Вы тут

Уладзімір Лайкоў. Спуджанае шчасце


Уладзімір Лайкоў ужо больш за трыццаць пяць гадоў выкладае беларускую і рускую мову і літаратуру ў Мётчанскай сярэдняй школе Барысаўскага раёна. Дабро, прыгажосць (якая выратуе свет) — гэта тое, што ён часта прапаведуе на сваіх уроках, і тое, што праз мастацкае слова ўласных твораў імкнецца пасеяць, абудзіць, узвялічыць у сэрцах чытачоў. Апавяданне «Спуджанае шчасце» — яркі таму прыклад. Можа быць, у наш тэхнагенны час з яго кліпавым мысленнем паэтызацыя інтымных пачуццяў праз паводзіны і думкі галоўных герояў — маладых людзей — падаецца і не дужа модным аўтарскім стылем, але сам факт такой «нямоднасці» выклікае толькі шкадаванне.

Алесь БАДАК


«У счастья нет завтрашнего дня: у него нет и вчерашнего; оно не помнит прошедшего, не думает о будущем: у него есть настоящее — и то не день, а мгновение». (І.С. Тургенеў)

На прагрэтай сонцам паляне квітнеў чабор. Здавалася, яго духмяны пах даносіў лёгкі ветрык далёка, ажно да бярозавага ўзлеску. А там, ніжэй, за пагоркам адлівала блакітныя хвалі рака яго жыцця — Бярэзіна.

Уся Алесева істота была напоўнена цёплымі краскамі чаканага лета. Яго маладое цела прагла жыцця, вады, хараства, кахання...

Яшчэ ўчора нічога пэўнага, акрэсленага не існавала. Алесю вельмі падабалася Яніна. Раз-пораз яго позіркі былі там, дзе ўзнікала яна. Ён любаваўся яе мілавідным тварыкам, невялікімі карацелькамі-косачкамі, убранымі ў два бэзавыя банцікі. Слухаў звонкі і напеўны голас. Быў у замілаванні ад «зорачак у выгнанні...», пра якія спявала Янінка. Хацелася схавацца ў яе блакітных вачах. Ды хіба толькі схавацца — застацца там назаўсёды! Вось толькі адна незадача. Адзін са знаёмых яму хлопцаў — Мікола — таксама, мабыць, жыў гэтымі мроямі-чаканнямі. І што асабліва бянтэжыла Алеся: Яніне былі даспадобы заляцанні Міколы. Яна смяялася. Гарэзнічала, спявала. Яна звяртала на сябе ўвагу.

Але сёння вечарам моладзь збіраецца побач з палянкай, дзе так пахне чабор. Там будзе весела. Будзе многа музыкі, гульняў і розыгрышаў. Алесю карцела пабыць там. Здавалася, нешта павінна сёння здарыцца.

Першы прыцемак агарнуў наваколле. Каля рэчкі, высока ў небе ўжо шугала полымя: пастараліся хлопцы, нацягалі з недалёкага лесу дроў. Яніна з акардэонам у руках вяла моладзевы рэй. Спявала песню за песняй, хто мог і хацеў, дапамагаў ёй у гэтым. «Червону руту не шукай вечорами...», «У мяне ты адзіны!» Ах, як клаліся не столькі гукі, колькі словы гэтай вясёлай песні на трапяткое сэрца Алеся... «Вось быў бы я ў цябе адзіным... Бо ты — тая чырвоная рута, якую знайшоў я... — думаліся і паўтараліся неадчэпна ў галаве Алеся гэтыя словы, — якая ж ты прыгожая, якая ж ты недасяжная і якая жаданая, мілая мая Янінка!»

Яму так хацелася сказаць гэтыя словы сваёй каханай дзяўчыне. «Вось толькі ці прыйдзецца калі? Адкуль тая мая сарамяжлівасць, адкуль яна, тая нясмеласць?»

А Яніна іграла і спявала. Здавалася, усё наваколле гарэзнічала разам з гэтай прыгажуняй. І верылася, так хацелася верыць у тое, што і яна зверне ўвагу на Алеся, падаруе яму і толькі яму лепшую ў свеце ўсмешку. Такую, што аж затрапечацца сэрца, што нябачныя крылы перанясуць Алеся ў край мілоснасці і кахання.

Пакрысе набліжалася поўнач. Ужо не шугала, а толькі зрэдку зырчэла вогнішча. Моладзь дзе купкамі, а дзе і па двое, пазнікалі ў навакольнай цемры. Да слыху замроенага Алеся нечакана даляцеў раздражнёны голас Міколы. Няйначай зноў крыўдзіць мясцовы гжэчны кавалер Яніну. «Хаця ён і помслівы, гэты Мікола, але зараз, альбо ніколі!» — раптам смела вырашыў Алесь. Ён у адно імгненне быў ужо каля Яніны. «Слухай, Янінка, давай я праводжу цябе дадому!» «Ой, дзякуй, Алеська! Трымай акардэон — дапаможаш паднесці». «Вось яно, блізкае, яснае шчасце...» — словамі паэта падумаў Алесь. Узрушаны і шчаслівы, ён падхапіў адной рукой музычны інструмент, а другой — узяў гарачую і трапяткую руку дзяўчыны. І яны пайшлі ад чабаровай палянкі па сцяжынцы ў вёску...

Потым гулялі разам і наступным вечарам. Адны. Праўда, нібы прысутнічаў і трэці. Больш гаварыла Яніна. Сціплы Алесь усё больш адмоўчваўся. Дзяўчына нават не то пасмяялася, не то сыранізавала: «Маўчанне — золата!» А потым сарвалася з месца і шпарка пабегла ўбок ад сцяжынкі. Алесь — за ёю. Раптам яна ўпала, ён каля яе таксама. «Алеська, родненькі...» — шаптала Яніна. Алесь моцна абняў дзяўчыну. Гарачае яе дыханне абхапіла ўсяго Алеся. Вось-вось, здаецца, вусны сустрэнуцца з вуснамі. Вось яно, блізкае, яснае шчасце...

Ды раптам побач гучна залапатала крыламі нейкая вялікая чорная птушка. Быццам бы хто яе выпусціў з рук... Яніна з Алесем усхапіліся. Страх потым прайшоў. Ды ўжо знаёмая сцежка вяла іх у вёску...

За летам прыйшла восень. Пасля Пакроваў да Алеся (ён вучыўся ўжо ў горадзе) прыспела вестка: Яніна выйшла замуж за Міколу. Яшчэ праз год у іх нарадзіўся сын. А праз восем гадоў яны развяліся.

Алесь жа пасля заканчэння ўніверсітэцкай вучобы пабраўся шлюбам са сваёй аднакурсніцай. Яны нарадзілі дачку і сына, якія праз трыццаць гадоў зрабілі іх багатымі ажно на шэсць унукаў.

Але калі-нікалі асвеціцца Алесева памяць той чабаровай палянкай, тымі цёплымі летнімі вечарамі, тым першым каханнем. І сапраўды: хіба ж на вечар той можна забыцца? Пахне чабор...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».