Вы тут

«Во браткі, я робу маю: век насіць і не знасіць!..»


Што было, было. Адна жанчынка вырашыла жыццё змяніць: усё чыста кінула — падалася ў свет, прычым з новым мужам.


Што заставалася старому? Ды, вядома ж, — падацца ўслед. Праўда, не за ёю. Ён адзін (на шчасце ці на жаль — хіба разбярэш?) паехаў у вёску. Думаў — на нейкі час. А выйшла...

Значыць, хаціна — якая-ніякая — у гэтага чалавека была. Ён узяўся парадак наводзіць: дзе сваімі рукамі, а дзе і чужымі нешта пераклейваць, фарбаваць, мяняць мэблю, платы...

Пакуль шчыраваў, вёска за ім назірала ды памагала пакрысе — у асноўным парадамі. Але і справы таксама былі: нехта рыштунку пазычаў, нехта — «ад знаёмай каровы» малако з тварагом прыносіў... Адзін мужык чорнага катка падарыў (а то, сказаў, мышы заядуць), другі — сабачку (а то, маўляў, што гэта за дом без вартаўніка: так і абакрасці могуць).

Але ж найбольш заезджага ўразіў трэці. Той без нічога-ніякага да ягонай хаты трактар падагнаў, і, пакуль гаспадар у краме быў, — задыскаваў агарод. Сказаў: «Усё, можаш бульбу садзіць». «Навошта? Я за зіму мяшка не з'ядаю. Мне прасцей будзе купіць», — стаў бараніцца дабраселец... Чым вельмі абурыў вяскоўца: «Вы паглядзіце на яго! — прапанаваў той Бог ведае каму і сам утаропіўся першым. — Мы тут дурныя ўсе да аднаго, мы бульбу садзім, а ён — дык разумны: ён не будзе!»

Што пасля гэтага заставалася рабіць? Ну вядома ж: пасадзіў той заезджы бульбу, потым, «як усе», баранаваў, абганяў, акучваў, палоў, збіраў «скавародскіх» жукоў...

Але ж не без толку: урадзіла ягоная картопля! Капае ўжо, са смакам есць (бо свая!), склеп для яе ж будуе. Больш за тое, задумваецца, можа, і праўда купіць парасят, калі ёсць чым карміць?

Карацей, «прапаў» чалавек — прынамсі, для горада. А вёска — рада, бо, што казаць, на ўліку там кожны добры чалавеча, кожная новая сям'я. Вось і гэтага, так бы мовіць, «энергетыка» (кіньце вочкам на верхні здымак. — Аўт.), вяскоўцы цёпла прынялі. «Здзівіў ён мяне, — прызнаецца, у прыватнасці, спадарыня Галіна Пятроўская са Смаргоншчыны. — Столькі дроў мае! У мяне вось муж і трое сыноў, і то столькі не насеклі. Значыць, пашчасціла нейкай жонцы:

Добра Коля дроўцы коле!

На падворачку кладзе...

Хто за Колю замуж пойдзе

Той зімой не прападзе!»

За гэтым Колем — як выглядае — не прападзе... ніколі, бо ён мала таго, што дроў насек (на сем зім), ён жа яшчэ і зямлю ўзорвае. А значыць, будзе, магчыма, бульбу садзіць (з усімі адсюль наступствамі — у выглядзе... парасят)?

Дарэчы, тая ж спадарыня Пятроўская згадвае ў сваім лісце, як некалі трапіла на з'езд настаўнікаў, як сустрэла там сваю аднагрупніцу Лену. «Даўно мы з ёй не бачыліся — мелі аб чым пагаварыць, — піша спадарыня Галіна. — У яе, расказала, памёр першы муж,  яна выйшла за другога, якога некалі вельмі кахала. «Ну і каторы ж лепшы?» — папыталася я ў Лены. І ў адказ пачула: «Цяжка сказаць, бо свайго першага, я не вельмі і любіла, але ж дзяцей нажыла, а яшчэ, ці паверыш, сем гадоў яго дровамі грубку паліла! Рукасты быў, працаўнік. А з гэтым, з другім...»

З другім, як падалося, да месца будуць радкі спадарыні Алены Кулік з Валожыншчыны:

Працы многа на падворку,

Без мужчыны — цяжка жыць...

З «Брэстэнерга» кліч Міколку

Каб араць, калоць, касіць...

Мала верагоднага ў тым, што прадпрыемства, якое забяспечвае цяплом і святлом не толькі сваю вобласць, але і суседнія (нават замежныя), аказвае паслугі па нарыхтоўцы сена і дроў... А з іншага боку — пра заўтрашні дзень трэба думаць усім. А значыць, грэх не пагадзіцца са спадаром Віктарам Трайкоўскім з Мінска:

Даражэюць нафта, газ,

Бо запасы —

у бок змяншэння...

