Вы тут

У мінскай кватэры жыве сапраўдная малпа


У год Малпы кожны мае свае надзеі. Але адна справа — жыць пад знакам Малпы, а іншая — кожны дзень праводзіць побач з гэтым хітрым звярком. Ужо два гады ў мінскай кватэры жывуць дзяўчына Ія Каломенцава і яе гадаванец — вялікі і тоўсты лоры Олівер. Як жа яны ўжываюцца? Каб зразумець гэта, выпраўляемся да іх у госці.


У Олівера сумны, а часам крыху вінаваты позірк – як у эльфа Добі з «Гары Потэра».

Чужыя людзі — стрэс для Олівера

Сустрэчу Ія прызначае на вечар пятніцы. Дзявятая гадзіна. У гэты час начны звярок Олівер прачынаецца — спаць ён кладзецца а сёмай раніцы, калі гаспадыня сыходзіць на працу. Мы заходзім у пакой Іі і адразу заўважаем вялікую клетку. З доміка-спальні асцярожна і недаверліва высоўваецца невялікая галава. Вялікія сумныя вочы з цікаўнасцю разглядаюць гасцей. Лоры глядзіць пранікнёна і вінавата, як хатні эльф Добі з «Гары Потэра».

— Олі яшчэ не прачнуўся, — кажа Ія і ідзе наразаць на кавалкі невялікі яблык — гатаваць свайму сябру вячэру. Мы з Сяргеем «прыліпаем» да клеткі і не можам адарваць вачэй ад лоры (мой унутраны «міміметр» проста зашкальвае). У пакой спакойна заходзіць руская блакітная кошка Нора — яшчэ адна гадаванка сям'і Каломенцавых. У адрозненне ад недаверлівага Олі яна адразу ідзе на кантакт, не звяртаючы ўвагу на свайго экзатычнага суседа. Вяртаецца Ія. Убачыўшы ў руках гаспадыні кавалкі яблычка, Олівер вельмі павольна працягвае пярэднюю лапку і малюсенькімі пальчыкамі акуратна забірае вячэру. Голад перамог страх. Адзін кавалак, другі, трэці — малпа са смакам упісвае садавіну, асабліва не саромеючыся гасцей, хоць мы памятаем: чужыя людзі — стрэс для гэтай жывёлы. Сачыць за рухамі Олівера — адно задавальненне, калі не сказаць больш — сапраўдная медытацыя. Заднія ногі: для лоры — яны і апора, і страхоўка. Язычок у малпы двайны — каб усё прамацваць. Да чаго ж асцярожны!

— Спачатку я спала па некалькі гадзін у дзень: не магла адарвацца ад клеткі, назірала за Оліверам, — прыгадвае Ія.

Увогуле ж, першыя месяцы з экзатычным прыматам у дзяўчыны былі няпростымі: Олівер доўга прызвычайваўся да новай абстаноўкі. У мінскую кватэру трохмесячная малпа трапіла ажно з маскоўскага пітомніка. Па словах Іі, напачатку ён не ішоў на рукі і не цярпеў, калі да яго дакраналіся. На гэта ён адказваў укусамі. Але клопат Іі і час зрабілі сваю справу: нарэшце Олівер асвоіўся і адчуў сябе тут гаспадаром.

— Гэта той выпадак, калі чалавек не можа стаць уласнікам для жывёлы, як для ката ці сабакі. Олівер не будзе рабіць тое, што яму загадваюць. Яго нельга проста так ціскаць альбо цягаць — толькі ў тым выпадку, калі ён дазволіць, — адзначае дзяўчына.

Оліверу падабаецца, калі Ія яго вычэсвае. Звярок адразу расслабляецца і ў адказ пачынае старанна вылізваць руку сваёй гаспадыні. Задаволіць яго цяжка, затое раззлаваць вельмі проста. Асаблівую нелюбоў лоры мае да падгузнікаў. Ія апранае іх на Олівера, калі выпускае прымата пагуляць па кватэры. Пакуль падгузнік чысты — усё добра. Зрабіўшы справу, Олі страшна раздражняецца: чаму гэта ён вымушаны насіць на сабе нешта непрыемнае? За такую непавагу Ія можа атрымаць ад «Олівера» — укусы лоры зажываюць доўга. Мне ж давялося адчуць лёгкі пракус на першы погляд бяскрыўднай малпачкі...

Дарэчы, чаму ён вялікі і тоўсты, хоць важыць усяго два кілаграмы? Аказалася, што ў сямействе лорыевых ёсць сапраўды маленькія малпы. Даволі часта лоры памылкова называюць лемурамі, але гэта не так. Лоры, альбо лорыевыя, — самастойнае сямейства макраносых прыматаў, якое складаецца з пяці родаў: бенгальскі, павольны, яванскі, калімантанскі, малы.

Пачуццё голаду перамагло пачуццё страху перад чужымі людзьмі.

Убачыць шакалад — вочы расшыраюцца

Ія прызналася, што раней нават не думала заводзіць хатнюю жывёлу. Кошка Нора — гадаванка сястры. Але, убачыўшы ў інтэрнэце фота вялікіх і тоўстых лоры, дзяўчына «загарэлася» і пачала чытаць пра незвычайных звяркоў, потым стала перапісвацца з гаспадарамі такіх малпаў. Некалькі месяцаў на роздум — і ўрэшце Ія, нікому нічога не сказаўшы, паехала на выхадныя ў Маскву, а вярнулася ўдваіх з Оліверам.

