Каля 200 журналістаў з усіх абласцей сабраў учора на Гродзеншчыне рэспубліканскі семінар «Аб рабоце СМІ па рэалізацыі задач дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі». Яны пазнаёміліся з творчымі напрацоўкамі «Гродзенскай праўды», Лідскага тэлерадыёаб'яднання, ваўкавыскай газеты «Наш час», медыякомплексу Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, пабывалі на шэрагу прадпрыемстваў, арганізацый вытворчай і сацыяльнай сферы, паўдзельнічалі ў запуску на тэлеканале «Гродна плюс» вяшчання ў HD-фармаце на пастаяннай аснове.
Міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ падкрэсліла знакавасць таго, што семінар праходзіць у кантэксце нядаўняга Усебеларускага народнага сходу і напярэдадні выбараў у парламент:
— Важна, каб тыя пасылы, задачы, якія пастаўлены Усебеларускім народным сходам, трансфармаваліся на старонках газет, у эфіры тэлерадыёканалаў, на інтэрнэт-рэсурсах, на растлумачэнне дзяржаўнай палітыкі. Бо самае галоўнае — гэта фарміраванне адказных адносін грамадзян да сябе, сваёй сям'і, краіны.
Што тычыцца выбараў у парламент, то трэба ўважліва і вельмі адказна кіравацца патрабаваннямі выбарчага заканадаўства.
— Упэўнена ў тым, што СМІ ў поўным аб'ёме выканаюць сваю задачу па ўсебаковым, аб'ектыўным інфармаванні аб выбарчым працэсе, каб грамадзяне мелі магчымасць азнаёміцца з праграмамі кандыдатаў у дэпутаты і зрабілі дастойны выбар, — дадала міністр.
Лілія Ананіч пакрэсліла, што задача медыйнай сферы ва ўмовах канкурэнцыі — узмацняць стварэнне нацыянальнага кантэнту, бо ніхто лепш за нас саміх не раскажа пра тое, што адбываецца ў нашай краіне. Вельмі шмат добрых тэм, праектаў, якія патрабуюць пільнай увагі журналістаў, напрыклад пытанні здаровага ладу жыцця. Канешне, у цэнтры ўвагі прэсы павінны заставацца важнейшыя праблемы развіцця эканомікі, сацыяльнай палітыкі. Пры гэтым, расказваючы аб станоўчым вопыце, які маецца ў кожным рэгіёне, трэба бачыць і не ўтойваць вострыя тэмы, якія хвалююць насельніцтва, і разам з чытачамі, уладай разбірацца ў праблемных пытаннях. Тым больш што толькі ў нашай краіне ёсць указ Прэзідэнта аб рэагаванні на крытычныя выступленні ў СМІ.
Лілія Ананіч таксама звярнула ўвагу на ўдасканаленне работы ў інтэрнэце. Інтэрнэт-сайты створаны, але трэба, каб гэтыя рэсурсы былі запатрабаваны чытачамі. Неабходна больш актыўна працаваць у сацыяльных сетках, з парталам «БелСМІ».
— Моцна трымацца на лідарскіх пазіцыях сёння, у эпоху хуткага развіцця новых тэхналогій, можа толькі добра аснашчаная і забяспечаная высокапрафесійнымі кадрамі рэдакцыя сродку масавай інфармацыі, — лічыць намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар ЛІСКОВІЧ.
У мінулай пяцігодцы на Гродзеншчыне рэалізавалі абласную Комплексную праграму развіцця сродкаў масавай інфармацыі, дзякуючы якой значна ўмацавалі матэрыяльную базу рэдакцый газет і друкарняў. А дзеля эфектыўнага выкарыстання творчага патэнцыялу нядаўна стварылі рэгіянальны кластар друкаваных СМІ, у які ўвайшлі рэдакцыі «Гродзенскай праўды», раённых газет, абласное аддзяленне Беларускага саюза журналістаў, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама. У рамках гэтай медыйнай структуры ладзяць творчыя семінары, трэнінгі, арганізавалі конкурс інавацыйных праектаў студэнтаў і маладых спецыялістаў у сферы медыякамунікацый.
Безумоўным прыярытэтам сёння з'яўляецца і якасная работа ў інтэрнэце. Віктар Лісковіч паведаміў, што ў рэгіёне ствараюць свайго роду вертыкаль дзяржаўных электронных рэсурсаў, якая ўключае сайты прадпрыемстваў і арганізацый, СМІ, органаў улады. Інфармацыя распаўсюджваецца ад сайтаў выканкамаў да самых невялікіх прадпрыемстваў, і, наадварот, навіны з месцаў аператыўна даходзяць да буйных інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў. Пры гэтым з'явіліся клікабельныя банеры рознай тэматыкі. Любы наведвальнік сайта сёння абавязкова ўбачыць блок навін, можа адкрыць банеры «Выбары- 2016», «Год культуры», «Гродзенская вобласць. Каляндар падзей — 2016», «Легенды Гродзеншчыны», а таксама тыя, якія падкажуць, як актыўна і з карысцю правесці вольны час, — «Веларух», «Каробчыцкі «Алімп», «Турыстычная прывабнасць Гродзеншчыны», «Аўгустоўскі канал запрашае».
У тэму
Сяргей РАЎНЕЙКА, памочнік Прэзідэнта — галоўны інспектар па Гродзенскай вобласці:
— Думаю, што СМІ маюць важнейшае значэнне ў сістэме дзяржаўнага кіравання, паколькі гэта, па-першае, вельмі дзейсны сродак уплыву, а па-другое, эфектыўны канал данясення аператыўнай інфармацыі. Хацелася б, каб СМІ былі ў рэгіёне дыскусійнай пляцоўкай, дзе ўзнімаюцца надзённыя пытанні і даецца магчымасць выказацца ўсім слаям насельніцтва, у тым ліку аказваючы ўплыў на прыняцце рашэнняў уладамі.
Барыс ПРАКОПЧЫК
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!