Вы тут

Як можна адпачыць на Палессі?


Адразу скажу: спосабаў шмат. Можна паехаць «дзікуном» і начаваць на беразе Прыпяці ў палатцы, можна спыніцца ў гасцявым дамку. Можна паехаць на Палессе, каб адпачыць ад гарадскога тлуму, а можна ўзбагаціцца духоўна: наведаць музеі, даведацца пра гісторыю рэгіёна, яго традыцыі і культуру.


На бе­ра­зе Пры­пя­ці.

Еду ў Столін не ўпершыню. Першы раз давялося там пабываць дажджлівым снежнем 2014-га. Цяпер жа еду — і ўсё ў зеляніне.

Дарэчы, дабрацца са сталіцы ў палескую глыбінку няпроста. У цотныя дні можна даехаць па чыгунцы да станцыі Гарынь, што непадалёку ад Століна. А вось у няцотныя трэба шукаць іншыя спосабы. Выбрала аўтобус. Білет каштаваў 215 тысяч, і за гэтыя грошы мяне «павазілі» ўсюды. Аўтобус заехаў у Слуцк, Салігорск, Жыткавічы, Тураў, Давыд-Гарадок... Дарога заняла 8 гадзін, і атрымалася своеасаблівая экскурсія па паўднёвым усходзе і поўдні нашай краіны. У Столін прыехала літаральна апоўначы — але ў гасцініцы мяне чакалі.

Некалькі слоў пра яе. Нумары ў адзінай столінскай гасцініцы «Гарынь» каштуюць ад 240 тысяч за суткі — даволі танна, асабліва ў параўнанні са сталічнымі гатэлямі. Гасцініца новая, у кожным нумары — сучасная мэбля і ўсе выгоды. Калі заплаціць трошкі больш, то дадуць двухмесны нумар, дзе ёсць халадзільнік. Адным словам, жыві, як твая душа жадае.

Столін — горад з насельніцтвам у дзесяць тысяч чалавек. У асноўным тут домікі аднапавярховыя, з агародзікамі і кветнікамі. Столінцы — людзі руплівыя. А пятай гадзіне з вуліцы даносяцца бадзёрыя і звонкія галасы. Людзі кіруюцца прынцыпам: хто рана ўстае, таму Бог падае.

Асабіста мяне цікавілі прыродныя адметнасці Століншчыны, таму перш-наперш сустрэлася з дырэктарам заказнікаў рэспубліканскага значэння «Сярэдняя Прыпяць» і «Альманскія балоты» Іванам ЯХНАЎЦОМ. Ён расказаў, што цікавасць, як сярод нашых суайчыннікаў, так і сярод замежнікаў да адпачынку на Століншчыне ёсць. У самых маляўнічых частках раёна пабудавана некалькі дамоў адпачынку. Мы едзем у адзін з іх — у вёску Кораб'е. Да таго часу, пакуль заказнік не выкупіў там адзін дамок, каб абсталяваць яго для турыстаў, жыхароў у вёсцы амаль не было. Але калі людзі ўбачылі, што тут можна адкрыць сваю справу, прычым у турыстычнай сферы, то вярнуліся. Цяпер у Кораб'і ладзіцца некалькі аграсядзіб.

Іван Ях­на­вец па­каз­вае марш­ру­ты па­да­рож­жаў па Пры­пя­ці.

Мой экскурсавод прызнаўся, што ён — прыхільнік індывідуальнага турызму.

— З чалавекам трэба пазнаёміцца, даць магчымасць і адпачыць, і даведацца нешта новае, — тлумачыць Іван Васілевіч. — Ад такой працы атрымліваеш задавальненне. А калі турызм масавы, то ўзнікае абыякавасць.

У Кораб'і Іван Яхнавец паказвае па сучаснаму абстаўлены дом з двума ўваходамі (гэта значыць, там адначасова могуць адпачываць дзве сям'і) і прапануе здзейніць невялікае падарожжа па Прыпяці на катары. Натуральна, ад такой прапановы нельга адмовіцца.

З сярэдзіны ракі адкрываецца цудоўны від на вёску. Дзе-нідзе на беразе можна ўбачыць рыбака. У адным месцы дзяўчына чысціць рыбу, каля яе лётаюць чайкі — спадзяюцца на пачастунак. Некаторыя з птушак займаюцца рыбалоўствам самастойна. Прагулка па рацэ супакойвае і расслабляе. Калі падплываем да моста, суразмоўца прапануе загадаць жаданне і гарантуе, што добрае і шчырае абавязкова збудзецца. Загадваю.

На жаль, не магу надоўга застацца ў заказніку. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Столінскага райвыканкама Васіль ЗАРУБА запрашае наведаць вёску Гарадная, дзе знаходзіцца Цэнтр ганчарства.

— На базе Цэнтра ганчарства ладзяцца міжнародныя пленэры з 2008 года, — расказвае дырэктар Цэнтра Васіль КАЗАЧОК. — Пленэры праводзяцца з 25 ліпеня па 2 жніўня. Традыцыйна, акрамя беларусаў, на іх прыязджаюць ганчары з Расіі, Грузіі, Арменіі, Украіны, Польшчы, Малдовы, Даніі, Швецыі.

Пленэры праходзяць на невялікай плошчы непадалёку ад самога Цэнтра.

— Жыхары вёскі, госці назіраюць за работай мастакоў. Людзей прыязджае шмат, але больш за ўсё — у дзень кірмашу пад назвай «Гараднянская мамзэлька», які звычайна ладзіцца напрыканцы пленэру, як правіла, у нядзелю. На ім прадаюць свае вырабы і мясцовыя майстры, і замежныя ўдзельнікі.

