Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» сустрэўся з пісьменнікам Алесем Марціновічам


Пісьменніка і гісторыка Алеся Марціновіча добра ведае айчынны чытач. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. За творчую працу адзначаны медалём Францыска Скарыны. Напярэдадні 70-гадовага юбілею пісьменніка з ім сустрэўся карэспандэнт «Звязды».


— Алесь Андрэевіч, гісторыя, краязнаўства — ваш «канёк»... Са школы, відаць, такое зацікаўленне? Ці помніце школьнага настаўніка гісторыі? Або хтосьці іншы быў вашым настаўнікам, прыкладам у пошуку звестак даўніны?

— Гісторыю выкладаў мой бацька Андрэй Рыгоравіч. Выпісваў часопіс «Вопросы литературы в школе». Там, зразумела, было нямала метадычных распрацовак для настаўнікаў, але часам трапляліся і пазнавальныя гістарычныя матэрыялы. Мама Яўгенія Аляксандраўна, якая працавала ў малодшых класах, вельмі любіла мастацкую літаратуру, асабліва гістарычныя творы. Брала кнігі ў школьнай бібліятэцы, разам з мамай куплялі іх і ў Слуцку. Хоць я заканчваў школу на Капыльшчыне, але менавіта Слуцк стаў першым горадам, які, калі можна так сказаць, прапісаўся ў маёй біяграфіі. Усё гэта, разам узятае, не магло не выклікаць маю цікавасць да гісторыі, краязнаўства. Але не магу не сказаць і пра іншае: усё ж на веданні мінулага сказвалася тое, што, будзем справядлівымі, тагачасная афіцыйная ідэалогія больш была засяроджана толькі на глабальных падзеях, на тых, што, у рэшце рэшт, і прывялі да ўтварэння СССР. Так толькі студэнтам я даведаўся, што ў Цімкавічах, а гэта за нейкія дзесяць кіламетраў ад Навасёлак, у якіх я заканчваў школу, знаходзілася не проста царква, а ўнікальны храм. Даведаўся толькі пасля таго, як ён згарэў. Не ведаў, што з Ёдчыц, а гэта ўжо кіламетры за тры, на тэрыторыі суседняга Клецкага раёна, родам вядомы прыродазнавец, геолаг, географ і хімік Канстанцін Валасовіч. Не ведаў, бо не ведалі гэтага і настаўнікі.

— Мне вядома, што шмат сіл, намаганняў вы асабіста прыклалі для з'яўлення на свет гісторыка-дакументальнай хронікі Капыльскага раёна «Памяць»... Наколькі значным вам падаецца праект «Памяць» для Беларусі? Ці ёсць сэнс яго працягваць?

— Праект «Памяць» — унікальны для ўсёй постсавецкай прасторы. Здаецца, толькі ў Расійскай Федэрацыі крыху наблізіліся да яго, выпусціўшы ў некаторых рэгіёнах спіс тых, хто мужна загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Як вы ведаеце, такімі спісамі хацелі абмежавацца і ў нас, але дзякуючы Пятру Міронавічу Машэраву кнігі гэтыя сталі менавіта такімі, якімі яны і прыйшлі да чытача. Хоць спачатку былі меншага памеру, набіраліся дробным шрыфтам. Цяпер у некаторых раёнах да кніг «Памяць» выпусцілі дадаткі. Гэта правільна. Але згаданыя дадаткі тычацца толькі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, удакладнены і дапоўнены спісы загінулых. Іншым шляхам пайшлі ў Старадарожскім раёне. Там дапоўнілі матэрыялы па ўсіх перыядах. Несумненна, гэта самы перспектыўны шлях. Хацелася б, каб так зрабілі і ў іншых раёнах. Вядома, выданне такіх аб'ёмных кніг абыходзіцца не танна, але, пры жаданні, усё можна зрабіць.

— Напісаўшы кнігу «Ля Каменкі бруістай», прысвечаную Капылю і Капыльшчыне, ці працягваеце вы надалей даследаваць мінуўшчыну родных мясцін?

