Вы тут

У БДЭУ лідзіруе міжнародны напрамак


63% абітурыентаў, залічаных у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт на дзённую бюджэтную форму навучання, мелі ў сваім багажы больш за 300 балаў (тры сертыфікаты плюс атэстат). У БДЭУ падвялі вынікі прыёмнай кампаніі.


За бюджэтныя месцы ў гэтым годзе змагаліся 2605 чалавек і 2340 — за платныя. Першакурснікамі сталі 3469 чалавек. Сярэдні конкурс па ўніверсітэце на бюджэт склаў 1,7 чалавека на месца. Сярод усіх залічаных на дзённую форму навучання 355 чалавек з'яўляюцца медалістамі і выпускнікамі, якія скончылі ССНУ з адзнакай, і трое — пераможцамі міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд і конкурсаў.

Самыя высокія прахадныя балы на дзённай бюджэтнай форме навучання былі зафіксаваныя на спецыяльнасцях «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурнай камунікацыі» (факультэт міжнародных бізнес-камунікацый) — 357 балаў, «Бізнес-адміністраванне» (факультэт міжнародных эканамічных адносінаў) — 354 балы і «Сусветная эканоміка» (факультэт міжнародных эканамічных адносінаў) — 339 балаў.

Каго ж рыхтуюць на самых запатрабаваных у моладзі спецыяльнасцях? Як патлумачылі ў прэс-службе ўніверсітэта, студэнты спецыяльнасці «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурнай камунікацыі» акрамя эканамічных дысцыплін і дзвюх замежных моў вывучаюць асаблівасці дзейнасці экспартна арыентаваных прадпрыемстваў, вучацца псіхалогіі дзелавых адносінаў, дзелавой культуры ў міжнародным бізнесе, стратэгіям камунікатыўных паводзінаў. На спецыяльнасці «Бізнес-адміністраванне» вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў для працы на прадпрыемствах і ў арганізацыях, якія ажыццяўляюць гаспадарчую дзейнасць як на нацыянальным, так і міжнародным рынках. Студэнты вывучаюць розныя аспекты нацыянальнай і міжнароднай эканомікі, авалодваюць тэхнікай кіравання бізнесам, плюс дзвюма замежнымі мовамі. Выпускнікі спецыяльнасці «Сусветная эканоміка» працуюць у экспартных і маркетынгавых службах фірмаў, у беларускіх замежных дыпламатычных місіях, валютна-фінансавых упраўленнях найбуйнейшых банкаў, на сумесных прадпрыемствах, у прадстаўніцтвах замежных фірмаў і міжнародных арганізацый. Як бачна, усе спецыяльнасці, якія ўваходзяць у Эканамічным універсітэце ў ТОП-3, даюць моладзі магчымасць працаваць на міжнародных напрамках.

На платнай форме навучання па прахадных балах у БДЭУ лідзіруюць спецыяльнасці «Правазнаўства» (факультэт права) — 287 балаў, «Бізнес-адміністраванне» (факультэт міжнародных эканамічных адносінаў) — 260 балаў і «Лагістыка» (факультэт маркетынгу і лагістыкі) — 238 балаў.

На завочнай бюджэтнай форме навучання (скарочаны тэрмін) самыя высокія прахадныя балы на спецыяльнасцях «Бізнес-адміністраванне» — 277, «Правазнаўства» — 271 і «Лагістыка» — 263. А для тых, хто атрымлівае адукацыю на ўмовах аплаты, «Правазнаўства» — 231, «Лагістыка» — 221 і «Менеджмент» — 215.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?