Вы тут

Што зрабіць, каб дзіця з радасцю бегла ў школу?


Першага верасня ў беларускія школы прыйдуць каля 110 тысяч першакласнікаў. І хоць для шасцігодак у нашых школах ствараюцца максімальна камфортныя ўмовы, медыкі перакананыя: пачатак школьнага жыцця — гэта магутнейшы стрэс для кожнага дзіцяці.

Як сцвярджаюць псіхолагі, для многіх дзяцей, асабліва шасцігодак, сацыяльная адаптацыя ўяўляе істотную праблему, паколькі асоба, здольная падпарадкоўвацца школьнаму рэжыму, засвойваць школьныя нормы паводзінаў і прызнаваць школьныя абавязкі, яшчэ не сфарміравалася.


Найбольш распаўсюджаная памылка і педагогаў, і бацькоў — меркаваць аб гатоўнасці да школы толькі па ўзроўні інтэлектуальнага развіцця. Многія бацькі імкнуцца навучыць сваё дзіця чытаць, пісаць, музіцыраваць, «азам» замежных моў яшчэ да паступлення ў школу. Гэта самы надзейны спосаб давесці малога да эмацыянальнага і нервовага зрыву... Навучанне чытанню, пісьму, лічэнню — асноўная задача пачатковай школы. І настаўнік зробіць гэта больш прафесійна, чым бацькі. Да таго ж уменне чытаць і пісаць зусім не азначае гатоўнасць да школы. Для першакласніка куды больш важна ўмець граматна пераказваць тэкст, абагульняць, параўноўваць і лагічна разважаць.

Увагу трэба звяртаць на сацыяльную гатоўнасць хлопчыка ці дзяўчынкі да навучання — пад ёй трэба разумець патрэбу дзіцяці ў зносінах з іншымі, яго настрой на працу і супрацоўніцтва і пэўную самастойнасць. Дзіця прыходзіць у школу, дзе яму давядзецца наладжваць узаемаадносіны з аднакласнікамі і настаўнікам, таму ўменне прыслухоўвацца да іншых, саступаць і абараняцца будзе для яго зусім не лішнім.

Гатоўнасць да школы — гэта яшчэ і наяўнасць матывацыйнай гатоўнасці, прычым малога павінен прыцягваць не проста знешні бок школьнага жыцця (новенькія ранец, падручнікі, сшыткі), а магчымасць атрымліваць новыя веды. Тут у больш выгадным становішчы аказваюцца малодшыя дзеці ў сям'і, якія, назіраючы за вучобай старэйшых, таксама імкнуцца да школьнага жыцця: ім падабаюцца паважлівыя адносіны членаў сям'і і да працоўнага месца старэйшых брата ці сястры, і да іх школьных абавязкаў.

Найбольш напружаныя для ўсіх дзяцей — першыя чатыры тыдні навучання. У гэты час вельмі важная ўвага і падтрымка з боку бацькоў і настаўнікаў. Вялікае значэнне мае мікраклімат у сям'і. У выпадку ўзнікнення складанай школьнай сітуацыі бацькі могуць выказваць сваё меркаванне на праблему, але дзіця павінна адчуваць іх падтрымку. Паспяховасць у вучобе — не галоўнае, асабліва калі яна негатыўна адбіваецца на эмацыянальным і фізічным стане дзіцяці. Вельмі важна на першых кроках школьнага жыцця не крытыкаваць дзіця, не параўноўваць яго з іншымі, а прымусіць яго паверыць у поспех. Празмерная жорсткасць, раздражняльнасць і нецярплівасць з боку бацькоў сітуацыю толькі пагоршаць.

Псіхолагі лічаць, што шасцігодкі належаць больш усё ж такі дашкольнаму свету, чым школе: сапраўды, яны здольныя засвойваць вучэбны матэрыял, але толькі ў выглядзе гульні, а з гэтай задачай, як сведчыць практыка, спраўляюцца не ўсе педагогі.

Назіранні паказалі, што сацыяльна-псіхалагічная адаптацыя можа праходзіць па-рознаму. Значная частка дзяцей (прыкладна 50-60%) прывыкаюць на працягу 2-3 месяцаў навучання. Гэта праяўляецца ў тым, што дзіця ўліваецца ў новы калектыў, бліжэй знаёміцца са сваімі аднакласнікамі, набывае сяброў. У такіх дзяцей пераважае добры настрой, актыўнае стаўленне да вучобы, жаданне наведваць школу, здольнасць добрасумленна і без прыкметнага напружання выконваць патрабаванні настаўніка.

Іншым дзецям (каля 30%) патрабуецца больш часу для прывыкання да новага школьнага жыцця. Яны не адразу выконваюць патрабаванні настаўніка, часта высвятляюць адносіны з аднагодкамі неадэкватнымі метадамі (б'юцца, капрызяць, плачуць, скардзяцца). У гэтых дзяцей узнікаюць цяжкасці і ў засваенні школьных праграм.

І, нарэшце, у кожным класе ёсць прыкладна 14% дзяцей, у якіх да цяжкасцяў у вучобе дадаюцца цяжкасці працяглай (да аднаго года) адаптацыі. Такіх дзяцей вылучаюць устойлівыя адмоўныя эмоцыі, нежаданне вучыцца і наведваць школу. Часта менавіта з гэтымі дзецьмі не жадаюць сябраваць і супрацоўнічаць аднакласнікі, што выклікае новую рэакцыю пратэсту: яны паводзяць сябе задзірліва, перашкаджаюць праводзіць навучальныя заняткі і г.д.