— Як на сённяшні дзень, дык гэтую кнігу шмат у чым трэба было б дапрацаваць і дапоўніць. Праўда, я далёкі ад таго, як гэта робяць сёння некаторыя, каб здымаць матэрыялы, звязаныя з рэвалюцыямі, Грамадзянскай вайной, — тымі складанымі працэсамі, якія прывялі да рэпрэсій. Гэта ўсё было, і ад гэтага нікуды не дзенешся. Але ж Капыльшчыну моцна закранулі і іншыя падзеі, напрыклад, звязаныя са Слуцкім паўстаннем першых гадоў савецкай улады. Пра гэта, канешне, трэба таксама пісаць. Як нельга не ўзгадваць і імёны знакамітых людзей раёна і горада, пра якіх тады было невядома. Цудоўна заявілі пра сябе і прадстаўнікі пасляваеннага пакалення... Аднак, каб рыхтаваць новае выданне «Ля Каменкі бруістай», неабходна было б істотна змяніць саму структуру выдання. Кніга мая выходзіла ў серыі «Па родным краі». А што такое кніжная серыя? Гэта пэўная схема напісання ўсіх аналагічных кніг. Яна ж на той час была такой, што асноўная ўвага скіроўвалася на рэвалюцыйныя і паслярэвалюцыйныя падзеі. Старажытнасці ўдзялялася вельмі мала ўвагі. Дый апошнім часам наконт гэтага з'явіліся цікавыя звесткі.

Так, мне хацелася падрыхтаваць новае выданне «Ля Каменкі бруістай», хоць я разумеў, наколькі гэта праблематычна выдаць. Але такое жаданне знікла пасля таго, як два гады таму Алесь Бельскі падарыў мне сваю кнігу «Тут іх карані і вытокі». Кніга для яго незвычайная. Алесь Іванавіч, як вядома, паспяхова выступае як крытык, літаратуразнавец, гісторык літаратуры. Да ўсяго ён празаік, які пад псеўданімам Алесь Ветах выдаў некалькі кніг. А тут, як відаць з падзагалоўка, — радзімазнаўства: «Вядомыя людзі з Капыльшчыны ў свеце». Усяго прадстаўлены звесткі пра 32 чалавекі. Можна напаткаць у ёй і некалькі знаёмых імён, але ў асноўным Бельскі выступае першапраходцам. У гэтай жа кнізе ён прызнаўся: «Планую падрыхтаваць выданне біяграфій вядомых землякоў, якія жывуць і працуюць тут, на беларускай зямлі». Дарэчы, чарговая кніга ў яго і павінна выйсці. Дык яму, як кажуць, і карты ў рукі. Зразумела, калі б такія звесткі я напаткаў у каго-небудзь з аўтараў, якія жывуць далёка ад Беларусі, можна было б выкарыстаць іх са спасылкай на крыніцу. А так застаецца пажадаць толькі далейшых поспехаў Алесю Іванавічу. Хай ужо ён піша сваю «Каменку».

— Краязнаўства — гэта своеасаблівая школа любові да радзімы, школа патрыятычных пачуццяў. А ці разумнай падаецца вам ідэя выкладання краязнаўства як асобнага прадмета ў школе?

— Такую ідэю цалкам падтрымліваю. Але, паколькі праграмы перагружаны, сумняваюся, што краязнаўства будзе ўведзена як асобны школьны прадмет. Тым не менш надзея памірае апошняй. Дый, думаецца, тут ёсць два выйсці. Першае ў тым, каб звесткі з жыцця пэўнага рэгіёна ўключаць у праграму па гісторыі. Зразумела, што ў кожным раёне гэта будуць свае дапаўненні і ўдакладненні. Другое, каб краязнаўства вывучаць на факультатыўных занятках, ці ўдзяляць яму ўвагу ў пазашкольнай рабоце. Канешне, няблага было б, калі б мясцовыя аддзелы адукацыі паклапаціліся і аб падрыхтоўцы неабходных падручнікаў. Наколькі памятаю, падручнік «Аршаназнаўства» з'явіўся яшчэ гадоў дзесяць таму. Для вывучэння краязнаўства можна было б выкарыстоўваць і краязнаўчую літаратуру пра іншыя раёны, а не толькі пра тыя, на тэрыторыі якіх знаходзіцца пэўная школа. Гэта стане ўжо вывучэннем і краязнаўства, радзімазнаўства ўсёй Беларусі.

— Алесь Андрэевіч, пра што ці пра каго яшчэ не напісалі?

— Шмат пра што і пра каго хацелася б напісаць. Але ахапіць неахопнае, пры ўсім жаданні, немагчыма. Дый, прызнаюся шчыра, у сувязі з цяперашнім сваім юбілеем, нарэшце па-сапраўднаму ўсвядоміў, які паважаны ўжо ў мяне ўзрост. Таму застаецца ў асноўным працаваць над тым, што для мяне асабліва дорага. А сёння — гэта кнігі з серыі «Гісторыя праз лёсы». Дзве з іх пабачылі свет у выдавецтве «Беларуская навука». Адрасаваны яны найперш чытачам сярэдняга школьнага ўзросту. Гэта — свайго роду гісторыя нашага краю праз лёсы легендарных асоб. У кожным томе — па тры кнігі. Дый заканчваю вельмі цікавую кнігу для малодшых школьнікаў.

Гутарыў Мікола Берлеж

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: «Радзімазнаўства — перспектыўны шлях...»

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.