Вы тут

Нацыянальны сход атрымаў акрэдытацыю пры Лацінаамерыканскім парламенце


Нацыянальны сход нашай краіны надае вялікае значэнне развіццю міжпарламенцкага дыялогу з краінамі Паўднёвай Амерыкі. Важным кірункам гэтай працы стала развіццё супрацоўніцтва з Лацінаамерыканскім парламентам — аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыяй, якая аб'ядноўвае заканадаўчыя органы 23 дзяржаў гэтага рэгіёна.


Як праінфармавалі ў прэс-службе ніжняй палаты, у 2014 годзе Нацыянальны сход накіраваў зварот у Лацінаамерыканскі парламент з просьбай атрымаць статус пастаяннага назіральніка. «Па ўзгадненні бакоў у адпаведнасці са статутнымі дакументамі Лацінаамерыканскага парламента была ажыццёўлена сур'ёзная работа па юрыдычным афармленні адпаведнага статусу. Яе вынікам стала падпісанне 28 сакавіка бягучага года падчас афіцыйнага візіту ў Рэспубліку Беларусь парламенцкай дэлегацыі Рэспублікі Эквадор на чале са старшынёй Нацыянальнай асамблеі Эквадора, старшынёй Лацінаамерыканскага парламента Габрыэлай Рывадэнэйрай пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь і Лацінаамерыканскім парламентам», — гаворыцца ў прэс-паведамленні.

Нядаўна ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу нашай краіны прыйшоў ліст ад генеральнага сакратара Лацінаамерыканскага парламента, які пацвярджае, што Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь акрэдытаваны ў якасці пастаяннага назіральніка пры розных органах Лацінаамерыканскага парламента.

«Атрыманне ўказанага статусу адкрывае для Беларусі новыя магчымасці ўстанаўлення кантактаў з парламентамі — членамі гэтай арганізацыі, што дазволіць павысіць імідж нашай краіны на міжнароднай арэне», — інфармуе прэс-служба.

Віталь БУСЬКО, старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, у размове з журналістамі паведаміў, што статус пастаяннага назіральніка пры Лацінаамерыканскім парламенце мае толькі Усекітайскі народны сход.

Па словах дэпутата, Беларусь ўжо мае пэўныя эканамічныя напрацоўкі з Эквадорам, Кубай, Бразіліяй, Венесуэлай, Аргенцінай. Удзел у рабоце асамблеі Лацінаамерыканскага парламента дае магчымасць, падключыўшы дыпламатычныя каналы, напрамую весці перамовы з любым з кіраўнікоў парламентаў краін — членаў аб'яднання.

— Вельмі добры прыклад, які нас натхняе, — гэта Міжпарламенцкая асамблея АСЕАН, — адзначыў Віталь Бусько. У 2011 годзе Нацыянальны сход атрымаў пры ёй статус назіральніка, і да гэтага часу ўсе спікеры парламентаў краін — членаў АСЕАН ужо пабывалі ў Беларусі. Больш за тое, В'етнам — адзін з актыўных членаў гэтага аб'яднання — заключыў пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з Еўразійскім эканамічным саюзам.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.