Вы тут

Падтрымаць = уратаваць


Калі мы глядзім фільм, то вельмі рэдка ці наогул ніколі не задумваемся пра тое, хто аўтар стужкі, хто аператар, на якія сродкі кіно знята. Магчыма, такія пытанні мы пачынаем задаваць сабе толькі тады, калі зацікавіліся ўбачаным. Зараз зацікаўленых вельмі шмат, і яны нават гатовы выдаткоўваць на здымкі ўласныя грошы.


Любы капрыз за вашы грошы

У ліпені выйшла стужка Віктара Красоўскага «Душы мёртвыя». Яна цікавая не толькі сваім сюжэтам і героямі, але і гісторыяй стварэння. Кіно пра беларускае прадпрыемства, на якім працуюць людзі з інваліднасцю, здымалася ўсяго 2 дні і адным планам. Здавалася б, якія цяжкасці могуць быць з такой стужкай? Выдаткаў павінна быць не шмат. Але калі дакапацца да сутнасці кінематаграфічнай кухні, то давядзецца даведацца, што кожнаму фільму патрэбен постпрадакшн — агучванне, запіс музыкі, карэкцыя колераў. То бок, усё тое, што робіць стужку прывабнай для гледача. Віктар Красоўскі паспрабаваў знайсці грошы на фінальны этап працы над фільмам з дапамогай свайго ж гледача.

Цяпер такім відам спонсарства амаль нікога не здзівіць — краўдфандынг (а менавіта так называецца гэтая з’ява) стаў да такой ступені папулярным, што ім карыстаюцца для фінансавання абсалютна розных праектаў ад прамысловасці да мастацтва.

Увогуле краўдфандынг — паняцце досыць новае. Толькі ў 2009 годзе з’явілася першая амерыканская платформа Kickstarter, але лічыцца, што ідэя прапаноўваць людзям плаціць за тое, што яны хочуць убачыць, даволі старая — напрыклад, фундамент Статуі Свабоды ствараўся менавіта на грошы грамадзян Амерыкі. Тое ж самае можна сказаць і пра Нацыянальную бібліятэку Беларусі: кожны з нас так ці інакш паўдзельнічаў у фінансаванні праекта.

Краўдфандынг — гэта не проста грашовыя зборы, але і далучэнне людзей да нейкай ідэі, да працэсу. Як правіла, спонсары праектаў атрымліваюць і нешта наўзамен — калі справа тычыцца фільмаў, то гэта можа быць нават эпізадычная роля.

Для рэжысёра краўдфандынг — не толькі выдатны спосаб знайсці грошы, але і магчымасць прарэкламаваць стужку. Людзі, якія дапамагаюць сабраць грошы на кіно, аўтаматычна становяцца яго фанатамі — стужкі яшчэ няма, а аўдыторыя ў яе ўжо ёсць! Інакш як растлумачыць неверагодны поспех некаторых фільмаў?

Каму патрэбна сваё?

Самы вядомы прыклад — стужка фінскага рэжысёра «Жалезнае неба», якая сабрала 1,5$ млн ахвяраванняў ад гледачоў. Ці гэта не доказ таго, што краўдфандынг — неверагодная магчымасць для рэжысёраў, асабліва айчынных, улічваючы, што кіно з кожным годам фінансуецца ўсё менш, а людзям хочацца бачыць айчынныя стужкі? Яшчэ адзін прыклад — «ГараШ» Андрэя Курэйчыка, які таксама прафінансавалі гледачы. Неўзабаве пасля выхаду фільм стаў карыстацца папулярнасцю і яго паказвалі ў кінатэатрах.

Але няўжо беларусы да такой ступені зацікаўлены ў развіцці нашага кінематографа, што гатовы выдаткоўваць на яго ўласныя сродкі? Практыка паказвае, што так і ёсць.

Зараз на беларускай платформе Talaka.by ідзе збор сродкаў на экранізацыю твора Васіля Быкава «Народныя мсціўцы». Гэта будзе кіно пра БССР на мяжы 50-60-х гадоў. Кіно, дзе аўтар абяцае ўзняць важныя агульначалавечыя і агульнабеларускія тэмы — такія ж самыя, што ўзнімае ў сваіх творах Быкаў. І працэс ідзе досыць паспяхова — рэжысёр Аляксандр Меліхавец сабраў ужо 26% сумы за паўмесяца:

— Наш глядач не проста зацікаўлены ў беларускім кіно, я лічу, што ён такое кіно даўно і безнадзейна чакае. Ёсць пэўная частка гледачоў, якія з задавальненнем паглядзяць фільм беларускі па тэматыцы і на беларускай мове. Асабіста я даўно хацеў экранізаваць Быкава і пэўным чынам рухаўся ў гэтым кірунку. Краўдфандынг ніколі не разглядаў як нейкае сур’ёзнае фінансаванне, але вырашыў паспрабаваць: Быкаў усё ж асоба знакавая для беларусаў як нацыі.

