22 Верасень, субота

Вы тут

Вадзім Дзевятоўскі: «Уладзімір Самсонаў – сапраўдны баец!»


Напярэдадні адлёту ў алімпійскі Рыа-дэ-Жанэйра Вадзім ДЗЕВЯТОЎСКІ, дэпутат і старшыня федэрацыі лёгкай атлетыкі, дзеліцца са «Звяздой»​ уражаннямі ад Алімпіяды.


- Вадзім Анатолевіч, у якім аб’ёме сочыце за Алімпіядай?

- У жывым эфіры ўсё глядзець складана. У запісе праглядаю ключавыя моманты спаборніцтваў. Калі выступаюць беларусы, сачу за навінамі ў рэжыме анлайн. Многіх спартсменаў ведаю асабіста. Падтрымліваю кожнага.

- Хто на гэты момант вас найбольш уразіў з беларусаў?

- Я вельмі ўсцешаны за Уладзіміра Самсонава. Ведаю яго як сапраўднага байца, чалавека, які выклікае захапленне. Ён - спалучэнне чалавечнасці і прафесіяналізму. Паверце, не кожны дзень гэта можна ўбачыць. І я ўдвайне рады за Валодзю, што ён здолеў упершыню выйсці ў паўфінал Алімпіяды ў спаборніцтвах па настольным тэнісе. 

- Ён у чвэрцьфінале атрымаў траўму, але ўсё роўна давёў паядынак да перамогі. Памятаце, калі самому прыходзілася кідаць молат праз боль?

- У апошнія гады кар’еры кідаў толькі праз боль. Адзін з маіх вершаў завяршаецца наступнымі радкамі: «И пот, и слёзы, боль и стон/ Все это было ненапрасно/ Всему виною. только он/ О, спорт, ты жизнь, а жизнь прекрасна!» Хацеў гэтымі радкамі сказаць аб тым, праз што прыходзіцца прайсці спартсмену. Імгненню, калі ты ўзыходзіш на п’дэстал, папярэднічаюць дзясяткі гадоў пякельнай працы. Ты ахвяруеш здароўе, часам, асабістым жыццём… Усё падпарадкоўваецца спорту. І калі чагосьці дасягаеш, разумееш, зроблена гэта было недарэмна. Спорт – неад’емная частка жыцця. Філасофія. Без яго не можаш жыць.

- Раней вы ляталі на Алімпіяду як удзельнік. А цяпер чым будзеце займацца на Гульнях?

- Найперш лячу ў Бразілію, каб падтрымаць нашу зборную па лёгкай атлетыцы. Кожнага спартсмена я ведаю асабіста. Уяўляю іх магчымасці. Апошнія некалькі гадоў мы былі разам і зараз мне хочацца падтрымаць іх маральна.

Акрамя таго збіраюся пагутарыць з чыноўнікамі Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Ёсць магчымасць заключыць важнае пагадненне. Выдаваць яго змест пакуль не буду. Але станоўчы вынік дасць нашай лёгкай атлетыцы другое дыханне.

- Вы ж пастаянна на сувязі з лёгкаатлетамі. На што яны наракаюць? Чым незадаволеныя?

- Усё нармальна. Хоць невялічкі дыскамфорт ў бытавым складніку прысутнічае, але нашы не скардзяцца. Навошта на падобных рэчах губляць энергію? Яны настроены на спартыўную барацьбу. І я ўсцешаны, што яны не распыляюцца,  падыходзяць да гэтага па-філасофскі.

- За кім будзеце сачыць асаблівым чынам?

- За ўсімі. Зразумела, кіданне молата я разумею лепш, але ўсе лёгкаатлеты будуць пад маёй увагай. Кожны з іх пераследуе свае задачы. І я хачу ўбачыць, як яны будуць з імі спраўляцца. Хтосьці паехаў у Рыа з прыцэлам на наступную Алімпіяду, а нехта хоча ляпнуць дзвярыма на развітанне…

- Як малатабоец Іван Ціхан?

- На нядаўнім чэмпіянаце Еўропы ў Амстэрдаме ён заваяваў сярэбраны медаль і ўжо даказаў, што і ў сорак гадоў з’яўляецца спартсменам сусветнага ўзроўню.

- Ягоны рэкорд -  84,51 м. А ці можа ён зараз наблізіцца да яго?

- На чэмпіянаце краіны Іван кінуў молат за 80 метраў. Сёння толькі два малатабойцы пераадольваюць гэтую планку – ён і паляк Файдэк.

- Дарэчы, Павел Файдэк адзначыўся тым, што не паціснуў руку Ціхану на п’едэстале ў Амстэрдаме. Абгрунтоўвае гэта старым допінгавым скандалам Івана.

- Няхай гэта будзе на ягоным сумленні. Я не хачу абвастраць сітуацыю. Іван для сябе пэўныя высновы зрабіў. Але такое прысутнічае не толькі ў лёгкай атлетыцы. Вы ж бачыце, як ставяцца да расійскіх спартсменаў. Што тычыцца палякаў, з імі ў нас заўжды былі добрыя стасункі. Мы сябравалі, разам трэніраваліся. І ніякіх праблем не было. 

- Калі самі былі спартсменам, вам пастаянна ставілі медальныя задачы…

- На мяне таксама спадзяваліся. І я ўсцешаны, што спраўляўся з гэтым ціскам, прывозіў медалі.

- А цяпер вам ужо самому прыйшлося складаць план.

- Так. У любым выпадку хочацца бачыць у камандзе атлетаў, якія будуць заваёўваць медалі. І ў нашай камандзе ёсць шэраг спартсменаў, якія могуць змагацца за ўзнагароды.

Тарас ШЧЫРЫ

taras@zviazda.by

Фота Марэка ПЯТКЕВІЧА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.