Вы тут

Штодзённая Алімпіяда


Кожную раніцу пачынаецца старт, які можа закончыцца крыўдным падзеннем пасярод дыстанцыі, а можа стаць галоўным у жыцці.


Ад Гульняў у Рыа чакалі адчування нечага святочнага і лёгкага — як сам гэты дзівосны горад, як сама Бразілія ва ўяўленні тых, хто там не жыве. Гэткага стракатага карнавалу пад гукі самбы і шум акіяна, калі ўвесь час усміхаешся без асаблівай прычыны, а ногі самі вытанцоўваюць нешта радасна-бесклапотнае...

Не ведаю, як у вас, а ў мяне атрымалася з дакладнасцю да наадварот: адчуванне ад таго, што адбываецца на іншым кантыненце, — самае што ні ёсць агіднае (якраз пад цяперашняе наша надвор'е). І нават не таму, што ў нашай зборнай няма пакуль медалёў — шанцы яшчэ застаюцца, дый надзея памірае апошняй. Проста сёлетняя Алімпіяда па сваім настроі — не спаборніцтвы і радасць, а пастаяннае прадчуванне чарговага скандалу, боль і слёзы. І калі наконт скандалаў ужо даўно ўсё зразумела — калі і як, пэўна, і не згледзеў ніхто, але спорт сёння дакладна ператварыўся ў палітыку — дык з болем і слязьмі гэтым разам, здаецца, перабор. Чаго вартыя жудасныя траўмы, атрыманыя спартсменамі. Усё па максімуме: калі ўжо ламаць нагу — дык у двух месцах, каб аж павісла на сухажыллях; калі падаць з веласіпеда на мокрай трасе — дык з трайным пераломам пазваночніка. У параўнанні з гэтым правалы яшчэ ў адборачных турах фаварытаў, якія марылі аб п'едэстале, выглядаюць драбнавата, але толькі не для саміх спартсменаў. Іхнія слёзы не менш шчырыя і адчайныя, чым слёзы тых, каго са спаборніцтваў выносілі на санітарных насілках.

Яно і зразумела: ці варта было на працягу як мінімум чатырох гадоў многім ахвяраваць, ад многага адмаўляцца, перамагаць боль і абставіны дзеля нейкай мэты, якая здавалася такой блізкай?.. А вось адзін няўдалы рух — і ўжо мэта стала прывіднай, недасягальна далёкай, а ад прыгожай мары застаўся толькі друз рэальнасці. А яны, дзівакі, нават прайграўшы ў нейкай там 1/32 фіналу, нават з бальнічнай палаты з усмешкамі, больш падобнымі на грымасы, заяўляюць у відэакамеру аб тым, што абавязкова вернуцца, і дасягнуць, і перамогуць. Тэатр абсурду, дый годзе!..

Хоць, калі разабрацца, дык многія з нас не лепшыя за гэтых дзівакоў. Так, пэўна, задумана Творцам, каб чалавеку нічога не давалася лёгка. Вось тут і праяўляецца тая самая свабода выбару — найвышэйшы дар Нябёсаў. Або ты, пакорліва ўздыхаючы, гаворыш «лёс такі» і пры першым жа нязначным абломе кідаеш пачатую справу, або, яшчэ не раз спатыкаючыся і падаючы, упарта ідзеш далей. Мы ж жывём не «дзякуючы», а «насуперак». Штодня змагаючыся з абставінамі, з перашкодамі, з уласнай лянотай, абыякавасцю, жаданнем махнуць на ўсё рукой па прынцыпе «як ёсць, так і добра». У кожнага з нас штодня свае ўласныя Алімпійскія гульні, кожную раніцу пачынаецца старт, які можа закончыцца крыўдным падзеннем пасярод дыстанцыі, а можа стаць галоўным у жыцці. І неістотна, якога маштабу наша перамога ў вачах іншых — значная ці зусім незаўважная.

Магчыма, менавіта яна — самая важная прыступка да асабістага п'едэстала.

Я тут дарэчы прыгадаю гісторыю адной дзесяцігадовай дзяўчынкі. У школе яна з першага класа была выдатніцай, і пачатковая навука давалася ёй без цяжкасцяў. Адно былі праблемы з чыстапісаннем — ляпіла тое дзяўчо літары ў словы ды сказы без памылак, але абсалютна абы-як. Бацькі толькі пасмейваліся, маўляў, доктарам будзе, і не звярталі на гэта асаблівай увагі. Ёй таксама было ўсё роўна, пакуль настаўніца не паказала яе сшытак усяму класу, грэбліва трымаючы яго двума пальцамі, бы якое агіднае насякомае. Клас рагатаў радасна — дзеці вельмі зайздросныя і злосныя істоты. Дзяўчынка сядзела апусціўшы галаву і глытаючы слёзы — гэта была першая ў яе свядомым жыцці няўдача. Пасля ўрокаў яна купіла самы тоўсты — на васямнаццаць старонак — «першакласны» сшытак у касую лінейку. І да позняй ночы старанна выводзіла ў ім літары, спісаўшы вялікімі і малымі кожны радок на тых васямнаццаці старонках.

Назаўтра пісалі дыктант. У настаўніцы ад здзіўлення палезлі на лоб акуляры, калі замест «нататак п'янага егіптолага» яна ўбачыла роўненькія каліграфічныя літары. Праз колькі часу дзяўчынцы з-за сякіх-такіх творчых здольнасцяў, пісьменнасці, але галоўнае — з-за прыгожага почырка даверылі рэдагаваць спачатку класную, а пасля і школьную насценгазету. І так ёй гэта справа спадабалася, што яна вырашыла паступаць на журфак. Бал пры конкурсе шэсць чалавек на месца ў яе быў напалову прахадны — маглі прыняць, маглі не. І асноўным аргументам «за» сталі фоткі той самай насценгазеты, напісанай літарамі, якія яна ў трэцім класе, змагаючыся са сном, старанна выводзіла ледзь не да раніцы.

Тое першае выйгранае спаборніцтва з самой сабой зусім нечакана стала лёсавызначальным.

Цяпер, праз шмат гадоў, яна ведае гэта дакладна і мае права пра гэта напісаць, праводзячы паміж Алімпійскімі гульнямі і жыццём паралелі, якія камусьці на першы погляд пададуцца зусім нелагічнымі...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».