Кіно — галіна, якая патрабуе выдаткаў. На тое, каб зняць добрую, якасную стужку, колькасць грошай патрабуецца вялікая. Што тычыцца малабюджэтнага кіно, якое, як прадэманстравала стужка «ГараШ», можа быць папулярным, то, тым не менш, без грошай яно не ствараецца. Аляксандр Меліхавец, як і іншыя рэжысёры, што выкарыстоўваюць краўдфандынг, на поўнае пакрыццё выдаткаў не спадзяецца:

— Што тычыцца грошай, канечне, заяўленая на платформе сума — гэта смешны бюджэт. Што б там ні казалі, а большыя фінансавыя магчымасці станоўча ўплываюць на якасць фільма, прынамсі, тэхнічную. Падобнае фінансаванне магло б стаць добрым падмуркам для любой справы, якую з розных прычын не можа зрабіць дзяржава.

Плаціць за тое, што хочаш убачыць

Краўдфандынг, як бы там ні было, рэч вельмі непрадказальная. Рэжысёр не можа ведаць дакладна, колькі грошай ён збярэ і ці збярэ наогул. Гэта свайго роду латарэя — ідуць сюды толькі самыя аптымістычныя і азартныя.

У сакавіку беларусы змаглі пазнаёміцца з кароткаметражнай стужкай Яўгена Лыткіна «Ро і Дж». На кіно пра каханне сродкі збіралі таксама праз краўд-платформу. «Фінансаванне натоўпам» (як перакладаецца тэрмін краўдфандынг) дапамагло, і хутка рэжысёр прадставіў гатовую работу:

— Мы прынцыпова не хацелі ўкладаць свае грошы ў фільм, бо гэта б значыла, што ён патрэбны толькі нам. Мы вырашылі, што калі зможам зацікавіць кагосьці яшчэ, то робім усё правільна. Адным з варыянтаў знайсці «не свае» грошы якраз і стаў краўдфандынг. Але гэта ж не толькі грошы, але і дапамога людзей чымсьці нематэрыяльным. На платформе мы знайшлі не толькі спонсараў, але і сяброў.

Яўген прызнаецца, што не чакаў атрымаць ад людзей столькі бескарыслівай дапамогі, таму сам задаваў сваім «спонсарам» пытанні: «А навошта вам гэта трэба? Навошта пераводзіць уласныя грошы на праекты фільмаў?». Адна сям’я стала спонсарам, бо кожны месяц яны камусьці дапамагаюць, а тут яшчэ і двайная карысць — не толькі фінансаванне, але і падтрымка айчыннага кінематографа. Некаторыя пазнавалі акцёраў, чые працы ім да гэтага спадабаліся, таму вырашылі «ўкласціся» і ў наступны фільм. А хтосьці пакрыўдзіўся на тое, што за столькі гадоў у беларускай кінаіндустрыі амаль нічога не змянілася — здымаюць толькі пра вайну, а пра мірнае жыццё чамусьці забываюцца.

«Спонсары» Лыткіна казалі: «Нам не хапае добрага кіно». За добрае кіно яны гатовы самі заплаціць. Але фільмы ў выніку атрымліваюцца малабюджэтныя, таму невядома, ці гатовы глядач, што гэта будзе ўсё ж менш глянцавае кіно, зробленае зусім не ў стылі галівудскіх стужак? Але і малабюджэтнае кіно мае права на жыццё, і можа быць добрым. У гэтым перакананы рэжысёр «Ро і Дж» Яўген Лыткін:

— Часта ў нашай краіне кароткаметражныя фільмы не малабюджэтныя, а безбюджэтныя. Я лічу, гэта не вельмі добра. Здымачная група павінна на нейкія сродкі існаваць. Я не ведаю ніякіх фондаў, дзе я атрымаў бы фінансавую падтрымку для кіно. Гэта не такія вялікія грошы, але яны моцна дапамаглі б развіццю кінематографа ў Беларусі. Ды і ўвогуле — калі табе даюць грошы на фільм, то паўляецца пэўная адказнасць: не зрабіць яго ты ўжо не можаш.

