Вы тут

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні


Што: камедыя «Цацка»

Калі і дзе: «8 канал», 15 жніўня, 07.20 і 15.00

Дадзена: адзін амаль што беспрацоўны супрацоўнік газеты, адзін, мякка кажучы, нябедны магнат і адзін самотны хлопчык. Пытанне: што атрымаецца, калі звесці іх у адзін не самы цудоўны момант у адным месцы? Правільны адказ — камедыя.

Выдатная музыка, спалучэнне камічнага і сумнага, фірменнае крыху нязграбнае і сарамлівае абаянне П'ера Рышара, нарэшце, вечная праблема бацькоў і дзяцей на прыкладзе сям'і мільянераў (дарэчы, для 10-гадовага Фабрыса Грэка роля «залатога хлопчыка» Эрыка ў гэтым фільме стала першай і адзінай у кіно) — словам, камедыі Франсіса Вебера наканавана было стаць папулярнай і актуальнай на доўгі час. Фільму сёлета спаўняецца 40 гадоў, а ён па-ранейшаму збірае ля экранаў мноства неабыякавых гледачоў. Нават калі вы раней ніколі не бачылі «Цацку», але не па чутках ведаеце, як цяжка бывае з дзецьмі, — паглядзіце гэты фільм, лепш нават разам з імі.


Што: меладрама «Ой, ма-мач-кі!»

Калі і дзе: «Беларусь 1», 20 жніўня, 12.50 і 15.45

Тым з'едлівым крытыкам кінастудыі «Беларусьфільм», якія сумняваюцца ў здольнасці «нашых» здымаць сучаснае кіно, варта паглядзець хоць бы гэты фільм, зняты рэжысёрам Іванам Паўлавым у 2013 годзе.

Праўда, папярэджваем: «Ой, ма-мач-кі!» — не 2-гадзінная кінакарціна, а ажно 12-серыйны тэлефільм, што паказвае будні гарадской радзільні. Дапамагаць будучым маці хутчэй сустрэцца са сваімі доўгачаканымі немаўлятамі — справа адказная і няпростая. А калі дадаць непазбежныя форс-мажоры, розныя жыццёвыя абставіны і характары парадзіх, спецыфічны гумар і бальнічныя рэаліі — хопіць не толькі на тузін серый. У серыяле, дарэчы, занятыя не толькі беларускія акцёры, сярод якіх Вера Палякова, Ігар Сігоў, Яна Каспяровіч ды іншыя, але таксама сталічная радзільня «Маці і дзіця» і яе персанал.


Што: драма «Дрэнны добры чалавек»

Калі і дзе: СТБ, 21 жніўня, 13.40 і 1.25

З шэрагу прычын, чаму нельга прапусціць фільм Іосіфа Хейфіца, назавём дзве галоўныя. Па-першае, названы фільм — паводле аповесці А.П.Чэхава «Дуэль». А па-другое, галоўныя ролі ў карціне сыгралі знакавыя асобы савецкага кінематографа — Алег Даль, Уладзімір Высоцкі і Анатоль Папанаў, прычым зрабілі гэта бліскуча.

...У жыцці інтэлігенцыі канца ХІХ стагоддзя процілегласці не прыцягваліся — яны адштурхоўваліся, прычым з шумам, грукатам і адчувальнымі наступствамі. Вось і сустрэча слабавольнага, баязлівага, схільнага да распусты чыноўніка Лаеўскага і жорсткага, непрымірымага прыхільніка ідэалогіі «натуральнага адбору» заолага фон Корана не магла завяршыцца мірна. Нават тое, што паміж імі пакутаваў добры сябар абодвух, доктар Самойленка, які прымаў кожнага з усімі хібамі і слабасцямі, не ўратавала герояў ад дуэлі. Вось толькі завяршылася гэтая гісторыя зусім не так, як планаваў больш моцны, і чорных або белых людзей тут няма...

Загаловак у газеце: Смех скрозь слёзы — і наадварот

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».