Дык мо горай стане ў нас

З ацяпленнем, асвятленнем?

Хваляванне — без прычын,

«Брэстэнерга» ўжо гатова:

Прапануе ўсім мужчын,

Сілу рэк, вятроў і дровы.

Хвала прадбачлівым, як той казаў! Але ж мае рацыю і спадар Васіль Мірончык з Бабруйска:

Як ты, браце, ні старайся,

Ад марозу — не ўцячы:

На «...энерга» спадзявайся,

Але ж дроўцы й сам сячы!

Кажуць, дарэчы, што найлепей — сукаватыя, бо яны двойчы грэюць: першы раз — пакуль колеш іх і другі — калі гараць. Шкада толькі (ва ўсякім разе спадарыні Любові Чыгрынавай з Мінска), што энергетык гэты адзін грэецца, што дапамогі яму няма:

У Пятровіча кабету

Не падымеш да абеду...

Каб раней ён гэта знаў,

Замуж іншую б узяў!

Але ж і цяпер страчана, магчыма, не ўсё? Парада — з таго ж канверта:

Ты пастаў у баразне

Паўлітровачкі са дзве.

Не паспееш і міргнуць,

Як «сяброўкі» набягуць.

І дапамогуць? Ці ўсё ж перашкодзяць?

А зрэшты — тут не пра жанчын, тут...

«Не ведаю, як хто, а я на апошнім здымку ўбачыў самага тыповага беларуса, — піша спадар Гаўрыш з Чавусаў. — Якраз ён і дэманструе нашу спрадвечную працавітасць, нашу запаслівасць і разлік на ўласныя сілы, наша імкненне быць незалежнымі».

Менавіта гэтыя рысы — як трэба разумець — і «прадыктавалі» наступныя радкі:

Ёсць сумненняў трохі ў нас,

Што ратунак — толькі газ.

А таму ў Яся дроў

Аж на некалькі гадоў,

Тона бульбы ў агародзе,

Хлеў, дзе ходзяць «кумпячкі»...

З крамы ж —

соль, запалкі й годзе.

Крызіс нам — да лямпачкі!

Гэтаму Ясю, яго жонцы, можа, і сапраўды?

У дзяцей іх таксама шанцы ёсць — і ў тых, што дапамагаюць бацькам, і ў тых, што не... Аб чым, дарэчы, хораша пішуць сужэнцы Ніна ды Іван Астроўскія з Мінска:

Паглядзі, які размах:

Ясь на хутары шчыруе,

Пакуль дзеці ў гарадах

Жываты сабе гадуюць.

Яны ездзяць да бацькоў

Хіба ўзімку, хіба потым,

Каб набраць сабе «дароў»,

Што здабыты сёмым потам.

Што казаць, дзеткі такія ёсць, прычым іх — нямала:

Гарадскім лягчэй жывецца —

Ёсць святло, прадукты, газ!

Скуль вось гэта ўсё бярэцца,

Вам не кожны дасць адказ, —

пішуць пра іх сужэнцы Астроўскія.

І гэта яшчэ за шчасце, калі «спажыўцы» проста не цікавяцца, а то ж могуць...

Спадар Мікола Кісель з Мінска, гледзячы на здымак, прыгадаў старую быль пра дровы. Помніце: ноччу ў акно нехта пастукаў: «Гаспадар, табе дровы патрэбны?» — «Не, на чорта?» — апярэдзіла тога жонка. Раніцай прачнуліся — дроў у двары нямашака. «Баба ёсць баба», — уздыхнуў муж... Як быццам сам адказаў бы неяк іначай, а тым больш спрасонку.

Адзінае, што ён падстрахавацца мог. Перш-наперш —

Дроў насек — што трэба...

Ноччу, бач — адняты:

Быў «стажок» пад неба,

Стаў жа «худаваты».

А каму не спіцца,

Хочацца за краты,

Па слядах пазнае

Гэты вось араты!.

Дык атрымліваецца, што ён не пад грады зямельку арэ, а спецыяльную паласу стварае (так лічыць яшчэ і спадарыня Чыгрынава) — на стыку сяліб, як на мяжы дзяржаў, бо яно ж і сапраўды:

Любіць вёсачка старанных,

Што ты там ні гавары:

Ну ніводнай жа заганы

У рупліўца ў двары!

Але і ён — шчырак, не зломак

Доўга паласу рабіў,

Каб суседзе — пустадомак,

Певуна не падпусціў.

А крый Бог пад сухія дровы...

