Вы тут

У Брагінскім раёне спрабуюць выселіць шматдзетную сям'ю


З вёскі Вуглы Брагінскага раёна на нашу рэдакцыйную «гарачую лінію» звярнулася шматдзетная маці (у яе трое дзетак, паводле слоў заяўніцы, чакае чацвёртага, зараз у водпуску па доглядзе дзіцяці) Юлія Якабаўна Кузакова. Яна расказала пра сваё жыццё-быццё за апошнія гады. У прыватнасці, як працавала ў раённым камбінаце бытавога абслугоўвання ў Брагіне, але з-за адсутнасці жылля мусіла вярнуцца ў сваю вёску. Тут папрасілася пажыць у так званым «прэзідэнцкім доміку» — аднапавярховым жыллі з усімі выгодамі, якое знаходзіцца на балансе сельскага выканкама.


— І вось ужо два гады мяне спрабуюць выселіць без прадастаўлення іншага жылля. Былі судовыя пасяджэнні, наперадзе зноў суд. Мне кажуць, што дом, у якім я цяпер жыву, прызначаны для маладых спецыялістаў. Раней гэта называлася службовым жыллём, зараз яно пераведзена ў арэнднае. Дык чаму ў такім выпадку я не магу прэтэндаваць на яго? Стаю ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў ужо дзесяць гадоў, — гаварыла нам Юлія Якабаўна.

Падчас размовы высветлілася, што ў вёсцы ёсць дом, які належаў дзядулю заяўніцы, але, паводле слоў жанчыны, жыллё трухлявае, непрыдатнае для пражывання. Маўляў, гэта засведчылі камісіі, якія выязджалі на месца.

Каб разабрацца ў сітуацыі з высяленнем з жылля шматдзетнай сям'і, мы звярнуліся па каментарыі ў Вуглоўскі сельвыканкам, на балансе якога, як адзначалася вышэй, знаходзіцца «спрэчны» дом. І пачулі некалькі іншую версію падзей... Пачнём хоць бы з таго, што спадарыня Юлія засялілася ў жыллё... самавольна.

— Усяго на нашым балансе знаходзяцца чатыры такія дамы, якія нядаўна былі пераведзены ў камерцыйнае жыллё. Яно прызначана для маладых спецыялістаў раённага адзела адукацыі, яго выдзяленне ўзгадняецца з дэпартаментам па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пры Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях, паколькі дамы будаваліся па «чарнобыльскай праграме», — паведаміла выконваючая абавязкі старшыні Вуглоўскага сельвыканкама Святлана Протчанка. — У доме, які цяпер займае шматдзетная маці Кузакова, раней жыла настаўніца. І вось у яе Юлія Якабаўна папрасілася пажыць — як на кватэры, пераехаўшы з дзядулевага жылля.

Як расказала далей Святлана Іванаўна, у снежні 2014-га тая настаўніца, якая чакала дзіця, звольнілася, а потым і ўвогуле пераехала на іншае месца жыхарства. У доме фактычна са студзеня 2015 года засталася сям'я Кузаковай. Паколькі была зіма, ды і дом трэба было абаграваць, вырашылі часова пакінуць яе тут. Пасля, па дамоўленасці, Юлія Якабаўна павінна была вярнуцца назад у хату дзеда, дзе, дарэчы, яна і зарэгістраваная. Аднак час ішоў, а жанчына не збіралася гэтага рабіць. У выніку справу мусілі перадаць у суд...

Асобна трэба сказаць пра дзедаву хату. Паводле слоў Святланы Протчанкі, гэта звычайнае вясковае жыллё з выгодамі, як той казаў, у двары. Але дом даволі вялікі — 70 квадратных метраў і, што самае галоўнае, прыдатны для жылля. Гэта якраз і засведчылі камісіі, якія некалькі разоў яго абследавалі. Канешне, у ім патрабуецца рамонт, асабліва пасля таго, як з канца 2014 года тут ніхто не пражываў. Трэба пераклеіць шпалеры, падправіць столь, перакласці печы.

— І тэрытарыяльны цэнтр выдзяляў Юліі Якабаўне, у якой на той момант ужо было трое дзяцей, матэрыяльную дапамогу на рамонт. Гаворка ідзе пра 17 мільёнаў рублёў «старымі» грашамі. Калі я колькі часу таму сустрэла яе, яна запэўніла, што ўжо закупіла цэглу і дамовілася з печніком адносна перакладкі печаў, — сказала выконваючая абавязкі старшыні сельвыканкама.

