Вы тут

Анатоль Чорны: галоўная праблема ў будаўніцтве — інфляцыя


Аб'ёмы будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай, а таксама стварэнне сістэмы жыллёвых накапленняў будуць залежаць ад стабільнасці беларускага рубля. Пра гэта журналістам паведаміў міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль ЧОРНЫ. Паводле яго слоў, сёння не ідзе гаворкі аб тым, каб налета павялічыць аб'ёмы будаўніцтва жылля з падтрымкай дзяржавы.


«Наша галоўная задача — захаваць такія ж аб'ёмы, як сёлета, — зазначыў міністр. — Трэба на 100 працэнтаў забяспечыць жыллём шматдзетныя сем'і, і гэта цяпер робіцца. У асноўным, гэта катэгорыя грамадзян чакае кватэры не больш за год, у тым ліку і ў Мінску».

Па словах Анатоля Чорнага, галоўнай праблемай застаецца памер інфляцыі, які не дазваляе сур'ёзна павысіць аб'ёмы будаўніцтва з дзяржпадтрымкай для грамадзян, што маюць патрэбу ў жыллі. Калі зніжэнне курса беларускага рубля будзе складаць не больш, чым 10 працэнтаў за год, можна будзе разглядаць пытанне аб павелічэнні такога субсідавання. Гэты ж паказчык стане вызначальным і для стварэння ў Беларусі сістэмы будаўнічых накапленняў. Мяркуецца, што пасля стварэння гэты механізм будзе даступны для ўсіх катэгорый грамадзян.

За мінулае паўгоддзе ў краіне было ўзведзена 2 мільёны 54 тысячы квадратных метраў жылля пры заданні ў 1 мільён 200 тысяч квадратных метраў. Гэта 52% ад гадавога плана. З іх 505,8 тысячы было пабудавана з дзяржпадтрымкай (гадавы план складае 840 тысяч квадратных метраў). Таму, на думку Анатоля Чорнага, усе задачы на год будуць выкананыя. Кошт квадратнага метра склаў 750 рублёў, і гэта таксама ніжэй за запланаваны гадавы паказчык у 790 рублёў.

Пытанне аб аб'ёмах жыллёвага будаўніцтва на 2017 год пакуль разглядаецца, але можна дакладна сказаць, што яны не будуць меншымі за 3 мільёны 500 тысяч квадратных метраў (сёлета гадавы план складае 4 мільёны квадратных метраў). У першую чаргу зніжэнне абумоўлена колькасцю зваротных сродкаў, за якія будуецца жыллё з дзяржпадтрымкай — цяпер іх хопіць толькі на пабудову 300 тысяч квадратных метраў жылля (для параўнання — сёлета плануецца ўзвесці 840 тысяч). Аб'ёмы камерцыйнага ж будаўніцтва застаюцца ранейшымі. Аднак пры распрацоўцы бюджэту міністэрства па даручэнні прэм'ер-міністра будзе настойваць на павелічэнні дзяржаўнай падтрымкі, таму лічба ў 3,5 мільёна квадратных метраў пакуль неканчатковая.

Закраналася і пытанне арэндных кватэр — іх сёлета пабудавана каля 100 тысяч квадратных метраў. На 2017 год запланавана стварэнне 130 тысяч арэндных квадратных метраў, у тым ліку і ў сталіцы. Дарэчы, аб'ёмы будаўніцтва ў Мінску, па словах міністра, будуць зніжацца. Як паведаміў Анатоль Чорны, «максімальны аб'ём жылля, які мы можам узвесці ў сталіцы, з улікам усіх зносаў і ўшчыльненняў, складае 7 мільёнаў квадратных метраў».

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Камень спатыкнення» ў будаўніцтве — інфляцыя

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.