — прызнаны хуліган — аказаўся, наадварот, сур'ёзным і адказным хлопцам, які заўсёды гатовы дапамагчы.

На здзіўленне многіх, чым часцей дзеці майго атрада траплялі ў непрыемныя сітуацыі, тым бліжэй мы з імі станавіліся. Напрыканцы хлапчукі-задзіры ад'язджалі дадому са слязамі на вачах — настолькі ім не хацелася развітвацца адно з адным, з «Дубком», і, вельмі хочацца верыць, — са мной.

...За васямнаццаць дзён у лагеры мы паспелі перажыць многае — гэта ўсё было настолькі запамінальным і яркім... Другі атрад, хоць і быў самым неспакойным, затое весяліўся і весяліў іншых ад душы. Спазненні ў сталовую, танцы і флэшмобы на вячэрніх канцэртах, зубная паста на падушках і неверагоднае жаданне высветліць, каго ўсё ж кахае адзінаццацігадовы Кірыл — Дашу ці Леру, — такой нам запомніцца другая змена лета 2016 года ў лагеры «Дубок».

Ганна Курак, студэнтка VІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Змена ў лагеры

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.