Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» ў Літве пазнаёміўся з каралём керамікі


...а таксама даведаўся, як самабытнасць супрацьстаіць глабалізацыі, і літаральна пад нагамі знайшоў... СССР.


Са­мы вя­до­мы ў Літ­ве ке­ра­міст  Ві­таў­тас Ва­лю­шыс.

На свае рукі

Вітаўтас Валюшыс лічыцца адным з лепшых керамістаў Еўрапейскага саюза, што пацвярджае ўзнагарода «Залаты вянок» і тытул караля керамікі. У яго багатай калекцыі ёсць і беларуская кераміка. Вітаўтас перакананы, што музей, які ён стварыў паблізу літоўскага горада Уцена (літ. Utena) не мае аналагаў у свеце. Цяпер у ім каля 20 тысяч экспанатаў.

Музей керамікі пана Вітаўтаса, рамесніка з больш чым 40-гадовым стажам, знаходзіцца ў двухпавярховым будынку, узведзеным да Другой сусветнай вайны, потым там змяшчалася школа. Ганчар самастойна адрамантаваў будынак. Яго прыватная ініцыятыва па стварэнні ўнікальнага ганчарнага цэнтра была падтрымана ў рамках трансгранічнага праекта Еўрапейскага саюза «Музейныя вароты».

— На жаль, глабалізацыя нясе пагрозу страты нацыянальных традыцый. У Еўропе, ды і не толькі, цяпер маюцца нядобрыя тэндэнцыі: рамеснікі капіруюць адзін аднаго, робяць тое, што не ўмеюць, не адчуваюць. А трэба ствараць тое, што адчуваеш, важна не забываць свае карані, — лічыць майстра.

Ён не толькі з задавальненнем паказвае калекцыю шматлікім гасцям, але і саджае ахвотных за ганчарнае кола і дазваляе на свае рукі адчуць цуд пераўтварэння кавалка гліны ў непаўторную рэч.

— Я ў дзяцінстве быў маленькага росту, а мой лепшы сябар — высокі прыгажун. Дык у яго ўсе дзяўчаты былі закаханыя, а мне трэба было займацца самба, пісаць вершы, музыку, добра танчыць, каб не адставаць, — смяецца Вітаўтас. — А потым заняўся керамікай. Цяпер у мяне дзве Музы: жанчына і гліна.

У му­зеі ке­ра­мі­кі пад Уце­най кож­ны мо­жа ад­чуць ся­бе ка­ра­лём.

Літоўскі край азёр

Літоўскі горад Уцена, дзе жыве каля 28 тысяч чалавек, мала вядомы беларусам. Знаходзіцца ён на адлегласці прыкладна 100 кіламетраў ад Вільнюса. На гербе горада — выява падковы.

Гэта адзін са старэйшых літоўскіх гарадоў, у летапісе згадваецца ў 1261 годзе. Назву атрымаў ад рэчкі Уценайтэ. Славутасць горада — самы стары ў Літве нацыянальны парк з лясамі і азёрамі, аўтэнтычнымі вёсачкамі. Дарэчы, ва Уценскім павеце каля 190 азёр.

Самы стары будынак гарадка — паштовая станцыя. Яна ўзведзена ў 1835 годзе, а яе адкрыццё адбылося з удзелам расійскага імператара Мікалая І і яго сына Аляксандра. У наш час там знаходзіцца экспазіцыя філіяла музея, якая расказвае пра дэпартацыю літоўцаў.

Дарэчы, з расійскім царом звязана гісторыя пра скаргу на мясцовага памешчыка Краўзэ. Апошні быў вельмі жорсткім чалавекам, здзекаваўся з прыгонных сялян, біў іх. Перад тым, як імператар прыехаў ва Уцену, салдату, які павінен быў стаяць на варце, даверылі перадаць скаргу. Той паклаў паперу ў форменную шапку. Так сталася, што Мікалай І выпадкова спыніўся менавіта каля гэтага салдата. Апошні ўпаў на калені і зняў шапку. Цар узяў скаргу і адразу прачытаў. Жорсткага памешчыка сваім распараджэннем выселіў...

Керамікі шмат і на вуліцах Уцены, і ў мясцовым краязнаўчым музеі. У апошнім ёсць таксама і багатая калекцыя твораў майстроў разьбы па дрэве XVІІ—XІX стагоддзяў.

Праект «Музейныя вароты» вылучыў Уценскаму краязнаўчаму музею 70 тысяч еўра для афармлення залы, прысвечанай гісторыі горада. Дзякуючы гэтым грашам, тут з'явіўся інтэрактыўны «электронны стол», які дазваляе ўбачыць, як мяняўся горад: якія тут з'яўляліся і знікалі дамы, як перабудоўваліся касцёлы, якія працавалі прамысловыя прадпрыемствы...

Сярод 85 тысяч экспанатаў ёсць і прысвечаныя савецкаму часу. Напрыклад, плакаты-«справаздачы» пра тое, як паляпшаўся ўзровень жыцця, «тыповы» прадуктовы набор...

Цяпер тут мала што нагадвае савецкае мінулае. На вуліцах не ўбачыш помнікаў Леніну, не засталося тагачасных назваў вуліц. Але нечакана я ўбачыў проста пад нагамі... крышку ад люка, зробленую ў Літоўскай ССР...

Пра тое, як калісьці выглядалі літоўскія хутары, можна атрымаць уяўленне ў этнаграфічнай сядзібе братоў Мішкіняй.

На палях прэс-тура...

Перад паездкай у Літву музейныя супрацоўніцы запыталі, што мне было б цікава ўбачыць. Цытуючы словы героя фільма «Дэжа вю», я пажартаваў: «бокс, секс, джаз». Але ў адказ пачуў сур'ёзнае, што апошняга з пералічанага больш няма. Аказалася, што мясцовы музычны гурт забаронены за радыкалізм... Затое ва Уцене ёсць музычны фантан на маляўнічым возеры Даўнішкіс.

Не знайшоў я тут і марак (мой сын збірае) на мясцовай пошце, куды адвёў мяне літоўскі калега. Літоўскія еўраскептыкі скардзіліся на тое, што няма больш нацыянальных банкаў, а вытворцам сельскагаспадарчай прадукцыі плацяць, каб... не аралі і не сеялі. Шмат моладзі пакідае краіну ў пошуках лепшай долі ў больш багатых краінах ЕС.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Уцена—Полацк—Віцебск.

Загаловак у газеце: Дзве музы караля

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.