20 Верасень, чацвер

Вы тут

Закаханы ў творчасць, або хто адкрываў нам беларускае мастацтва?


Да юбілею Леаніда Дробава

Карпатлівыя, сенсацыйныя, займальныя і карысныя для краіны даследаванні па гісторыі беларускага мастацтва, пранікнёныя, далікатныя, сонечныя пейзажы роднай зямлі, ваенныя шляхі, поўныя гераізму і самаахвярнасці, ― усё гэта пра Леаніда Міканоравіча Дробава. Шостага жніўня яму б споўнілася 90 гадоў, калі б цяжкая хвароба заўчасна не абарвала жыццё вядомага жывапісца, вучонага-мастацтвазнаўцы, прафесара, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны.


Чалавечая памяць унікальная тым, што можа вечна захоўваць пачуцці да родных людзей, важныя вобразы з наваколля, што аднойчы ўварваліся ў свядомасць, поўныя ўражанняў падзеі… Леанід Дробаў змог перадаць нам памяць пра сябе ў самых шматгранных іпастасях, бо пакінуў след, адбітак сваёй плённай працы, творчасці не толькі душэўны, але і для будучыні практычна важны.

Спадчына навуковых прац і даследаванняў Леаніда Дробава акунае ў «свет» нашага роднага мастацтва ва ўсёй яго паўнаце, яркасці, моцы. Шматтомная «Гісторыя беларускага мастацтва», створаная пад яго кіраўніцтвам з калектывам іншых таленавітых аўтараў, стала першым і адзіным грунтоўным зборам па гэтай тэме. Тэме, якую амаль ніхто да яго не ўзнімаў, а калі і ўзнімаў, то да канца не даводзіў.

Леанід Дробаў паставіў сабе мэту і дасягнуў яе. Было цяжка, здавалася, што шлях не прайсці да канца, але не спыняўся. У сваіх рукапісах, нарысах у газеце вучоны ўспамінаў пра тое, як падарожнічаў па гарадах Беларусі і суседніх краін, упарта і паслядоўна збіраючы інфармацыю пра нашых мастакоў, чые імёны былі забытыя ці то з-за савецкай цэнзуры, ці то з-за памылковага змяшання рускіх, польскіх, украінскіх каранёў. Ён адкрываў беларусам іх землякоў, тых, кім мы можам ганарыцца. Акрамя таго, прафесар прааналізаваў стылі ў мастацтве, якія развіваліся на тэрыторыі нашай краіны ў пачатку XIX ― сярэдзіне XX стагоддзя.

Не выпадкова ў дзяцінстве мастак марыў стаць адкрывальнікам далёкіх зямель, як Хрыстафор Калумб. Гэтым Калумбам ён і стаў ― толькі ў мастацтвазнаўстве. Сын настаўніка сельскай школы з ранніх гадоў адчуў, што такое ўменне змагацца. Грошай у сям’і амаль не было, часы былі няпростыя. Хлопчыку прыходзілася самому рабіць буркі з тканіны і ваты накшталт валёнак і абменьваць іх на бульбу і іншую ежу.

Прага ведаў, пастаяннай вучобы, даследаванняў была такой моцнай, што Леанід Дробаў ніколі, здаецца, не спыняў працэс навучання. Вучыўся адразу ў дзвюх установах ― Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце і завочна ў БДУ на факультэце журналістыкі. Дыплом журфака, дарэчы, прысвяціў выяўленчаму мастацтву на старонках газеты «Літаратура і мастацтва». Пятро Глебка, на той час дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, пазнаёміўшыся з працай маладога таленавітага мастака, запрасіў яго ў аспірантуру інстытута. Леанід адразу ж «стрэліў» кандыдацкай на няпростую, дрэнна вывучаную раней тэму ― «Жывапіс Беларусі XIX ― пачатку XX стагоддзя». А потым і доктарскай ― пра станаўленне і развіццё рэалізму ў беларускім жывапісе таго ж перыяду. «Я зусім не збіраўся быць мастацтвазнаўцам. Але калі пазнаёміўся са станам спраў у навуцы ― перамяніў свае думкі», ― прызнаваўся потым Леанід Дробаў.

За больш чым трыццаць гадоў навуковай дзейнасці ён знайшоў, перагартаў, прааналізаваў і падарыў людзям малавядомыя старонкі гісторыі беларускага мастацтва, адкрыў яго вытокі, тых, хто ўсё пачынаў пасля рэвалюцыі. Зноўку адкрыў імёны ў жывапісе ― Ігната Дамеля, Валенція Ваньковіча і Напалеона Орды, Івана Хруцкага і Яна Рустэма, Іосіфа Аляшкевіча, Генрыха Жукоўскага і Юзэфа Пешкі, Васіля Садоўнікава і Вікенція Дзмахоўскага…. Акрамя кнігі, выдаў больш за сто навуковых прац, у тым ліку 13 манаграфій. Аб’ездзіў некалькі краін, разбіраючыся ў мностве архіўных дакументаў, схаваных ад вачэй, літаральна начаваў у аддзелах рэдкіх кніг бібліятэк і музеяў. Леанід Дробаў даказаў, што жывапісцы Беларусі былі перадавымі для свайго часу людзьмі, выступалі наватарамі нароўні з майстрамі іншых краін свету.