Выратавальныя платформы

У Беларусі ствараць кіно сіламі грамадства было не прынята. Некаторыя рэжысёры лічаць, што без гэтага выратаваць незалежны беларускі кінематограф проста немагчыма. Можа, сёння краўдфандынг для беларусаў — не самая папулярная з’ява, але мы бачым, што зацікаўленасць аўдыторыі толькі павялічваецца. Усё ж такі, калі мы хочам кіно пра нас, то самі павінны сабе ў гэтым дапамагаць.

У Беларусі ёсць два добрыя прыклады краўд-платформ — Ulej.by і Talaka.by. Абедзве сёння лічацца аднолькава паспяховымі — 40% праектаў, якія выстаўляюцца на рэсурсах, атрымліваюць неабходныя для фінансавання грошы. Галоўнае — зацікавіць аўдыторыю, паказаць ёй, на што яна выдаткоўвае сродкі і што атрымае ў выніку.

Згодна са статыстыкай, лепш за ўсё на беларускіх платформах фінансуюцца праекты сацыяльныя, літаратурныя (напрыклад, дадатак для iPhone з беларускімі казкамі), гарадскія. Пасля ідзе і мастацтва кіно, і тэатральнае (калі былі сабраны сродкі для пастаноўкі п’есы «Опіум»).

Іван Вядзенін, крэатыўны дырэктар пляцоўкі Talaka.by, кажа, што звышмэта іх працы — «рабіць Беларусь лепшай»:

— Платформа задумвалася як месца сустрэчы неабыякавых людзей, якія развіваюць нашу краіну ва ўсіх магчымых аспектах: у культурным плане (бо для нас важныя нацыянальная мова і культура), у тэхналогіях, у сацыяльным плане, у экалогіі. Пры гэтым такая звышмэта мае цалкам асабістую зацікаўленасць: жаданне жыць у сучаснай і камфортнай краіне. Для мяне гэта натуральнае імкненне — уладкаваць сваю краіну для сябе. Вядома, задача вельмі амбіцыйная і складаная ў дасягненні, але выдатна, калі твая праца мае глабальны сэнс.

Эдуард Бабарыка, дырэктар па развіцці платформы Ulej.by, лічыць, што краўдфандынг стварае новую мадэль грамадства — такую, дзе любыя амбіцыйныя задачы вырашаюцца сілай супольнасці без падтрымкі дзяржавы ці спонсараў:

— Краўдфандынг — гэта новы вобраз мыслення, які сцірае мяжу паміж ідэяй і яе ўвасабленнем. Ulej імкнецца да новай мадэлі грамадства, у якім усё напоўнена ініцыятывай і творчасцю.

Падтрымліваць айчынны кінематограф цяпер можа кожны з нас. Напрыклад, зараз на платформе Ulej.by ідзе збор сродкаў на новую стужку Андрэя Курэйчыка.

Навошта плаціць двойчы?

Іван Вядзенін бачыць у падтрымцы кіно ўклад у развіццё краіны, таму Talaka.by заўсёды згодна дапамагчы айчынным рэжысёрам. Часам платформа робіць незвычайныя рэчы: напрыклад, падтрымка стужкі Яўгена Лыткіна «Ро і Дж» адгукнулася там, дзе яе стваральнікі і не чакалі. На адным з выступленняў прадстаўнікоў платформы школьнікі пачалі казаць, што для іх падтрымка кіно — свайго роду прыклад, і яны самі цяпер хочуць ствараць фільмы:

— Тэхналогіі, якія дае кожнаму наша платформа, дапамагаюць ствараць прадукты накшталт кіно практычна з нулявым стартавым капіталам. Людзі, рэсурсы, грошы і сувязі могуць знайсціся па ходзе, калі аўтар праекта і яго каманда нацэлены на поспех. Зараз стан кінаіндустрыі такі, што любы фільм, які зняты незалежна (нават калі гэта кароткаметражка), — дапамога айчыннаму кінематографу.

Чалавеку, які да кіно ставіцца абыякава, збор сродкаў на здымкі, напэўна, падасца глупствам. Бо навошта выдаткоўваць свае сродкі на незалежны кінематограф, калі мы плацім падаткі (з якіх фінансуецца і культура)? Але мастацтва было і застаецца адной з тых сфер, якой падтрымка грамадства проста неабходна — не толькі фінансавая, але і нематэрыяльная. Калі рэжысёры ствараюць кіно, то мы павінны яго глядзець, каб не размінуцца з чымсьці актуальным і прыгожым. Магчыма, чалавек без кіно і можа выжыць, але кіно без гледача — не.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».