Вы тут

Родныя — розныя, альбо Тэст на дабрыню


«Наступны прыпынак «Дом друку» — аб'яўляюць кіроўцы. Прычым кожны будны дзень і каторы год. З дому на працу «сцежка» прывычная — новае бачыцца рэдка.

Хіба надоечы?.. Ці не на ўсіх слупах абвестка была: кот прапаў у нейкай сямейцы. І, мусіць, дарагі? Бо таму, хто знойдзе, абяцалі ўзнагароджанне — дзве сотні еўра. А гэта ж грошы!

Дык, можа, трэба было, як моладзь кажа, «забіць» на працу? Можа, трэба было пашукаць ката? Яно ж выгадней, калі знойдзеш?

І крыўдна, калі — не.


Каб ведаў...

Дзень, жнівень, лес, як... храм, бо светлы, бо з мяккай пярынай моху, бо з кропелькамі чарніц і знічкамі ажын, бо з мноствам загадкавых шапак...

Рэдкая асалода шукаць грыбы!

І такая ж... пакута — калі... грыбнікоў, якія толькі што былі, і раптам... зніклі — як скрозь зямлю праваліліся! Мы скрычаліся, можна сказаць, зляталіся, пакуль іх знайшлі, а ўжо ж як напужаліся...

— І было б чаго, — абураецца знойдзены. — Я ж не заблудзіўся, я дарогу ведаў, але пайшоў нацянькі...

Наша, прыгожае слоўца!

Акурат такая ж «пословица»: «Як пайшоў нацянькі, прахадзіў тры дзянькі».


Хто пытае, той не блудзіць?

Нехта з гумарыстаў расказваў пра замежнага падарожніка, які папрасіў нашага кіроўцу спыніцца каля бліжэйшай прыбіральні. Той паслухаў і стаў у лесе. Мужчына выйшаў, нейкі час паблукаў і вярнуўся ў аўтобус — так бы мовіць, ні з чым: сказаў, што няма там ніякіх прыбіральняў.

Гэта, магчыма, анекдот, зараз — чысцюткая праўда. Да знаёмага дзядулі (дом на самым узлеску) з Піцера госці прыехалі. Дарослыя ўзяліся вітацца, малы (тры з паловай гадкі), стуліўшы ножкі, у дзядулі спытаў: «Дзе тут можна пі-пі?» — «За дрэўца бяжы», — адказаў стары і нават паказаў... Малы хуценька пабег: спачатку — туды і тут жа... назад — ужо з новым пытаннем: «А за каторае дрэўца?»


Дасць Бог дзень...

Алёна двух цудоўных хлапчукоў нарадзіла сама, а ўжо што чужых прыняла — дык, мусіць, незлічона: прафесія ў яе такая — роды прымаць. Апошнім часам — найбольш партнёрскія, гэта калі ў радзале пакутуе не толькі сама жанчына, але і нехта з блізкіх — яе маці, сястра, муж ці партнёр.

Днямі вось дзядок адзін быў (гадоў пад 70) — са сваёй 40-гадовай сяброўкай. Акушэркам так і казаў: «Калі ласка, падыдзіце да маёй жанчыны», «Калі ласка, дапамажыце маёй жанчыне»... Вельмі перажываў за яе, а ўжо радаваўся дзіцятку...

Алёна пасля гэтага на ўсялякі выпадак свайму бацечку пазваніла (ён адзін жыве, у разводзе з матуляй), спытала: «Ты там нічога не надумаў? А то ж ведаеш, калі знянацку...»

Калі знянацку, то яно і сапраўды...

А калі падрыхтаваны, то, можа, і нічога страшнага? Як той казаў, дасць Бог дзень — дасць і спажытак: лішні кубачак вады ў гаршчку — дзіцятка і падгадуецца. А ў далейшым жыцці, можа, яму старэйшыя сёстры ды браты дапамогуць...

Калі, вядома ж, ёсць.


Масла не масленае. І не сметанковае

Вёска, крамка і нават чарга — невялічкая, пераважна з жанчын.

Адна з іх, самая першая, купляе (вушы ж не заткнеш...) колца кракаўскай каўбасы, трыста грамаў цукерак, кіло груцы...

Што прыемна, прадавачка (і маладое ж зусім дзяўчо) усё разумее, падае — нават тую груцу!..