Традыцыйна ўдзельнікі пленэру дораць свае вырабы музею пры Цэнтры ганчарства. Чаго там толькі няма! Ёсць, напрыклад, рэчы, вырабленыя з гліны па старажытных тэхналогіях! У музеі ёсць асобная зала, дзе захоўваюцца гліняныя вырабы, што засталіся ад продкаў.

— У Гарадной казалі: калі хлопец не навучыцца рабіць гаршкі, то за яго мясцовая дзяўчына замуж не пойдзе, — расказвае Васіль Казачок. — А калі дзяўчына не навучыцца вышываць, то яе ніякі хлопец замуж не возьме. Дзяўчына павінна падрыхтаваць сабе пасаг і пасля замужжа прынесці яго з сабой у хату мужа.

У Цэнт­ры ган­чар­ства (в. Га­рад­ная).

Удзельнік пленэраў Рыгор КАВАЛЬКА ганчарствам займаецца з маленства. Цяпер майстар вучыць ганчарству дзяцей — нават падчас летніх канікул яны прыходзяць амаль штодня.

У самім Століне таксама ёсць што паглядзець. Ад галоўнай плошчы, на якую выходзяць вокны гасцініцы, ідзе брукаваная вуліца. Калі ісці па ёй, то прыйдзеш у стары радзівілаўскі парк «Манькавічы». У Століне знакамітыя беларускія магнаты мелі рэзідэнцыю. На жаль, сама сядзіба была знішчана ў гады вайны. Ад яе застаўся толькі адзін з гаспадарчых будынкаў — там цяпер месціцца Столінскі раённы краязнаўчы музей, які лічыцца адным з найлепшых у Брэсцкай вобласці.

— Сам палац быў падобны на рэзідэнцыю Радзівілаў у Нясвіжы, хоць і не такі манументальны і велічны, — успамінае малодшы навуковы супрацоўнік музея Крысціна ЖАЎНЕРЫК. 

У адным з першых музейных памяшканняў бачу вялікі і — адразу відаць — вельмі старажытны човен, зроблены з суцэльнага дуба. У музей човен трапіў усяго год таму — праз засуху. Узровень вады ў Гарыні апусціўся так нізка, што на свет паказаўся човен. Сумеснымі намаганнямі яго выцягнулі, пачысцілі і адправілі ў музей.

Экспазіцыі ў музеі вельмі цікавыя. Ёсць залы, прысвечаныя дагістарычным часам, прыродзе, традыцыям і культуры столінскіх палешукоў, іх жыццю ў пераломныя моманты гісторыі.

Столін — адзін з самых аддаленых куткоў краіны. Ізаляванай, закрытай, дзякуючы прыродным асаблівасцям, была Століншчына ў часы Сярэднявечча, Новага часу і нават 100 гадоў таму. Гэта ў многім абараняла палешукоў ад розных захопнікаў.

— Прыродныя асаблівасці Столінскага раёна абумовілі яго лёс, яго аддаленасць ад усіх гістарычных падзей, што адбываліся на тэрыторыі тых дзяржаў, у склад якіх у розныя гады ўваходзіла Століншчына, — расказвае малодшы навуковы супрацоўнік музея. — Палешукі жылі сабе і жылі.

Сваю аўтэнтычнасць палешукі захоўваюць і сёння. Па рэках па-ранейшаму плывуць параходы, рыбацкія лодкі, прагулачныя катары. Папрацаваць побач з мясцовымі ганчарамі замежнікі лічаць за гонар. Няхай сёння, у ХХІ стагоддзі, многае адышло ў мінулае, але тут, на Століншчыне, гэта не адчуваецца так балюча. Вёскі жывуць, людзі захоўваюць уменні продкаў, і ўбачыць гэта сваімі вачыма — сапраўды варта.

Калісьці праз тэрыторыю цяперашняга Столінскага раёна праходзіў знакаміты шлях «з варагаў у грэкі». Цяпер па Прыпяці таксама часам ходзяць грузавыя параходы. Старажытная мінуўшчына Століншчыны паступова абрастае гіпотэзамі. Так, згодна з адной з іх, вядомы па дзіцячых казках Змей Гарынавіч родам менавіта з гэтых мясцін. Чаму? Таму што адной з галоўных рэк раёна з'яўляецца рака Гарынь, якая і дала герою былін прозвішча.

Заказнік «Сярэдняя Прыпяць» мае не толькі рэспубліканскае, але і міжнароднае значэнне. Менавіта тут захоўваюцца папуляцыі цэлага шэрагу відаў птушак, якія знаходзяцца пад пагрозай глабальнага знішчэння — у тым ліку вяртлявая чаротаўка, вялікі падворлік, драч, дупель.

Кожны гаршчок мае сваю назву. «Мамзэлька» — самы малы гаршчок, у якім звычайна гатавалі кашу, ад яго і ідзе назва кірмашу. Трошкі большы гаршчок называецца «сямак» (іх калісьці прадавалі па сем штук, адгэтуль і назва). Яшчэ большы — злівач, ад слова «зліваць». У такіх гаршках звычайна гатавалася першая страва, напрыклад боршч. Гаршчок пад назвай «адзінец» такі вялікі, што ў той час, калі тыя ж «мамзэлькі» прадаваліся па дзесяць у партыі, ён ішоў адзін. Самы ж вялікі гаршчок называецца «паляк», у ім захоўвалі зерне.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Столінскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».