У родным пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці Леанід Дробаў заснаваў сваю карцінную галерэю, куды перадаў больш за сто работ ― лірычных пейзажаў, партрэтаў сучаснікаў, у тым ліку выбітных пісьменнікаў, такіх як Васіль Быкаў. Нядаўна ў галерэі аддалі даніну памяці чалавеку, які так шмат зрабіў для свайго роднага краю. Сабраліся сваякі, сябры, калегі, каб у добрай цёплай атмасферы паглыбіцца ва ўспаміны. Без мінулага не бывае будучыні.

Леанід Дробаў пісаў: усе мастакі ў свеце аднолькавыя тым, што ў кожнага з іх ёсць асаблівая шчырасць і апантанасць. Ён і сам быў такім, упэўненым даследчыкам, патрыётам, працавітым і захопленым. З пад яго пяра выходзілі карціны розных жанраў, але больш за ўсё майстар любіў пейзажы ― лірычныя, як музыка, імгненныя, няўлоўныя, як фатаграфія. Ён пісаў пра родную Беларусь у фарбах, улоўліваючы самыя тонкія змены настрою прыроды, яе складаны і разнастайны нораў. У розных кутках краіны лавіў схаванае ад звычайных вачэй: вясёлую гульню святла на зялёнай траве, акружанай пажоўклымі, але ўсё яшчэ поўнымі цяпла і гармоніі дрэвамі, вясновыя праталіны ў бярозавым гаі, за якімі схаваліся домікі, ледзь абудзіўшыся ад зімовага сна, парывісты вецер-гарэзу, што лётае ў лісці, хвалюючы водную роўнядзь... Шчырае захапленне жывапіснымі краявідамі Беларусі дапамагала яму адлюстроўваць усё дакладна і душэўна. Леанід Дробаў ствараў таксама партрэты, тэматычныя карціны, прысвечаныя партызанскау жыццю, нацюрморты. Асабліва ўдала выходзілі кветкі. Здаецца, проста букет у вазе, але такі сакавіты, жывы, што адчуваецца нават яго водар! Стылем, у якім мастак пісаў, быў рэалізм. Ён умеў захаваць прыроду ў дынаміцы, так, нібы глядзіш фільм са спыненым кадрам, прычым кадрам неацэнным, тым, які ўжо не паўторыцца. Максімальнае падабенства, аб’ектыўная інтэрпрэтацыя ў спалучэнні з магутным пачуццёвым імпульсам, эмацыянальнай афарбоўкай ― вось што адрознівае яго карціны. Прырода на карцінах Леаніда Дробава не вельмі ўрачыстая ― па-свойму велічная, рамантычная, словам, такая, як ёсць, ва ўсёй сваёй абаяльнай разнастайнасці.

Асобная частка ў біяграфіі мастака ― ваенныя дарогі. Не паспеў скончыць педвучылішча, як пачалася Вялікая Айчынная вайна, і ў 16 ​​гадоў Леанід Дробаў трапіў у вір партызанскага руху. Служыў сувязным, потым быў байцом партызанскага атрада № 752 1-й Бабруйскай партызанскай брыгады. У ліку яго ўзнагарод, якія сведчаць аб адвазе і адданасці справе, ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, 13 медалёў. Леанід Дробаў ― лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

Ён часта пісаў ваенныя ўспаміны ў дзённіку, жывыя, пранікнёныя, шчырыя. Талент публіцыста ― яшчэ адна важкая якасць гэтага чалавека. Нечаканыя налёты немцаў, удзел у групе далёкай разведкі, штодзённыя начныя пераходы, засады і спецаперацыі... Калі б многае з напісанага не прыйшлося знішчыць, гэта стала б каштоўным сведчаннем таго страшнага часу. «Шляхамі жыцця. Успаміны былога партызана» ― так назваў Леанід Дробаў свае мемуары пазней, вярнуўшыся да мінулага праз гады. Тут ён распавядае не толькі пра вайну, але і пра «штурм» вяршынь навукі, сваё станаўленні як мастака, першае каханне... Каб найхутчэй яго думкі, так выдатна аформленыя ў словы, ператварыліся ў кнігу!

Леанід Дробаў вядомы яшчэ і як педагог, пад чыім кіраўніцтвам кандыдацкія ступені атрымалі сёння вядомыя навукоўцы, мастацтвазнаўцы, кіраўнікі музеяў, грамадскіх арганізацый, кафедраў, рэдакцый і навучальных устаноў. У іх ліку Яўген Сахута і Уладзімір Пракапцоў, Міхаіл Баразна і Яўген Шунейка, Барыс Крэпак, Наталля Шаранговіч і Надзея Усава… З яго дапамогай вырасла пакаленне навуковых і творчых людзей, якія працягваюць развіваць наша мастацтва ўжо ў новым стагоддзі. Леанід Дробоў даў для гэтага добры імпульс, таму можа спадзявацца, што новыя хвалі адраджэння не прымусяць сябе чакаць.

Марыя ВОЙЦІК

Надрукавана ў "Літаратуры і мастацтве"

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.