Вы тут

11 краін, аб існаванні якіх можна даведацца дзякуючы Алімпіядзе


На летніх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра сваіх спартсменаў прадставіць рэкордная колькасць краін-удзельніц – 206. І калі да алімпійцаў з ЗША, Расіі, Францыі, Кітая, Велікабрытанія на Алімпіядзе ўсе даўно прызвычаіліся, ёсць спартсмены, нацыянальнасць якіх выклікае ў некаторых заўзятараў разгубленасць. Каб запоўніць гэтыя прабелы ў нашых ведах, “Звязда” склала топ невядомых многім краін, сцягі якіх развіваюцца ў алімпійскай вёсцы.  


Тувалу

Дзе знаходзіцца? Ціхі акіян. Складаецца з васьмі выспаў. З’яўляецца адной з самых маленькіх краін свету. Незалежнасць тувалуанцы атрымалі ў 1978-м годзе. А да той пары знаходзіліся ў складзе Вялікабрытаніі.

Фота earthismyhome.com

Калі вы ведаеце беларуса, які пабываў на Тувалу, можаце лічыць яго сапраўдным героем. Не таму, што там нябеспечна. Проста дабрацца на астравы неймаверна складана, і архіпелаг з насельніцтвам у 11 тысяч чалавек наведваюць пераважна японцы, аўстралійцы, навазеландцы. Затое туды даляцелі прынц Злучанага Каралеўства Уільям, яго жонка Кейт Мідлтан і запомніліся мясцовым жыхарам вось такім энергічным танцам (шоў пачынаецца пасля першай хвіліны).

Хто прадставіць на Алімпіядзе? Рабіць рэкламу сваёй краіне ў Рыа будзе ўсяго адзін атлет – 24-гадовы бягун Эцімоні Цімуані. На бацькаўшчыне яго ведаюць як футбаліста, але гэта не перашкодзіла яму выступаць у спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы.

Фота lessentiel.lu

Летась Эцімоні нават удзельнічаў у чэмпіянаце свету, які праходзіў у Кітаі. Стометроўку ён прабег за 11.72 секундаў і перагнаў сапернікаў з Кірыбаці і Науру. Кваліфікацыю бягун, зразумела, не пераадолеў. У Рыа адважны атлет таксама выступіць у забегах на 100 метраў.


Сэнт-Люсія

Дзе знаходзіцца? Шукайце ў Карыбскім моры. Неймаверна прыгожы востраў адкрыты Хрыстафорам Калумбам 13 снежня 1502 года ў дзень святой Люцыі. Жыве там прыкладна столькі, колькі ў нашым Барысаве – 160 тысяч чалавек. На выспе шмат вулканаў, серных крыніц. Асноўны эканамічны інтарэс – продаж бананаў. На Сэнт-Люсіі, дарэчы, знаходзіцца самы вядомы падводны гатэль свету Lovers Deep. Суткі пражывання ў гэтай гасцініцы абыйдуцца ў 143 тысячы долараў!  

Фота stlucianewsonline.com

Але не ўсё так добра ў гэтай мясціне. Летась на востраве згвалцілі брытанскую турыстку. Каб не ўздымаць шуму, турфірма ў выглядзе кампенсацыі зняважанай жанчыне прапанавалі… паход у салон прыгажосці.

Хто прадставіць на Алімпіядзе? Былы гулец у амерыканскі футбол Джавід Бэст. Так-так, гэта не памылка. З-за даволі частых страсенняў мозгу Бэст з футболам вырашыў завязаць, аднак у спорце застаўся і пачаў удзельнічаць у спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы.

Фота cloudfront.net

У Рыа-дэ-Жанейра ён пабяжыць стомятроўку. Сваіх спартсменаў Сэнт-Люсія таксама прадставіць у скачках у вышыню, парусным спорце і ў плаванні.  


Усходні Цімор

Дзе знаходзіцца? Займае палову вострава Цімор ў Паўднёва-Усходняй частцы Азіі. Да 1975-а года калонія Партугаліі. Пасля быў уключаны ў склад Інданэзіі, што выклікала супраціў у мясцовых жыхароў. Стаць цалкам незалежнай краінай Усходняму Цімору атрымалася толькі ў 2002-м годзе. 

Фота chriswhiteonline.org

Да слова, ва Усходнім Ціморы пражываюць самыя мініяцюрныя мужчыны ў свеце. Іх сярэдні рост усяго 160 сантыметраў.