Дарэчы, за жыллё, якое Юлія Кузакова захапіла самавольна, яна нічога не плаціць: афіцыйных жа дакументаў ніякіх няма. Як расказала Святлана Іванаўна, падчас аднаго з выездаў камісіі да заяўніцы на яе быў складзены адміністрацыйны пратакол за абразу ў прысутнасці ўчастковага начальніка жыллёва-камунальнай гаспадаркі...

Пра словы Юліі Якабаўны адносна сваёй дзесяцігадовай чаргі як маючай патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў Святлана Протчанка паведаміла наступнае:

— Сапраўды, як маці-адзіночка Кузакова стаіць на такім ўліку. З адным дзіцем. Мы прасілі яе абнавіць дакументы, але... Праўда нават у гэтым выпадку яна не можа прэтэндаваць на жыллё (да чатырох «прэзідэнцкіх домікаў» хутка здадуць яшчэ адзін), якое, як гаварыла вышэй, прызначана для маладых спецыялістаў — настаўнікаў. У дом, які цяпер займае сям'я Кузаковай, ужо ўзгоднены ў якасці часовага гаспадара новы чалавек, які прыбывае па размеркаванні, але пакуль пасяліць яго ў жыллі мы не можам.

Пра суд выканаўца абавязкаў старшыні сельвыканкама зазначыла, што ён прызначаны на канец жніўня. Грамадзянскі муж нашай заяўніцы нідзе не працуе, цяпер знаходзіцца на заробках у Расіі. Ён таксама пражывае ў «спрэчным» доме, таму неабходна і яго прысутнасць на судовым пасяджэнні.

...Паколькі ў гэтай гісторыі атрымалася шмат супярэчнасцяў, я патэлефанаваў Юліі Кузаковай. Яна абвергла абразу чыноўніка. «Гэта была мая сваячка, яна і атрымала штраф». Далей пацвердзіла, што сапраўды набыла цэглу, але нічога не стала рабіць, паколькі і пакупка будматэрыялаў, і позва ў суд, паводле яе слоў, адбыліся амаль адначасова. «Буду чакаць апошняга суда. У мяне ўжо пыталіся, колькі часу спатрэбіцца на высяленне, калі рашэнне будзе прынятае не на нашу карысць. Я адказала, што месяц-паўтара. Вось за гэты час тады і зробім рамонт у хаце». Але калі давядзецца перакладваць печы, наўрад ці яго можна будзе завяршыць цалкам за гэты тэрмін. Пакуль гліна не прасохне, не прыбярэцца бруд, тыя ж шпалеры не паклеіш. А калі яшчэ верасень будзе халодны, як пратапіць, пакуль печы не зробяць? А ў сям'і — дзеці!.. Чаму жанчына не абнавіла дакументы ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, я, шчыра кажучы, з яе тлумачэнняў так і не зразумеў.

Юлія Якабаўна настойвае, што мела часовую рэгістрацыю ў доме, які цяпер займае. «Няхай выклікаюць у якасці сведкі тую настаўніцу, якая раней жыла тут». Заяўніцы падаецца, што факт рэгістрацыі пацвярджае законнасць валодання ёй жыллём... Пра хату дзеда кажа што яна ёй не вельмі патрэбная, тым больш што на долю ў ёй могуць прэтэндаваць чатыры чалавекі з блізкай радні. Заўважым, што дзед заяўніцы пайшоў з жыцця тры гады таму, а пытанні спадчыны (ці адмовы ад яе), наколькі мы зразумелі, дагэтуль не вырашаны...

Паверце, ніхто нікога не судзіць і не асуджае, не імкнецца знайсці нешта «смажанае». Мы проста паспрабавалі разабрацца ў сітуацыі, выслухаўшы бакі. У Юліі Кузаковай, як той казаў, свая праўда, часам, як падалося, змешаная і замешаная цалкам на эмоцыях. Падчас нашай першай размовы заяўніца не адзін раз вось так эмацыянальна пыталася: «Усюды кажуць пра шчаслівае мацярынства. Дык дзе яно?!» Але хіба выдзяленне жылля ёсць адзіны сімвал шчаслівага мацярынства, хіба дзяцей нараджаюць, толькі каб атрымаць дом? Без жылля ніяк, ніхто ж гэтага не аспрэчвае, і шматдзетную маці цалкам можна зразумець. Але ёсць яшчэ і заканадаўства. Як і абавязак дарослага чалавека зрабіць нейкія самастойныя крокі па вырашэнні пытанняў, скіраваных на паляпшэнне дабрабыту сям'і, дзяцей...

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Хто ў доміку жыве?

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.