Вы тут

Ці могуць інтэрнэт-знаёмствы перарасці ў шлюб?


Цяжка паверыць, што на прасторах сусветнай павуціны можна спаткаць таго адзінага,  з якім заручышся, каб правесці разам усё жыццё. Старэйшыя пакаленні наогул скептычна ставяцца да знаёмстваў праз інтэрнэт. Наш карэспандэнт з дапамогай рэальных гісторый паспрабавала разбурыць стэрэатып пра тое, што з адносін у рэжыме «анлайн» нічога добрага атрымацца не можа.


Ве­ра­ні­ка і Сяр­гей Па­рэ­чы­ны.

Гісторыя 1. «Першая думка, якая прыйшла мне ў галаву: «Дзякуй богу, што не горшы, чым на фота!»

31-гадовая Вераніка Парэчына сустрэць сваё каханне ў інтэрнэце не разлічвала. Яна зайшла на сайт з-за цікаўнасці і «падміргнула» хлопцу, які спадабаўся. «З Сяргеем пачалі перапісвацца і тэлефанаваць адзін аднаму адразу, — расказвае Вераніка. — Мы гаварылі пра ўсё на свеце: пра кнігі, пра погляды на жыццё... Неяк жартам у гутарцы я назвала свой адрас, і гэта было прынята да ўвагі. Спачатку я спалохалася: да мяне едзе малазнаёмы чалавек! Папярэдзіла дзвюх сябровак і перыядычна выходзіла з імі на сувязь. Калі я адчыніла дзверы, першая думка, якая прыйшла мне ў галаву: «Дзякуй богу, што не горшы, чым на фота!»

Так і пачалі сустракацца маладыя людзі, потым з'ехаліся і праз год узялі шлюб. Сёння для Веранікі і Сяргея Парэчыных сэнс жыцця — гэта іх сыночак Лёвачка.

Ак­са­на і Алег Ка­ра­чан­ца­вы.

Гісторыя 2. «Зайшла, каб праверыць скрыню, а нейкі хлопец напісаў «прывітанне»

Аксана Карачанцава па дыскатэках не хадзіла, а каханне знайсці дзяўчыне хацелася. «Аднойчы я зайшла на maіl.ru, каб праверыць скрыню, а нейкі хлопец напісаў «прывітанне». Алег сам з Украіны, працаваў ва Уладзівастоку. Мы перапісваліся каля трох з паловай гадоў, розніца ў часавым поясе складала восем гадзін. Канешне, было складана падтрымліваць сувязь».

Доўгачаканая сустрэча адбылася зімой на мінскім вакзале. «Я адразу яго пазнала, — успамінае Аксана. — Алег аказаўся вельмі дапытлівым, пазнаёміла яго з Траецкім прадмесцем, Нацыянальнай бібліятэкай, Востравам слёз... З кожным днём ён мне падабаўся ўсё больш і больш. Наступная сустрэча адбылася праз паўгода расстання. Мы паехалі адпачываць у Крым». Аксана адразу пагадзілася, калі Алег зрабіў ёй прапанову. У шлюбе маладая пара жыве ўжо тры гады, а галоўнае ў жыцці абаіх — дачушка Алеся.

Ка­ця­ры­на і Ві­тальд Длу­га­зі­мы.

Гісторыя 3. «Пешшу пераадолеў 15 кіламетраў, пакуль дабіраўся да мяне...»

Кацярына Длугазіма паклала вока на будучага мужа Вітальда ў школьныя гады. «Я яго яшчэ з тур-
злёту памятала, — прызнаецца дзяўчына. — Праз чатыры гады выпадкова натыкнулася на яго старонку «УКантакце», «лайкнула» фотку, а праз два дні ён мне ўпершыню напісаў. На наступным тыдні дамовіліся сустрэцца. Аказваецца, ён пешшу пераадолеў 15 кіламетраў, пакуль дабіраўся са сваёй вёскі да маіх Скамарошак!» Да шлюбу Кацярына і Вітальд сустракаліся два гады, а сёння маладой сям'і каля 10 месяцаў.

