21 Верасень, пятніца

Вы тут

Як і чым жыве сучасная Сербія?


У нас прынята лічыць самымі блізкімі і нават роднаснымі па духу постсавецкія краіны. Аднак і ў больш заходнім накірунку ў Беларусі ёсць сапраўдныя сябры. У Сербіі наш народ ведаюць і любяць. Тое, што Сербія блізкая да ўступлення ў Еўрапейскі саюз, а Беларусь — адна з дзяржаў-заснавальнікаў ЕАЭС, не перашкаджае адносінам заставацца не проста партнёрскімі, а сяброўскімі. Пра тое, як і чым жыве сучасная Сербія, якія кірункі цікавыя для супрацоўніцтва бізнесменаў дзвюх краін і якое значэнне для Сербіі мае членства Беларусі ў ЕАЭС, «Звяздзе» расказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Сербія ў Рэспубліцы Беларусь спадар Велька КАВАЧАВІЧ.


Арыентацыя на паляпшэнне жыцця

— 90-я гады, пачатак 2000-х выдаліся цяжкімі для вашай краіны. Як удаецца пераадольваць наступствы вайны, бамбёжак? Што сабой уяўляе сучасная Сербія?

— Войны, бамбёжкі і санкцыі мелі цяжкія наступствы для нашай эканомікі. Пасля 2000 года ў дачыненні да Сербіі была ўжыта так званая «неаліберальная» канцэпцыя, якая ўключала рабаўніцкую прыватызацыю.

У такіх цяжкіх умовах урад Рэспублікі Сербія на чале з прэм'ерам Аляксандрам Вучычам правёў рашучыя і маштабныя эканамічныя рэформы. Гэта ўжо дало свае пазітыўныя вынікі, пацверджаныя такімі арганізацыямі, як Міжнародны валютны фонд і Сусветны банк.

Відавочным з'яўляецца аднаўленне эканомікі краіны як у кароткатэрміновай, так і ў доўгатэрміновай перспектыве. Сёлета чакаецца рост ВУП на ўзроўні 2,5%. Паступова памяншаецца памер дзяржаўнага доўгу Сербіі. Наша краіна стала дастаткова прывабнай для замежных інвестыцый, у прыватнасці, кітайская кампанія нядаўна прыватызавала вялікі металургічны завод у сербскім горадзе Смедзерава. Такім чынам, сучасная Сербія арыентавана на ўмацаванне сваёй эканомікі і павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва.

— Доўгі час практычна ў самым цэнтры Белграда стаяла некалькі разбураных пры бамбёжцы 1999 года будынкаў. Казалі, што яны так і застануцца стаяць — як напамін аб вайне, своеасаблівы мемарыял. Але ў 2013 годзе адзін з будынкаў пачалі разбіраць... Які лёс астатніх?

— Сербія з належнай увагай і глыбокай павагай ставіцца да ахвяр агрэсіі НАТА. На месцах пакут нашых грамадзян узведзена вялікая колькасць мемарыялаў і помнікаў. Што да будынкаў у цэнтры Белграда, то некаторыя з іх у асноўным адноўлены. Будуць адноўлены і астатнія, гэта залежыць ад наяўнасці матэрыяльных сродкаў і ад прызначэння асобных аб'ектаў.

— Якую падтрымку аказвае ўрад Сербіі сваім грамадзянам?

— Прыярытэтам нашай сацыяльнай палітыкі з'яўляецца абарона правоў і інтарэсаў грамадзян. У Сербіі існуе роўнасць правоў мужчын і жанчын ва ўсіх сферах дзейнасці, у тым ліку ў адукацыі і працы, выхаванні дзяцей, атрыманні льгот і сацыяльных гарантый. Тым не менш існуюць праблемы ў прадастаўленні адраснай дапамогі інвалідам, адзінокім маці, маламаёмасным грамадзянам, мігрантам і перасяленцам.

Захад ці Усход?

— Ідуць актыўныя перамовы па далучэнні вашай краіны да Еўрапейскага саюза. Што плануе атрымаць Сербія ў выніку ўваходжання ў гэта аб'яднанне?

