Вы тут

Мастак з Віцебска марыць стварыць музей у чамадане


Упершыню я ўбачыла Яўгена Кутаркіна на «Млыне» (сталічны кірмаш вырабаў ручной працы. — Аўт). Уразіў ён мяне тады найперш сваім дзіўным галаўным уборам. «Гэта шлемафон, — задаволіў цікаўнасць малады чалавек. — У такім лётчыкі звычайна лётаюць, таму ён мае павышаную шумаізаляцыю. Я ў ім таксама перыядычна працую, бо гэта вельмі зручна і практычна. Напрыклад, падчас фестывалю, калі даводзіцца выстаўляць свае інсталяцыі побач са сцэнай, ён дапамае не аглохнуць ад гучнай музыкі. Ды і ад ветру засцерагае». У гэты момант мая ўвага са шлемафона пераключылася на незвычайную канструкцыю побач з Яўгенам — у аснове якой лінза, трынога і бляшанае вядро. Вось зрабіў «Машыну часу», — сціпла прамовіў мастак і запрасіў завітаць у «Арт-прастору на Талстога, 7». І вось я ў музеі альтэрнатыўнага сучаснага мастацтва — адным з найцікавейшых месцаў Віцебска. У адной з залаў мяне сустракае Яўген са сваёй, ужо ўдасканаленай, «Машынай часу» і... процьмай маленькіх прадметаў з гліны — чаго тут толькі няма: і каструлі, і радыёпрыёмнікі, і прасы, і швейныя машынкі, і заварнікі, і кававаркі...


«Тата — мой налепшы студэнт»

«А дзе такі можна купіць? — паказвае на малюсенькі чайнічак турыстка са Шчучына. — Я сваёй дачцэ хацела б сувенір прывезці з Віцебска». — «Вазьміце — дару», — усміхнуўся Яўген. І расказаў, што якраз цяпер афармляе вітрыну будучай крамы, у якой можна будзе набыць у тым ліку і яго мініяцюрную кераміку. «Людзі, якія прыходзяць у «Арт-прастору», часта хочуць нешта забраць на памяць. Таму мы вырашылі даць ім такую магчымасць: зрабіць невялічкую краму-галерэю, дзе можна набыць асобныя вузлы і элементы работ тых творцаў, якія з доўгатэрміновымі экспазіцыямі працуюць у Мінску на Талстога, 7».

Да такога экзатычнага занятку, як выраб мініяцюрных прадметаў з гліны, Яўген прыйшоў не адразу. Пасля заканчэння ўніверсітэта імя П.М. Машэрава выкладаў кераміку ў прафесійна-тэхнічным каледжы. «Нават брата там вучыў, але ён цяпер творчасцю асабліва не займаецца. Затое тата вельмі сур'ёзна заняўся керамікай: засвоіў камінныя гадзіннікі і падлогавыя вазы. Ён мой найлепшы студэнт (смяецца). Праз два гады выкладання я вырашыў распачаць сваю справу».

Доўгі час мастак спецыялізаваўся на буйной інтэр'ернай кераміцы. Рабіў дэкаратыўныя талеркі ды гадзіннікі з гравіроўкай архітэктурных славутасцяў. Каля 150 розных выяў было: усе абласныя гарады Беларусі, Пецярбург, Масква, Калінінград, Чыкага, Лас-Вегас... «Усё рабіў уручную з дакладнай дэталіроўкай. Калі іншыя пачалі выкарыстоўваць лазерную гравіроўку, кінуў гэтую справу: які сэнс канкурыраваць з камп'ютарам, дзе любая графічная выява выконваецца за лічаныя хвіліны? У выніку пераключыўся на мініяцюрную кераміку. І ведаеце, сёння мае сантыметровыя работы ўражваюць людзей не менш, чым вялікія метровыя рэчы».

Чайнік памерам з запалкавую галоўку

А пачалося ўсё з захаплення антыкварыятам. Яўген часта заходзіў у антыкварныя крамы і бачыў там шмат прадметаў, якія не заўсёды мог сабе набыць. «Грошы патрэбныя былі на іншыя рэчы. Ды і ставіць тыя рарытэты насамрэч не было куды. Таму я і пачаў рабіць маленькія копіі таго, што мне падабаецца, у рэтра-стылістыцы. Мала таго, што людзі ў захапленні, дык гэта яшчэ і тэхналагічна зручна. Дастаткова 200 грамаў гліны ў кішэні, каб зрабіць дзясятак мініяцюр. Да таго ж іх можна выконваць у любым месцы, без спецыяльна абсталяванай майстэрні. Абпальваюцца мініяцюры ў лабараторнай муфельнай печцы, якая спажывае электраэнергіі столькі, колькі звычайны прас. Яе лёгка можна пакласці ў машыну і з'ехаць працаваць за горад».

Маленькія рэчы з гліны выконваюцца пры дапамозе нажовачнага палатна, адточанага пад вуглом 45 градусаў, і звычайнай іголкі. Гэтыя немудрагелістыя інструменты дазваляюць прапрацаваць усе дэталі нават пяціміліметровага чайніка.

У калекцыі Яўгена Кутаркіна ўжо больш за 50 розных прадметаў побыту. Памер мініяцюрных твораў мастацтва — каля 2-3 сантыметраў. Самы маленькі керамічны чайнік, які вылепіў мастак (дзе выразна бачныя носік, крышачка, ручка!!!) — не большы за запалкавую галоўку. «Каб рабіць такія міліметровыя рэчы, трэба мець трывалую псіхіку, — кажа Яўген. — Больш за тое, гэта займае шмат часу, таму я зрабіў толькі некалькі штук, каб размясціць у экспазіцыі, для кантрасту. Аналагаў з чырвонай гліны ў такім маштабе і з такой дэталіроўкай я не ведаю. Сустракаў мініяцюры з фарфору, але яны выконваюцца заводамі, як правіла, для лялечных домікаў».

