Вы тут

Спецыялісты плануюць павялічыць здабычу нафты да 1,8 млн тон у год


А імпарт будаўнічай мінеральнай сыравіны зменшыцца ўдвая.


— За апошнюю пяцігодку забяспечаны прырост запасаў нафты, калійнай солі, цэментнай сыравіны, шкляных пяскоў, даламіту, будаўнічага пяску, пясчана-гравійных сумесяў, — паведаміў кіраўнік упраўлення па геалогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Сяргей МАМЧЫК. — У Брэсцкай упадзіне выяўлены радовішчы базальтаў і сапанітавых туфаў — перспектыўнай сыравіны для вытворчасці мінеральных валокнаў і іншых відаў прадукцыі, якая завозіцца ў рэспубліку.

Згодна з рашэннем Усебеларускага народнага сходу, у наступную пяцігодку інтэнсіфікацыя выкарыстання мінеральна-сыравіннай базы выбрана адным з галоўных напрамкаў развіцця эканомікі краіны. Прэм'ер-міністр Беларусі зацвердзіў план дзеянняў па інтэнсіфікацыі засваення мінеральна-сыравіннай базы на гэты перыяд. Прынята Дзяржаўная праграма аховы навакольнага асяроддзя і ўстойлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў на 2016—2020 гады.

Адным з перспектыўных напрамкаў развіцця паліўна-энергетычнага комплексу лічыцца нафтаздабыча і перапрацоўка. Для большай прадукцыйнасці здабычы гэтага карыснага выкапня будзе ўкараняцца новая тэхніка. Плануецца праводзіць пошукава-ацэначныя работы і засвойваць ужо разведаныя радовішчы, якія дагэтуль не распрацоўваюцца. На разведку і распрацоўку радовішчаў мяркуецца прыцягваць інвестыцыі. Спецыялісты плануюць давесці здабычу нафты да 1,8 млн тон у год (сёння гэты паказчык складае 1,6 млн тон у год).

Акрамя таго, будуць павялічаны аб'ёмы выкарыстання тарфянога паліва на 10% (у параўнанні з леташнімі паказчыкамі), што дазволіць замясціць імпарт прыроднага газу на суму 80 млн долараў ЗША. Дарэчы, ўвесь здабыты ў Беларусі газ цалкам перапрацоўваецца, аб'ёмы невялікія — 220—230 млн кубічных метраў. З увядзеннем у эксплуатацыю Астравецкай атамнай электрастанцыі мяркуецца знізіць выкарыстанне газу, які імпартуецца з Расійскай Федэрацыі.

Дынамічна развіваецца вытворчасць калійных угнаенняў. На базе Петрыкаўскага радовішча будзе ўведзены ў эксплуатацыю горна-ўзбагачальны комплекс магутнасцю здабычы не менш за 1,5 млн тон хларыду калію ў год.

Спецыялісты таксама збіраюцца павялічыць глыбіню перапрацоўкі сапрапелю на радовішчах, якія распрацоўваюцца. Гэта дазволіць атрымліваць угнаенне, харчовыя дабаўкі і раслінныя грунты на аснове сапрапелю.

Беларусь амаль цалкам забяспечана будаўнічымі матэрыяламі на аснове ўласнай мінеральнай сыравіны.

— Праводзяцца работы па разведцы пяскоў, пясчана-калійных сумесяў, цэментнай сыравіны, — адзначыў Сяргей Мамчык. — Летась уведзена ў эксплуатацыю каля 35 новых участкаў і радовішчаў пяску і пясчана-гравійнай сумесі. У краіну завозіцца некаторая колькасць гравію, шчэбню, кварцавага пяску. У найбліжэйшы час плануецца павялічыць магутнасць перапрацоўкі шчэбню да 25 млн тон у год, дзякуючы чаму імпарт сыравіны прыпыніцца. Плануем знізіць да мінімуму ўвоз кварцавага пяску. У цэлым разлічваем удвая зменшыць імпарт індустрыяльна-будаўнічай мінеральнай сыравіны.

Кацярына РАДЗЮК

radziuk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Яшчэ больш нафты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».