— Я жыву з бабуляй і сястрой, дык бабулі патлумачыла, што прывязу невялікую малпачку, — узгадвае Ія. — Аднак яна, вядома ж, уявіла сабе макаку, якая разносіць дом ушчэнт. Цяпер бабуля вельмі прывязалася да Олівера і нават заве яго сваім пра- ўнукам.

«Праўнук», зразумеўшы сваё прывілеяванае становішча ў гэтай сям'і, дазваляе сабе розныя выбрыкі. Напрыклад, ён можа раптоўна запусціць сваю лапу ў талерку Іі і вычапіць сабе нешта смачнае. І гэта нягледзячы на тое, што гаспадыня пільна сочыць за рацыёнам свайго сябра: цвыркуны, мадагаскарскія прусакі, перапяліныя яйкі, садавіна, агародніна і нават вітаміны ў гелі «Супрадзін кідс». Але ж забаронены плод заўжды самы смачны! Аднойчы Олі пакаштаваў шакаладных цукерак. Смакоцце ён ацаніў на самы высокі бал і пасля нават краў іх. Калі Ія заспела лоры за паяданнем шакаладу, то вырашыла адвучыць яе. Каманду «нельга» развучвалі на каробцы цукерак. Лоры выдатна запомніў гэтае страшнае слова і, пачуўшы яго, хавае свой нос.

Жахі бабулі не апраўдаліся: малпа збольшага паводзіць сябе акуратна. На ноч лоры пакідаюць у адным з пакояў, найчасцей у спальні Іі. Уначы ён блукае і займаецца сваімі справамі. Ён так палюбіў лазіць у шафу і грызці скураныя рэчы, што цяпер даводзіцца заклейваць дзверкі скотчам. Ранкам Олівер можа залезці да Іі пад коўдру і спаць. Альбо пачне перабіраць валасы сваёй гаспадыні...

Мы заўважылі, што Оліверу падабаецца яго жытло: звярок з задавальненнем вяртаецца ў свой домік. Клетка прасторная і выдатна абстаўленая. Акрамя кармілкі, паілкі, ёсць невялікі домік з какосавай шкарлупіны, у які Ія кладзе розную смакату, цацкі. Унізе ляжыць пялюшка для туалетных патрэбаў.

Гульні гульнямі, а кусаюцца лоры па-сапраўднаму.

— Олі вельмі любіць свой дом і падтрымлівае чысціню ў ім, — распавядае пра свайго гадаванца Ія.

Можна было б завесці яму сяброўку, але Ія кажа, што тут не ўсё так проста. Лоры павінны жыць разам, толькі пасля перыяду заляцанняў яны пераходзяць да наступнага этапа адносінаў. У знаёмых Іі два лоры спачатку ўжываліся добра, але ў выніку не сышліся характарамі, і самец пакусаў самку. Жывёл давялося рассяліць па розных пакоях.

Сваім выглядам Олівер паказвае, што яму няблага жывецца і самому. Ія кажа, што на яе лоры звятае ўвагу, толькі калі яму гэтага захочацца. За два гады ён не змог пасябраваць з Норай, абыякава ставіцца да кошкі. А той, у сваю чаргу, цікава — хто ж гэта такі. Нора прынюхваецца да суседа, але, як толькі малпа пачне варушыцца, адразу ж уцякае.

Малпа — гэта не цацка!

У пакоі падтрымліваецца «трапічны клімат» — Олівер адчувае сябе камфортна пра тэмпературы не меншай за 22 градусы цяпла. Увогуле, вялікія і тоўстыя лоры паходзяць з Індыі, Бангладэша і краін Індакітая. Ія раскрыла страшную праўду: у Тайландзе гэтых звяркоў выкарыстоўваюць у якасці жывых мадэляў для фатаграфавання з турыстамі. Зразумела, дзікія малпы не выносяць прымусу і жорсткага абыходжання (жывёлам выдаляюць зубы, каб яны не пакусалі кліентаў). Жывуць гэтыя лоры не больш за адзін турыстычны сезон.

— Даволі часта людзі заводзяць лоры як прыгожую цацку, — дзеліцца досведам Ія. — Пасля разумеюць: паціскаць звера нельга, на кантакт ён ідзе слаба, і ў выніку перапрадаюць. У лоры ламаецца псіхіка: не паспеў ён прывыкнуць да аднаго гаспадара, а тут ужо іншы. Малпы не разумеюць, што адбываецца, ад чаго яны літаральна вар'яцеюць. Я не раіла б заводзіць лоры сем'ям, дзе ёсць дзеці, ці проста для забавы. Трыманне такога звярка — вялікая адказнасць.

Ну што, ўжывую я прыгажэйшы?

Кожная жывёла, як і чалавек, можа захварэць. Олі не стаў выключэннем: яму лячылі панкрэатыт. Іі вельмі пашанцавала знайсці ў Мінску ветэрынара, які пагадзіўся працаваць з экзатычнай жывёлай.

На развітанне Олівер паціснуў мне і Сяргею руку. Гэта вельмі кранальнае відовішча: спрытны, але тоўсты і маленькі лоры глядзіць вам у вочы і акуратна сціскае сваімі малюсенькімі пальчыкамі ваш палец. Сыходзіць ад прыгажуна, які за паўтары гадзіны разняволіўся і стаў больш гуллівым, зусім не хацелася.

Кацярына РАДЗЮК

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Каментары

Які мілы звярок! Любавалася б і любавалася б) Цудоўныя здымкі! Праўда, сабе такога начнога гадаванца завесці, пэўна, не адважылася б.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.