«Насамрэч я праціўнік знаёмстваў праз інтэрнэт, — працягвае Кацярына. — Нават не ведаю, чаму згадзілася на сустрэчу. Напэўна, такі ў нас лёс. Сёння для мяне сям'я — самае каштоўнае ў жыцці. Раней я і ўявіць не магла, што ў 20 гадоў выйду замуж, хацела спачатку пабудаваць кар'еру, але склалася па-іншаму, і я ніколькі не шкадую». Маладыя атрымалі пасля шлюбу пакой у інтэрнаце ў Стоўбцах, стаяць на чарзе на пабудову кватэры.

Па выніках апытання GMІ Pol, у якім паўдзельнічала каля 18 тысяч рэспандэнтаў больш чым з 18 краін свету, 10% людзей шукаюць партнёра для шлюбу ў інтэрнэце. Напрыклад, у ЗША штодзённа адбываецца каля 40 вяселляў сярод тых, хто знайшоў адзін аднаго на сайтах знаёмстваў (3% ад усіх шлюбаў).

Што раіць псіхолаг?

«Адносіны па перапісцы — гэта ўтопія, бесперспектыўная на 96,645%,   лічыць Павел Зыгмантовіч, сямейны псіхолаг. Па-першае, пры перапісцы мы наўрад ці зразумеем эмоцыі, якімі чалавек афарбаваў паведамленне. Там, дзе ён уклаў іронію, мы можам убачыць абразу, сур'ёзныя намеры прыняць за жарт. Па-другое, мы не можам бачыць чалавека ў розных сітуацыях, у сутыкненнях з праблемамі. Мы бачым толькі тое, што ён хоча нам паказаць. Калі мы не валодаем дастатковай інфармацыяй, то пачынаем яе дабудоўваць. У выніку атрымліваецца вобраз чалавека, які слаба звязаны з рэальнасцю. Калі знаёмства праз інтэрнэт хутка перарастае ў сустрэчы «ў рэале», гэта якраз нармальна: розніцы няма, дзе завязваць кантакт, галоўнае, яго развіваць».

Спрэчны момант

Дзмітрый Патапчык, мастак-рэстаўратар, г. Мінск, 24 гады: «Я лічу, што без віртуальных знаёмстваў сёння не абысціся: пры стасунках ужывую людзі чагосьці баяцца, пачынаюць хвалявацца, а ў інтэрнэце адчуваюць сябе ў сваёй талерцы. У сусветным павуцінні кола прэтэндэнтаў на руку і сэрца шырэйшае і імавернасць знайсці таго, хто табе падыходзіць, значна большая. У гэтым дапамагае анкета. Канешне, інтэрнэт-знаёмствы лепей хутка ператвараць у рэальныя зносіны, а там як карта ляжа...»

Дзіяна Валынец, студэнтка, г. Навагрудак, 19 гадоў: «Лічу, што віртуальныя знаёмствы — гэта поўны развод. Калі хтосьці знаёміцца ў інтэрнэце, значыць, у яго сур'ёзныя праблемы ў рэальнасці. І вельмі вялікая верагоднасць натрапіць на псіхапата. Лічу, што сапраўды класныя хлопцы і дзяўчыны на сайтах знаёмстваў не сядзяць. Я за рэальныя зносіны, таму што ўсе могуць выглядаць крута на фота (ёсць жа фоташоп). Ды і кантактаванне з дапамогай фраз, узятых з інтэрнэта, не патрабуе асаблівых намаганняў. У рэальнасці можа аказацца, што чалавек і двух слоў звязаць не можа».

Вераніка УЛАСЕВІЧ

veronіka.ulasevіch@maіl.ru

Загаловак у газеце: Каханне-анлайн, або Ці могуць інтэрнэт-знаёмствы перарасці ў шлюб?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?