Адна з галоўных прыкмет паспяховай адаптацыі дзіцяці да школьнага жыцця — гэта ступень самастойнасці пры выкананні ім вучэбных заданняў, жаданне звярнуцца па дапамогу да дарослых толькі пасля спроб самастойна справіцца з задачай. Бацькі нярэдка вельмі старанна дапамагаюць дзіцяці, што выклікае адмоўны эфект — вучань прывыкае да сумеснай падрыхтоўкі ўрокаў і не жадае рабіць іх адзін. Таму лепш адразу акрэсліць межы бацькоўскай дапамогі і паступова змяншаць яе аб'ёмы. Нельга парушаць адзін з важных прынцыпаў выхавання — не рабіць за дзяцей тое, што яны ў стане зрабіць самі.

Яшчэ адна найважнейшая ўмова паспяховай адаптацыі да школы — фарміраванне ўмення правільна ацэньваць свае дзеянні і дзеянні аднакласнікаў, карыстацца найпрасцейшымі крытэрыямі ацэнкі і самаацэнкі.

Бацькам варта памятаць, што з паступленнем у школу ў жыцці дзіцяці з'явіўся чалавек больш аўтарытэтны, чым яны. Гэта настаўнік. Абавязкова трэба паважаць меркаванне дзіцяці пра свайго педагога.

А самай красамоўнай прыкметай таго, што дзіця асвоілася ў новым асяроддзі, можна лічыць яго задавальненне ад зносін з аднакласнікамі і настаўнікам. Калі дзіцяці цікава ў новым калектыве і яно не адчувае няўпэўненасці ў сабе — значыць, бацькі могуць спаць спакойна...

Прыкладны спіс неабходных прылад для першага класа ў школах:

— школьны ранец, партфель ці заплечнік,

— набор каляровых ручак,

— фламастар і алоўкі,

— гумка,

— вастрылка,

— вокладкі для сшыткаў і кніг,

— пенал,

— лінейка,

— фарбы (акварэльныя або гуаш),

— альбом для малявання,

— набор пэндзлікаў.

Пытанні, якія часцей за ўсё задаюць прадстаўнікам Міністэрства адукацыі бацькі:

Якія дакументы неабходныя пры паступленні дзіцяці ў першы клас?

Заява на імя кіраўніка ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі;

медыцынская даведка аб стане здароўя дзіцяці;

пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці.

Дакументы ад бацькоў прымаюцца па 28 жніўня.

Прысутнасць дзіцяці пры падачы дакументаў у школу неабавязковая

Ці правамоцна праводзіць у школах тэсціраванне дзяцей, якія паступаюць у першы клас?

Прыём дзяцей ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца без уступных выпрабаванняў.

На чым бацькам спыніць свой выбар: на школе, пра якую «ходзіць» добрая слава, ці лепш шукаць добрага настаўніка?

Шукайце добрага, цярплівага педагога, які любіць дзяцей і сваю работу. Ад яго будзе залежаць усё: і жаданне вучняў кожны дзень «бегчы» ў школу, чакаючы сустрэчы са сваёй самай добрай настаўніцай, і засваенне новага матэрыялу на ўроку, і добры настрой бацькоў.

Як ацэньваюцца вынікі навучання першакласнікаў?

У класе, дзе навучаюцца шасцігадовыя дзеці, выключаецца сістэма бальнага (адзнакавага) ацэньвання. Недапушчальна таксама выкарыстанне любой знакавай сімволікі, якая замяняе лічбавую адзнаку (зорачак, сонейкаў, кветачак і г.д.). Дапускаецца толькі слоўнае ацэньванне. Акрамя таго, нельга пры няправільным адказе вучня казаць «не стараўся», «не думаў», «няправільна». Ніякаму ацэньванню не падлягаюць тэмп работы вучня, асабістыя якасці школьнікаў, своеасаблівасць іх псіхічных працэсаў (асаблівасці памяці, увагі, успрымання, тэмп дзейнасці і інш.).

На працягу першага года навучання кантрольныя работы не праводзяцца. Выніковыя кантрольныя работы праводзяцца толькі ў канцы навучальнага года. Настаўнікам забаронена правяраць тэхніку чытання «на хуткасць» з секундамерам.

Адукацыйны працэс у першым класе ашчадны: урокі праводзяцца толькі ў першую змену. У класах павінна быць не больш за 20 чалавек.

Навучальныя заняткі доўжацца 35 хвілін, на працягу якіх праводзяць дзве фізкультхвілінкі па 1,5-2 хвіліны кожная. Перапынкі паміж урокамі не менш за 10 хвілін, пасля другога ці трэцяга ўрока — абавязковая паўгадзінная прагулка на свежым паветры. Хатнія заданні першакласнікам не задаюцца. Падручнікі і дыдактычныя дапаможнікі рэкамендуецца захоўваць у школе.

У сярэдзіне трэцяй, самай працяглай, чвэрці для вучняў першых класаў арганізуюцца дадатковыя тыднёвыя канікулы.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Анатоля Клешчука

Загаловак у газеце: Быць першакласнікам — задачка не з лёгкіх

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.