— Знешнепалітычным прыярытэтам Сербіі з'яўляецца паўнапраўнае членства ў ЕС. Нагадаю, Сербія падала заяўку на ўступленне 22 верасня 2009 года. Еўрапейская камісія ў мінулым лістападзе дала высокую ацэнку намаганням Сербіі ў набліжэнні да еўрапейскіх стандартаў, аднак адзначыла неабходнасць прывесці знешнюю палітыку краіны ў адпаведнасць з палітыкай Еўрасаюза.

Апошні з'яўляецца асноўным гандлёвым партнёрам Сербіі. Прамыя замежныя інвестыцыі з краін ЕС склалі значную частку ад агульнай колькасці прамых замежных інвестыцый у Сербіі. Акрамя гэтага, ЕС — самы буйны донар, які аказвае фінансавую дапамогу ў розных галінах эканомікі — ад рэформы дзяржаўнага кіравання да сельскай гаспадаркі і аховы навакольнага асяроддзя.

Аднак пры гэтым хачу падкрэсліць, што мы імкнёмся не толькі захоўваць, але і развіваць адносіны з нашымі традыцыйнымі партнёрамі, такімі, як Беларусь, Расія, Кітай.

— Наколькі Сербіі важна развіваць супрацоўніцтва з постсавецкімі краінамі?

— Сербія не далучылася і не далучыцца да санкцый у адносінах да Расійскай Федэрацыі. Ужо даўно падпісаны пагадненні аб свабодным гандлі з Беларуссю, Расіяй, Казахстанам, а пасля і з Мытным саюзам у цэлым. У хуткім часе пачнуцца перамовы паміж Сербіяй і ЕАЭС аб падпісанні Пагаднення аб свабодным гандлі. Трэба таксама асобна падкрэсліць, што з большасцю постсавецкіх краін Сербія мае традыцыйна добрыя і сяброўскія адносіны ва ўсіх сферах.

Умовы для агульнага бізнесу

— Якое значэнне для бізнес-колаў Сербіі мае членства Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе?

— Беларусь у Сербіі вядомая як вельмі сур'ёзны і надзейны гандлёвы партнёр. Прысутнасць сербскіх кампаній на беларускім рынку забяспечыць ім выхад на рынкі краін ЕАЭС. Прывяду адзін прыклад: група сербскіх кампаній «БК-груп» і «Дана холдынгс», якія будуюць шматфункцыянальныя комплексы «Мінск-Мір» і «Маяк Мінска», таксама паспяхова ажыццяўляюць сваю дзейнасць як у ЕАЭС, так і ў іншых постсавецкіх краінах.

— Як у Сербіі ацэньваюць беларускі бізнес-клімат?

— Ён вельмі спрыяльны. Беларускія партнёры — надзейныя, з імі можна разлічваць на доўгае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Нядаўна адна сербская кампанія набыла ў Заслаўі неэксплуатуемы будынак з мэтай запусціць новую вытворчасць.

— Чым цікава Беларусь для сербскіх інвестараў? Чым прывабная Сербія для беларускіх бізнесменаў?

— Беларусь знаходзіцца ў сэрцы Еўропы. Яна не толькі захавала, але і пастаянна развівае свой прамысловы патэнцыял.

Узаемную цікавасць для нашых краін у першую чаргу ўяўляе стварэнне сумесных прадпрыемстваў, такіх як «МАZ-Balkan» (сумеснае прадпрыемства Мінскага аўтамабільнага завода і сербскай кампаніі Vulovіc Transport), «Беларус Аграпанонка» (сумеснае прадпрыемства Мінскага трактарнага завода і кампаніі «Аграпанонка»).

Што да дзелавога ўзаемадзеяння прадстаўнікоў бізнес-колаў Сербіі і Беларусі, магу адзначыць, што пасяджэнне Дзелавога савета па супрацоўніцтве Гаспадарчай палаты Сербіі і Беларускай гандлёва-прамысловай палаты прайшло дастаткова паспяхова і адкрыла новыя магчымасці доўгатэрміновага супрацоўніцтва. У сербскай дзелавой дэлегацыі налічвалася больш за 100 бізнесменаў, якія правялі перамовы з беларускімі партнёрамі. Вынік перамоў — падпісанне дагавораў аб некалькіх новых праектах. Мотавелазавод і сербская кампанія «TRAYAL Карпарацыя» падпісалі кантракт на пастаўку пакрышак і камер для матацыклаў на суму 100 тысяч еўра. Бакі дамовіліся аб сумеснай вытворчасці аўтобусаў з беларускімі камплектуючымі, зборка якіх будзе здзяйсняцца ў Сербіі, а продаж — як у Сербіі, так і на рынках іншых еўрапейскіх дзяржаў.