У кожнай мініяцюры Кутаркіна свой лёс. «Неяк мой добры сябар Раман Баяранцаў папрасіў зрабіць для яго набор прадметаў побыту — міні-патэльняў, чайнікаў ды іншага. Ён пры дапамозе іх стварыў макет для спектакля. Яго, дарэчы, зацвердзілі і паставілі на сцэне нашага тэатра імя Якуба Коласа. Ёсць людзі, якія калекцыянуюць мае мініяцюры. Мне прыемна, калі чалавек набывае іх для інтэр'еру і яны яго радуюць штодзень. Гэта лепш, чым калі б мая работа ляжала пад нейкім інвентарным нумарам у музеі».

Дарэчы, менавіта падчас работы над вітрынай будучай крамы «Арт-прасторы» (у афармленні мастак выкарыстаў павялічанаю копію дарожнага чамадана) Яўгену ў галаву прыйшла цікавая ідэя: а чаму б не выкарыстаць чамаданную тэматыку і для сваёй мініяцюрнай калекцыі. «Я мару зрабіць кампактны музей, які можна было б перавозіць у чамадане з горада ў горад. Тым больш ужо праверыў, ён, двухметровы, якраз ідэальна змяшчаецца ў мікрааўтобус. Засталося толькі папоўніць калекцыю...»

Яўген «варожыць» над сваёй «Машынай часу».

Кожны расслабляецца па-свойму

А пакуль Яўген актыўна выкарыстоўвае сваю мініяцюрную кераміку ва ўласных інсталяцыях. У тым ліку і ў «Машыне часу». «Як і большасць творчых ідэй, «Машына часу» нарадзілася спантанна. Мой сябра Уладзімір Кадзетаў падарыў мне лінзу — яна выкарыстоўваецца для пайкі радыёдэталяў. На першы погляд, абсалютна ўтылітарная рэч, але, калі прыгледзецца, яна надзвычай арыгінальная па дызайне. «Я не ведаю, навошта яна табе, але адчуваю, спатрэбіцца». Так і сталася. Аднойчы я выйшаў у цэнтр горада, паставіў каля Ратушы барнае крэсла, на яго — вядро. Наляпіў туды свае мініяцюры з гліны, зверху прымацаваў тую лінзу, і сам сеў побач. Гэта канструкцыя выклікала жывы інтарэс. Не паверыце, да канца дня я прадаў усё разам з вядром. Цяпер, як бачыце, барнае крэсла замяніла трынога. Яна больш мабільная, лёгкая. Хтосьці, калі глядзіць на маю «Машыну часу», бачыць самагонны апарат, хтосьці касмічную станцыю, каму што бліжэй. Кожны выказвае сваё меркаванне, знаходзіць у гэтым нешта сваё. Я ж стараюся зрабіць, каб гэта было цікава і дзіцяці, і чалавеку за семдзесят. Апошнія, дарэчы, калі бачаць рарытэтныя друкавальныя машынкі ды радыёпрыёмнікі, настальгуюць, успамінаюць, што яны ў свой час карысталіся імі. І асацыятыўна пераносяцца ў той прамежак часу, які звязаны з гэтымі прадметамі, а значыць, і іх маладосцю. І радуюцца, як дзеці. Я імкнуся, каб мая інсталяцыя не толькі радавала, але і разам з тым наводзіла на нейкія філасофскія развагі. Шчасце ж яно насамрэч у дробязях, у простых рэчах. Інсталяцыя — гэта мой спосаб медытацыі. Кожны адпачывае па-свойму: хтосьці ідзе на рыбалку, хтосьці страляе вавёрак. Калі развешваю ўсялякія жалезкі і вёдры — у мяне расслабляецца мозг. Я раблю тое, што блізка мне, не імкнуся некага ў нечым пераканаць. Ёсць шэраг людзей, якім гэта таксама падабаецца».

Раней на незвычайныя ідэі, якія нараджаліся ў творчай галаве Яўгена Кутаркіна, можна было падзівіцца толькі час ад часу — на буйных фестывалях ды кірмашах. Цяпер для гэтага дастаткова прыйсці ў Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва. «Добрае памяшканне ў цэнтры горада — гэта вялікі падарунак для мастака. У «Арт-прасторы» можна выстаўляцца толькі пры ўмове, што гэта будзе цікава гараджанам і турыстам. Я вельмі ўдзячны за давер дырэктару цэнтра Андрэю Духоўнікаву, які падтрымлівае ўсе мае ідэі. Акрамя экспазіцыйнай залы, ён мне прапанаваў аформіць на свой густ дворык перад уваходам у музей. Падарожнічаючы па розных еўрапейскіх гарадах, я ў першую чаргу звяртаю ўвагу на арыгінальныя ў плане дызайну месцы. Заўсёды хацелася зрабіць штосьці незвычайнае ў Віцебску. Ідэй процьма. І вось, нарэшце, з'явілася магчымасць». Дарэчы, некаторыя цікавыя прадметы, бачыла на свае вочы, ужо з'явіліся ў дворыку «Арт-прасторы».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота з асабістага архіва Яўгена Кутаркіна

Загаловак у газеце: Шчасце — у дробязях

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».