Анекдот у тэму: група турыстаў хацела тыдзень-другі ў палатках пажыць — каля вады, каля рэчкі... Без вогнішча, без юшкі ім, ну, вядома ж, ніяк. Давялося пайсці да лесніка, добра падпаіць яго — папрасіць дроў. Той сказаў: «Бярыце, хлопцы, але так, каб я не бачыў. І ненадоўга».

А карацей — толькі ў спадара Анатоля Гарачова з Іўеўшчыны:

Са зменамі складана ладзіць

І тут не так, і там не тое...

Не кожны нават бульбу

садзіць,

Вось дровы на зіму — святое!

А яшчэ, відаць, — жаночыя капрызы. «Некалі ў мяне былі знаёмыя сужэнцы, — піша спадарыня Чыгрынава, — муж працаваў механізатарам, яго жонка — ветурачом. Трохі няроўны шлюб... Ва ўсякім разе свякроў часам казала сваёй адукаванай нявестцы: «Хай бы вы Колю што з адзежы купілі, можа, касцюм які-ніякі?» «А навошта ён яму трэба? Куды насіць, — фыркала нявестка. — У будні ён цэлымі днямі на працы, а ў выхадныя дома работы хапае. Я яму на складзе аж дзве спяцоўкі ўзяла».

Гэты дыялог, як трэба разумець, і падказаў спадарыні Чыгрынавай досыць сумныя радкі:

Янку свята, Янку будзень —

Боты ды спяцоўка...

Але ў жонкі яго будзе

Модная абноўка!

А зрэшты, адзін хоча сёе, другі тое, хто любіць гарбуз, а хто агуркі. Чытай: ёсць людзі, якім тую ж спяцоўку здымаць не хочацца, бо зручная, бо прыгожая, па фігуры. Вось і мужчына са здымка (паводле спадарыні Чыгрынавай) толькі выгляд робіць, што працуе, што дровы сячэ ды грады арэ, а на самай справе ён рэкламу робіць, аб'яўляе на ўвесь свет:

Во, браткі, я робу маю:

Век насіць і не знасіць!

Як паслужыць мне да... раю

Дык і там буду фарсіць!

Во які камплімент — сваёй фірме ды тым шаўцам-дызайнерам, што касцюм стварылі. Адзінае: на ўваходзе ў той рай могуць праблемы ўзнікнуць. Спытаюць апосталы: «Скуль, чалавеча?» Ён на абцасах крутнецца, спіну пакажа — чытайце, маўляў: «Брестэнерго». «А хіба ж гэта не беларускі горад, не беларускае прадпрыемства?» — здзівяцца «памежнікі». «Беларускія». — «А чаму ж тады не па-беларуску напісана?»...

Спытаюць так і, магчыма, не ў рай накіруюць, а... назад на зямлю, каб памылкі выправіў. Глядзіш, і затрымаецца на гэтым свеце, і пажыве яшчэ, папрацуе на зямлі і ў «Брэстэнерга»... «Я доўга думаў, з чым увязаць назву гэтай фірмы, бо дужа ж яна кідаецца ў вочы, — пісаў спадар Валерый Гаўрыш. — Падказку знайшоў у рэпартажы з фестывалю беларускага народнага гумару:

Зноўку смех у Аўцюках —

Свята — грандыёзнае!

А таму яго размах

Чутны аж у Лёзне!..

Шчыры дзякуй, землякі,

За такое свята:

Хоць не вельмі нафты ў нас,

Цеплыні багата!

Што праўда, тое праўда: і цеплыні, і дабрыні, і вершаў, і песень, і гумару, і...

Пералік гэты кожны можа прадоўжыць сам. Нам жа, як заўжды, застаецца падвесці вынікі.

Такім чынам найлепшыя радкі пра кабет каля пустой кінаафішы (гл. «Звязду» за 7 чэрвеня), паводле меркаванняў вялікага чытацкага журы, напісалі спадары Валерый Гаўрыш з Чавусаў, Мікалай Старых з Гомеля, сужэнцы Астроўскія з Мінска, спадарыні Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў, Соф'я Кусянкова з вёскі Лучын Рагачоўскага раёна і Алена Кулік з вёскі Нелюбы Валожынскага...

Вось з гэтым, апошнім, меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае, рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам газету на чацвёрты квартал бягучага года накіроўваецца на Валожыншчыну. Што, магчыма, цікава — дэбютантцы нашага, звяздоўскага конкурсу на лепшы подпіс да здымка.

Адкуль выснова — далучыцца да кола яго ўдзельнікаў ды паспрабаваць свае сілы аніколі не позна. Пішыце: умовы ранейшыя: коратка (колькасць прапаноў не абмежаваная, але ў кожнай не больш за восем радкоў), дасціпна, па-беларуску. Здымак, як заўжды, дадаецца.

Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.