Вы тут

Мінула 60 гадоў са дня смерці Якуба Коласа


«Пайшоў Пясняр, а песня засталася...»

Такім пранікнёным радком паэт Сяргей Грахоўскі адгукнуўся на смерць Якуба Коласа. Класіка не стала 60 гадоў таму.

У дзень памяці Якуба Коласа ў яго доме сабраліся прыхільнікі, паслядоўнікі, духоўныя вучні і спадкаемцы, каб яшчэ раз добрымі словамі ўспомніць любімага творцу. Тут прайшла літаратурная вечарына «Чытаем па-беларуску разам», а на Вайсковых могілках, дзе Колас пахаваны, адбылося ўскладанне кветак на яго магілу.


На ра­бо­чым ста­ле Яку­ба Ко­ла­са ўсё за­ста­ло­ся, як пры яго жыц­ці.

Супрацоўнікі Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа таксама прапанавалі незвычайную экскурсію «Спяшаецца сэрца адстукаць свой пай...», якая дала магчымасць перанесціся на 60 гадоў таму і пачуць гукі, якімі суправаджаўся апошні дзень жыцця песняра.

У той дзень, 13 жніўня 1956 года, Якуб Колас з раніцы пайшоў у ЦК КПБ з лістом наконт роднай мовы, але яго па нейкім недарэчным збегу абставінаў не прынялі. Пісьменнік вярнуўся дадому вельмі ўсхваляваны.

Мы чуем, як адчыняюцца дзверы, гучыць радыё. Колас уваходзіць у пакой і яго выключае. Ён бярэ трубку тэлефона і набірае нейкі нумар, чуе кароткія гудкі, адчыняе шуфляду стала, дастае паперу і пачынае пісаць. Чуем, як стукае сэрца паэта і тахкае гадзіннік...

Адметна, што экскурсія праходзіла ў рабочым кабінеце Коласа, дзе прайшлі апошнія хвіліны жыцця паэта. Пакой захаваўся ў тым самым выглядзе, як і пры жыцці гаспадара. Тут усе рэчы мемарыяльныя, імі карыстаўся паэт. Вось канапа, на якой адпачываў класік, а вось круглы столік з друкаркай, за якім часта працаваў сакратар пісьменніка Максім Лужанін. Ёсць тут і кніжная шафа з прыжыццёвымі выданнямі твораў Коласа. На рабочым стале пісьменніка ўсё таксама засталося, як пры яго жыцці. Партфель, з якім хадзіў на працу ў Акадэмію навук, запісныя кніжкі, гадзіннік. Пісьмовы прыбор у выглядзе дубовых пянёчкаў, які Коласу падарылі сябры-паэты: яны ведалі, што дуб быў любімым дрэвам класіка і займаў важнае месца ў яго творчасці. А вось календары, якія ляжаць на стале яшчэ з 1956 года, — разгорнутыя на даце 13 жніўня.

З Якубам Коласам развітваліся ў Доме прафсаюзаў. Каб выправіць у апошні шлях любімага творцу, на Цэнтральную плошчу сталіцы (сёння — Кастрычніцкая) прыйшлі тысячы і тысячы беларусаў. У дзень памяці ў музеі Коласа можна было пабачыць рэдкія кадры з кінахронікі, якая распавядала пра пахаванне паэта. Дэманстраваліся таксама і ўрыўкі з фільмаў, у якіх Колас яшчэ жывы. Але і сёння ён жывы — у памяці чытачоў, у вечнасці беларускай літаратуры.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: «Пайшоў Пясняр, а песня засталася...»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.