Вы тут

На Лунінеччыне адбылося ХХV літаратурнае свята памяці Аляксандра Блока


Другі год запар сустрэча краязнаўцаў і аматараў прыгожага пісьменства становіцца важнай часткай злёту праваслаўнай моладзі «Маранафа». Сёлета 48 юных прыхаджан сямі прыходаў Пінскага і Лунінецкага благачынняў у суправаджэнні 12 дарослых тры дні правялі на беразе жамчужыны Палесся. Цяпер могуць адрасаваць навакольным жартоўны верш Пімена Панчанкі:


«Вы былі на Белым возеры ці не?

Не былі? Дык не кампанія вы мне!..»

Нягледзячы на тыповасць назвы, наша возера Белае — адно з двух у Беларусі (разам са Свіцяззю ў Карэліцкім раёне) з рэліктавай раслінай лабелія Дортмана, што ахоўваецца нават у Еўрапейскім саюзе. На сасне ў зялёным бары, што акружае блакітнае люстра, прымацавалі ікону Хрыста Збавіцеля, каля якой чыталі ранішняе і вячэрняе правілы. Але малітвы гучалі не толькі каля абраза Госпада, — сама навакольная прырода была іконай, да якой у думках звярталіся з просьбай аб захаванні тварэння Божага...

Сумеснымі намаганнямі педагогаў і святараў былі праведзены разнастайныя — духоўныя, экалагічныя, аздараўленчыя, спартыўна-турыстычныя — мерапрыемствы. Патрыятычнае выхаванне чырвонай ніткай злучала складнікі праграмы. Усклалі кветкі да помніка вёсцы Белае Возера, якая 19 студзеня 1944 года была знішчана фашыстамі і не адноўлена пасля вайны. У Луніне ўшанавалі памяць загінуўшых лётчыкаў Першай сусветнай вайны, якія пахаваны на пагосце.

Пасля святочнай літургіі, якую правёў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан у саслужэнні духавенства, на двары Свята-Барыса-Глебскага храма разгарнулася літаратурнае свята. Нагадалі аб 100-годдзі прыезду ў нашы мясціны на вайсковую службу Аляксандра Блока (гэты факт ён занатаваў у сваім дзённіку, а ў наш час падзея адлюстравана мармуровай дошкай на будынку чыгуначнай станцыі Лоўча). Пазнаёмілі з кнігай «Палескія дні Аляксандра Блока», якую напісаў пісьменнік-зямляк Мікалай Калінковіч (1950—1990). Абодва творцы завяршылі зямны шлях летам (адпаведна 7 жніўня і
24 ліпеня). Літаратурную віктарыну, прысвечаную адметным падзеям у жыцці рускага паэта і пісьменніка-земляка правяла бібліятэкар з Луніна Лідзія Кірылаўна Цімашэй, а пераможцам яе стаў гімназіст Цімафей Хоміч (Пінск).

Разам з дарослымі дзеці ўшаноўвалі памяць князёў Барыса і Глеба — першых святых мучанікаў Рускай Праваслаўнай Царквы. На працягу ўжо больш як тысячагоддзя яны застаюцца прыкладам самаахвярнасці дзеля яднання Айчыны. Патрыятызмам прасякнута творчасць Аляксандра Блока і Мікалая Калінковіча, імёны якіх натуральна ўпляталіся ў агульную малітву за адданых роднай зямлі людзей...

Таццяна КАНАПАЦКАЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Малітва за творцаў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.