Вы тут

Беларусы на Алімпіядзе пакуль без медалёў


На Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра свае выступленні завяршылі беларускія веласіпедысты-шашэйнікі, гімнасты і некаторыя цяжкаатлеты, а вось баксёры працягваюць барацьбу за ўзнагароды.


  • Нашы веласіпедысты не змаглі заваяваць узнагароды ў Бразіліі. У жаночай шашэйнай індывідуальнай велагонцы з раздзельным стартам Алена Амялюсік стала толькі 11-й, у такім жа відзе мужчынскіх спаборніцтваў дзеючы чэмпіён свету Васіль Кірыенка заняў 17-е месца. Яшчэ адзін беларус Канстанцін Сіўцоў размясціўся на 25-м радку выніковага пратакола.

— Спрабаваў знайсці свой рытм у гонцы, са старта не скажу што пачаў дрэнна, але не на той хуткасці ехаў, быў далёкі ад сваіх найлепшых вынікаў. Калі ў мінулым годзе да чэмпіянату свету падрыхтоўка складвалася ідэальна, то ў гэтым сезоне, на мой погляд, ехаў не з тымі разлікамі. Падчас сезона нават зашмат увагі надаваў падрыхтоўцы да гэтай гонкі ў Рыа, — адзначыў пасля фінішу Васіль Кірыенка.

  • Аляксандр Буйкевіч завяршыў выступленне ў асабістым турніры шаблістаў у паядынку 1/8 фіналу. Там яго сапернікам стаў чэмпіён Алімпійскіх гульняў 2012 года венгр Арон Шылагі. У пачатку паядынку Аляксандр Буйкевіч імкнуўся на роўных супрацьстаяць больш тытулаванаму атлету, паспяхова атакаваў і выйграў стартавы адрэзак — 8:7, але ў другой частцы сустрэчы не змог захаваць поспех.
  • Цяжкаатлетка Дар'я Пачобут заняла шостае месца ў вагавай катэгорыі да 69 кг. У першым практыкаванні яна змагла зафіксаваць штангу вагой 105 кг і працягнула выступленне ў штуршку. Там усе тры спробы Дар'я зрабіла ўдала, падняўшы 132 кг, і завяршыла выступленне з сумай у дваябор'і — 237 кг.

Перамогу атрымала кітаянка Ксян Янмей з вынікам 261 кг.

  • Дзмітрый Асанаў выйшаў у 1/8 фіналу алімпійскага турніру па боксе ў вагавай катэгорыі да 56 кг. У першым баі на алімпійскім рынгу беларус сустракаўся з сапернікам з Дамініканскай Рэспублікі Эктарам Гарсія Мора, а наступны паядынак Дзмітрый правядзе з Цэндбаатарам Эрдзэнэбатам з Манголіі. Сустрэча адбудзецца 14 жніўня.

Сёння барацьбу за ўзнагароды ў вагавай катэгорыі да 81 кг працягне яшчэ адзін беларус Міхаіл Даўгалевец. Яго сапернікам стане сярэбраны прызёр лонданскіх Гульняў-2012 Адзільбек Ніязымбетаў з Казахстана.

  • Лідар зборнай па плаванні Аляксандра Герасіменя не выйшла ў фінал Алімпіяды на дыстанцыі 100 м вольным стылем. У паўфінальным заплыве яна фінішавала з вынікам горшым, чым у папярэднім раундзе. У Рыа Аляксандра яшчэ будзе выступаць на дыстанцыі 50 м вольным стылем.

Загаловак у газеце: Пакуль без медалёў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?