Вы тут

Беларуская чыгунка будзе развіваць інфраструктуру


Новы пяцігадовы план развіцця Беларускай чыгункі прадугледжвае электрыфікацыю новых участкаў і аўтаматызацыю кіравання.


Як расказаў начальнік службы тэхнічнай палітыкі і інвестыцый Беларускай чыгункі Андрэй АЛЕЙНІК, калі ў 2011—2015 гадах айчынны перавозчык аддаваў прыярытэт абнаўленню рухомага саставу, то цяпер прадпрыемства зробіць стаўку на развіццё інфраструктуры. У прыватнасці, з'явяцца новыя электрыфікаваныя ўчасткі Маладзечна — Гудагай і Жлобін — Калінкавічы. Участак чыгункі да Гудагая будзе электрыфікаваны і літоўскімі калегамі са свайго боку мяжы.

Акрамя таго, працягнецца стварэнне цэнтра кіравання перавозкамі, які дазволіць значна скараціць штат і павысіць бяспеку транспарціроўкі. Не спыніцца і рэалізацыя новага фармату пасажырскіх перавозак, у прыватнасці, электрапаязды «Гарадскіх ліній» звяжуць Мінск з яшчэ адным горадам-спадарожнікам — Фаніпалем.

Зрэшты, развіццё інфраструктуры не выключае магчымасці абнаўлення рухомага саставу. Плануецца працягваць практыку закупкі беларуска-кітайскіх электравозаў новага тыпу БКГ2, электрацягнікоў кампаніі Stadler Raіl AG, дызель-цягнікоў. Агулам на развіццё Беларускай чыгункі ў 2016—2020 гадах запланавана зрасходаваць каля 14 трыльёнаў недэнамінаваных рублёў.

«Галоўныя тэндэнцыі развіцця чыгункі цяпер — гэта павелічэнне хуткасцяў і замена саставаў, — расказаў першы намеснік начальніка пасажырскай службы ўпраўлення Беларускай чыгункі Андрэй КАШКО. — Наша мэта — наладзіць хуткасныя перавозкі ад сталіцы да абласных гарадоў. Прыклад — запушчаны днямі сямівагонны цягнік кампаніі Stadler, які дастаўляе пасажыраў з Гомеля ў Мінск за 2 гадзіны 59 хвілін. Праз два тыдні адбудзецца замена другога цягніка па гэтым маршруце».

Што датычыцца пытання цэнаўтварэння на пасажырскія перавозкі, то фарміраваннем кошту квіткоў займаецца Міністэрства фінансаў. Аднак, як адзначаюць у Беларускай чыгунцы, усе тарыфы застаюцца стратнымі, вядзецца работа па аптымізацыі расходаў.

Датычна грузавых перавозак найбольш перспектыўным напрамкам для Беларусі першы намеснік начальніка службы грузавой работы і знешнеэканамічнай дзейнасці Беларускай чыгункі Аляксандр ЯЎСЮК назваў кітайскі. За першае паўгоддзе аб'ём кантэйнерных перавозак у гэтым напрамку павялічыўся ў два з паловай разы. Такі рост мае вялікае значэнне на фоне падзення тавараабароту паміж Расіяй і Еўропай (РФ забяспечвае больш за 90 працэнтаў транзіту айчыннай чыгункі).

«Мы ўдзельнічаем у будаўніцтве эканамічнага пояса новага Шаўковага шляху, — зазначыў Аляксандр Яўсюк. — Частка кітайскіх экспарцёраў, якія вырабляюць тавары з высокай прыбавачнай вартасцю, што маюць невялікі жыццёвы цыкл, хоча скараціць час дастаўкі сваёй прадукцыі ў Еўропу. Калі па моры час транспарціроўкі складае 40—60 сутак, то па чыгунцы — ад 15 да 20. Асабліва гэта актуальна для ўнутрыкантынентальных гарадоў Кітая».

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: У прыярытэце чыгункі — інфраструктура

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?