Хто прадставіць на Алімпіядзе? Марафонец Аўгуста Рамас Суарэс. Ён ужо ўдзельнічаць у Гульнях у Лондане. Паказаў, праўда, не вельмі высокі вынік – 84-е месца. Але хлопец ставіць перад сабой не толькі спартыўныя задачы. “У многіх краінах нічога не ведаюць пра Усходні Цімор, - напярэдадні стартаў у Лондане сказаў Суарэс. – І я ўсцешаны прэзентаваць яго ў астатняй частцы свету і даказваць, што Цімор з’яўляецца краінай, якая можа канкураваць”.

Фота garethhuwdavies.com

У Рыа ён пабяжыць дыстанцыю ў 1500 метраў. У гэтай жа дысцыпліне Цімор прадставіць Нэйла Марцінс. Яшчэ адзін спартсмен выступіць у спаборніцтвах па веласпорце.


Каба-Вердэ

Дзе знаходзіцца? На астравах Зялёнага Мыса ў 620 кіламетрах ад заходняга ўзбярэжжа Афрыкі. Раней з’яўлялася калоніяй Партугаліі. У Каба-Вердэ хапае прыгожых краявідаў, але з-за высечкі лясоў на астравах амаль няма рэк. У сярэдзіне 1990-х лясы пакрывалі прыкладна 16 працэнтаў тэрыторыі дзяржавы. Найбольш паспяховымі галінамі эканомікі з’яўляецца рыбалоўства і турызм.

Фота balkantrek.net

Але найбольшую вядомасць Каба-Вердэ прынесла славутая спявачка Сэзарыя Эвора, якая прынцыпова выходзіла на сцэну басанож – у знак беднасці, у якой жылі і жывуць яе суайчыннікі. Пяць гадоў таму яе, на жаль, не стала…

Хто прадставіць на Алімпіядзе? Бягуны Жардзін Андрадэ і Лідзіян Лопэс, баксёр Дэвілсан Мараіс, гімнастка Эліян Боал, таэквандыстка Марыя Андрадэ.

Фота google.com

Нават самаму ўважліваму заўзятару гэтыя прозвішчы скажуць мала, але хто ведае, можа нехта з іх стане сапраўдным “цёмным конікам”.


Бутан

Дзе знаходзіцца? Бутан – гэта не толькі газ, але і сапраўдная краіна ў Гімалаях, заціснутая Індыяй і Кітаем. Плошча краіны – 38 тысяч квадратных кіламетраў. Насельніцтва – 758 тысяч чалавек. Краіна даволі традыцыяналісцкая па сваім укладзе. Кажуць, тэлебачанне і інтэрнэт з’явіліся толькі ў 1999-м годзе. Турысты пачалі прыязджаць сюды ў 1974-м годзе. Дагэтуль патрапіць туды можна было толькі па запрашэнні караля ці каралевы. Дарэчы, як думаеце, хто на фота?

Фота radikal.ru

Каралева Джэцун Пема Вангчук і  яе супруг -- кароль Бутана. Каралеўская пара такая папулярная ў краіне, што кожны год здымаецца для календара.

Дарэчы, самая галоўная неспадзяванка, з якой могуць сутыкнуцца турысты ў гэтым каралевстве – забарона на курэнне і продаж тытуню. Таму, калі вы курэц і збіраецеся наведаць “краіну дракона-грамавержца”, лепш пакіньце цыгарэты дома. У іншым выпадку заплаціце штраф.

Хто прадставіць на Алімпіядзе? На Гульнях Бутан прадстаўляюць пераважна лучнікі.

Фота spherasports.com

Гэтым разам за ўзнагароды пазмагаецца дзяўчына-лучніца Карма. У спаборніцтвах па стральбе выступіць Ленчу Кунзанг.


Самалі

Дзе знаходзіцца? Пра гэту краіну, што знаходзіцца на ўсходзе Афрыкі, увесь свет ведае дзякуючы тамтэйшым піратам, якія нахабна рабавалі чужыя караблі і бралі ў палон маракоў. З 1988 года ў краіне ідзе грамадзянская вайна і пакуль яшчэ не завяршылася.

Фота foto-baza.com

Яшчэ адна непрыемная навіна, звязаная з Самалі, на днях прыйшла з Лондана. 19-гадовы юнак у цэнтры горада накінуўся з нажом на прахожых. Адна жанчына забітая. Яшчэ некалькі людзей атрымалі пашкоджанні. Падазраваным называюць ураджэнца Самалі, які ў 2002 годзе з сям’ёй пераехаў у Злучанае Каралеўства.

Фота mosqueiftar.com

Хто прадставіць на Алімпіядзе? Рэпутацыю Самалі паспрабуюць узняць спартсмены --  бегуны Махамед Хасан Махамед і Марыян Нух Мусэ.