Шматфункцыянальны комплекс «Мінск-Мір» — буйнейшы на сення будаўнічы праект у Еўропе. Ён разлічаны на 10 гадоў. За гэты час сербская кампанія «Дана Холдынгс» плануе ўзвесці 3 мільёны квадратных метраў жылых і офісных плошчаў. У першую чаргу будуць пабудаваны аб'екты сацыяльнай інфраструктуры — жыллё, школы, дзіцячыя садкі, спартыўныя пляцоўкі, медыцынскія ўстановы, гандлёва-забаўляльны комплекс і фінансавы цэнтр.

Да 2017 года плануецца завяршыць будаўніцтва яшчэ аднаго шматфункцыянальнага комплексу — «Маяк Мінска». Ен стаў першым праектам падобнага тыпу ў Беларусі, удастоеным міжнародных прэмій. Так, яго прызналі лепшым шматфункцыянальным комплексам ва Усходняй Еўропе.

Што да прывабнасці Сербіі для беларускіх бізнесменаў, то кампанія «Белаўтагаз» зацікавілася інвеставаннем у сербскую кампанію «Петар Драпшын».

Сербія можа таксама быць цікавай беларусам як турыстычны кірунак. Гэта можа быць гарадскі турызм (тур выхаднога дня), рэлігійны турызм. Сербія вядома сваімі старажытнымі гарадамі з крэпасцямі і манастырамі. Шмат у нас ёсць тэрмальных крыніц, вядомых сваімі гаючымі якасцямі, лячэбна-аздараўленчых курортаў, якія спецыялізуюцца на лячэнні розных захворванняў.

— Тавараабарот паміж Беларуссю і Сербіяй паступова павялічваецца: рост быў адзначаны і летась, адзначаецца і сёлета. Што дапамагае нашым краінам развіваць супрацоўніцтва?

— Сапраўды, згодна са звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, аб'ём тавараабароту паміж Беларуссю і Сербіяй у 2015 годзе склаў 253,3 мільёна долараў ЗША. Рост у параўнанні з 2014 годам — 3,4%. Пры гэтым аб'ём беларускага экспарту — 144,7 мільёна долараў, а імпарту — 108,6 мільёна долараў.

Асобна хачу падкрэсліць, што паміж Сербіяй і Беларуссю існуюць традыцыйна добрыя, сяброўскія адносіны, заснаваныя на агульнай гісторыі, веры, духоўнай блізкасці. Найлепшым чынам характарызуюць адносіны паміж нашымі краінамі рэгулярныя сустрэчы нашых прэзідэнтаў Таміслава Нікаліча і Аляксандра
Лукашэнкі. Трэба адзначыць таксама і рэгулярныя сустрэчы на высокім узроўні. Напрыклад, міністра эканомікі Сербіі Жэлькі Серціча з прэм'ер-міністрам Беларусі Андрэем Кабяковым, міністрам гандлю Уладзімірам Калтовічам і міністрам прамысловасці Віталём Воўкам, сустрэчы кіраўніцтваў абаронных ведамстваў, мэраў сталіц абедзвюх краін.

Такому інтэнсіўнаму ўзаемадзеянню паміж нашымі краінамі дапамагае рэгулярны прамы рэйс, што здзяйсняецца авіякампаніяй «Белавія», а таксама бязвізавы рэжым.

Для дыялогу Беларусі і Сербіі не існуе тэмы, якая была б «забаронена», гэта значыць закрыта для супрацоўніцтва. Наадварот, дзве краіны адкрыты для развіцця ўзаемадзеяння па ўсіх магчымых кірунках.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Няма закрытых тэм

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!