Вы тут

Учора ўшаноўвалі першых чатырохтысячнікаў сёлетняга жніва


Учора ў Магілёўскай вобласці ўшаноўвалі першых чатырохтысячнікаў сёлетняга жніва — камбайнераў адкрытага акцыянернага таварыства «Александрыйскае» Шклоўскага раёна Віктара Якуціна і Кірыла Волкава. Гэты экіпаж яшчэ тры дні таму віншавалі з першымі ў вобласці трыма тысячамі тон сабранага ўраджаю. І вось новы рэкорд. Непасрэдна пасярод поля, дзе яны працуюць, ім уручылі ганаровыя граматы, грашовыя прэміі і падарункі. Дарэчы, менавіта гэта поле ў народзе завуць «прэзідэнцкім», тут заўсёды на парадак вышэйшая ўраджайнасць. Лічба пакуль не агучваецца, але нават у цэлым па гаспадарцы яна менш як 50 цэнтнераў з гектара яшчэ не была.


 

— Гэты ўраджай будзе не з горшых. Дажджы крыху ўскладнілі работу, але на вынікі гэта не вельмі паўплывала, — запэўнівае намеснік дырэктара па раслінаводстве сельгаспрадпрыемства Іван Барташэвіч.

Усяго збожжавымі і зернебабовымі ў гаспадарцы засеяна 4 669 га, вал атрымліваецца больш, чым цалкам у некаторых раёнах. «Ужо ўбрана больш за 70% плошчаў, на працягу 4-5 пагодлівых дзён заканчваем уборку і пераходзім да асенне-палявых работ — рыхтаваць палі да сяўбы пшаніцы, сеяць азімыя, убіраць салому, дапамагаць насельніцтву з уборкай», — дзеліцца планамі Іван Мікалаевіч.

Збожжа гаспадарка цалкам выкарыстоўвае для сваіх жа патрэб, яшчэ прыкладна столькі ж купляе, бо для кармлення птушкі, свіней і буйной рагатай жывёлы неабходна каля 60 тысяч тон збожжа.

Героі дня радуюцца ўраджаю, хоць, прызнаюцца, некалькі разоў было, што з-за дажджу прыходзілася на дзень ці нават на два рабіць перапынак. Расказваюць, што працуюць з 6 раніцы да 11 вечара амаль без перапынкаў. Пакуль стаіць добрае надвор'е, грэх адпачываць.

Падзякаваць за добрую работу на поле да хлебаробаў прыехалі старшыня Шклоўскага райвыканкама Аляксандр Бойка, старшыня Магілёўскага аблсавета дэпутатаў Анатоль Ісачанка, супрацоўнік Магілёўскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Пётр Грыбаноўскі.

— Мы адзіная вобласць краіны, дзе прафсаюзы ўсіх галін сабралі сродкі на заахвочванне тых, хто працуе на жніве. Атрымалася больш за 50 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Пры дасягненні 30% уборачнай кампаніі ўзнагароджваем лепшых сярод экіпажаў, кіроўцаў, аператараў зернятокаў па кожным раёне, — кажа Пётр Грыбаноўскі.

Для падтрымання высокіх тэмпаў жніва ў вобласці існуе шмат розных форм заахвочвання. У некаторых раёнах падзячныя лісты ўручаюць не толькі пераможцам, але і іх сем'ям.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Чатыры тысячы не мяжа

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».