Свазіленд

Дзе знаходзіцца? На самым паўднёвым усходзе Афрыкі. Мяжуе з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай і Мазамбікам. Краіна вядомая на ўвесь свет сваім неардынарным каралём Мсваці ІІІ. Цікавымі палітычнымі рашэннямі 48-гадовы лідар пакуль не адзначыўся. Затое актыўна праявіў сябе ў сямейным жыцці.

Фота tumblr.com

У Мсваці 15 жонак і 25 дзяцей! Пяць гадоў таму каралю прыйшлося расстацца з адной са сваіх сужэнак. Ва ўсім вінаваты адзюльтэр. Жанчына здрадзіла каралю з міністрам юстыцыі.

У Свазілендзе вельмі высокі паказчыкі хворых на ВІЧ. Каб неяк уздзейнічаць на развіццё хваробы, у 2001-ым кароль загадаў аднавіць традыцыйнае права на нявіннасць. Дзяўчынам было забаронена займацца сексам да 21 года. Тыя, хто парушаў правіла, плацілі штраф у памеры 152 долараў. Але з-за супраціву насельніцтва правіла прыйшлося скасаваць.

Фота zimbio.com

Хто прадставіць на Алімпіядзе? Таксама бегуны – Сібусіса Мацэнжва і Пфумліле Ндзініса.


Кірыбаці

Фота travelandescape.ca

Дзе знаходзіцца? Калі скажаце, што на краі свету, не памыліцеся. Краіна размешчана на 33 атолах у Ціхім акіяне. Разам з Тувалу Кірыбаці прызнана самай непапулярнай дзяржавай сярод турыстаў. Кожны год дзеля дайвінгу, рыбалкі, пляжнага адпачынку сюды прыязджаюць усяго пяць тысяч падарожнікаў.  Шкада, ёсць там на што паглядзець. Хаця б на такія класныя танцы.

Хто прадставіць на Алімпіядзе? Два лёгкаатлеты і, безумоўна, легенда спорту Кірыбаці – штангіст Давід Катоатаў, чэмпіён Акіяніі, Гульняў Садружнасці. Ён ужо ўдзельнічаў у двух Алімпіядах, быў сцяганосцам зборнай. Давід такі вядомы на радзіме, што яго выявы змяшчаюць нават на паштовых марках.


Аруба

Дзе знаходзіцца? Каля Венесуэлы ў Карыбскім моры. Гісторыя Арубы непарыўна звязана з Нідэрландамі. Галандцы занялі востраў у 1636-ым годзе і з тых часоў перманентна прысутнічаюць на ім. Аруба і зараз не з’яўляецца цалкам незалежнай. Нават адмовілася ад суверэнітэту. У 1989-м годзе намеры абвесціць незалежнасць вострава былі скасаваны па жаданні мясцовага ўраду.

Фота ncl.com

Наогул Аруба - вельмі маляўнічая мясціна і карыстаецца попытам у многіх турыстаў. А пісьменнік Барыс Акунін у сваім рамане “Планета Вада” наогул пасяліў там Эраста Фандорына.

Фота google.com

Хто прадставіць на Алімпіядзе? Дзюдаіст Джэймі Мата, а таксама ўдзельнікі спаборніцтваў па парусным спорце.


Чад

Дзе знаходзіцца? У цэнтральнай частцы Афрыкі, на поўдні Сахары. Па сваёй плошчы краіна ўваходзіць у дваццатку самых буйных краін свету. Здабыча нафты негатыўна ўплывае на навакольнае асяроддзе. 

Фота africageographic.com

Многія людзі жывуць даволі бедна. Таму не дзіўна, што ў індэксе шчасця Чад заняў апошняе месца. 

Хто прадставіць на Алімпіядзе?  Бегуны – Бачыр Мухамат і Бібіро Алі Тахер (на фота).

Фота stadesottevillais76.fr


Науру

Дзе знаходзіцца? Яшчэ адзін ціхаакіянец у нашым спісе. Плошча – 21.3 квадратны кіламетр. Насельніцтва – 10 тысяч чалавек. Краіна такая маленькая, што ў яе нават няма сталіцы. Самым вялікім горадам вострава з’яўляецца Ярэн, дзе жыве звыш за 700 чалавек. У свой час на востраве адкрылі запасы фасфарытаў.

Фота 100dorog.ru

На выспе пачалі актыўна здабываць карысныя выкапні і плаціць за гэта мясцоваму насельніцтву, але фасфарыты скончыліся і прыгожае жыццё таксама. Науру займае першае месца ў свеце па колькасці людзей, якія пакутуюць на атлушчэнне.

Хто прадставіць на Алімпіядзе? Дзюдаіст Авіні Уэра і цяжкаатлет Элсан Брэхтэфельд.

Фота zimbio.com

Падрыхтаваў Тарас ШЧЫРЫ.

Каментары

Здзiвiла такая добрая падборка! Аутару рэспект!

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.