На масле хіба «асечка» выйшла:

— Вам сланечнікавае? — удакладняе дзяўчына. Пакупніца (відаць, знянацку):

— Не, каровіна.

Хоць па-беларуску масла — яно і ёсць масла. А са сланечніку — гэта алей.


Не пра каня

У знаёмцаў на лецішчы дуб — звычайны. Ва ўсякім разе — быў, пакуль яны паміж ніжнімі галінамі не нацягнулі... ланцуг, пакуль па ім, «залатым», не пусцілі... ката (выразанага з фанеры), які (ну вядома ж!) «идёт налево — песнь заводит, направо — сказку говорит». І тым самым нагадвае... каня — акурат такога ж, «вучонага».

У школу, расказвалі, маладога настаўніка прыслалі. Працуе ён тыдзень, другі, на трэці — даручылі яму вучаніцу праведаць: досыць падрабязна расказалі, дзе яна жыве, падагналі каня.

І добра зрабілі, бо той — гняды ці буланы — куляй, можна сказаць, дамчаў ездака да патрэбнай вёскі. А вось далей пачалося нешта незразумелае, бо конь... спыніўся (прычым каля першай жа хаты), хвілін колькі пастаяў (як ні паганялі), потым спакойным крокам перайшоў да наступнай. І зноўку стаў...

Пасля паездкі высветлілася, што ўзялі яго ў мясцовага паштальёна, які, развозячы пошту, спыняўся каля кожных весніц, бо ў кожную хату прыносіў калі не пісьмы, дык свежыя газеты.

Былі часы. Некалі.


Па-нашаму!

У так званым грамадскім транспарце над кабінамі кіроўцаў — іх прозвішчы, імёны (свае, а ніжэй — яшчэ і па бацьку).

Што, вядома ж, добра — гэта інфармацыя падаецца на першай дзяржаўнай мове, прычым досыць пісьменна. Ва ўсякім разе за стырном цяпер усё менш Анатоліяў, Васіліяў ды Генадзіяў, усё больш — Анатоляў, Васілёў, Генадзяў. І нават — Анатолевічаў, Васілевічаў, Генадзевічаў... Без мяккага знака, што па-нашаму, па-беларуску.


Дзве шкарпэткі — пара

Лета. Лецішча. Суседзі — чужыя, бо калі б, крый Божа, свае, то, мусіць, не знёс бы гэтага пастаяннага і досыць гучнага (бо з гарода ў хату): «Лёнечка, ты паеў?», «...А гарбаткі папіў?», «А пасудак за сабою прыбраў?», «Лёнечка, ты саколку чыстую знайшоў? На канапцы ляжыць... І адзеў?», «Ты пагаліўся?»...

Адказаў на гэтыя бясконцыя пытанні нам не чуваць. Яны... відаць: на ганку праз гадзінку-другую такі з'яўляецца Лёнечка — мажны, пузаты муж гаспадыні. Ён, падобна, цудоўна выспаўся, смачна паеў, пагаліўся, «прыбраўся» ў белую саколку і модныя цяпер аблезлыя, адрэзаныя вышэй каленяў джынсы...

— А на ножках што? — як у дзіцяці, пытае жонка.

— Як гэта што? — не разумее Лёнечка. — Мае шкарпэткі.

— Адна чорная, другая шэрая?

— Затое (муж робіць паўзу) — абедзве цэлыя!

...А галоўнае: гэтую вось пару сабраў ён сам — без жонкі.


Жаночыя штучкі

Іванаўне яе без малога семдзесят ну ніколі не дасі — рухавая, гаваркая, а ўжо ж прыбраная...

Пляменніца, кажа па сакрэце, крутая-крутая: на два сезоны толькі футры сабе купляе, а ўсё астатняе — разоў колькі адзела і аддала...

Цётка — рада, цётка фарсіць — яшчэ і таму, што рэчы ёй крыху... завялікія. А гэта ж падстава, каб раз-пораз пачуць: «Ой, вы так пахудзелі?!»... І потым усім выглядам сваім адказаць: «Я — змагла! А вы — яшчэ паспрабуйце!»


Прыкмета

З аўтобуса гэта пасажырка выйшла першай, ледзь ступіўшы на зямлю, пакруціла галавой — пашукала вачыма сметніцу, на хаду кінула ў яе талончык, але прамахнулася — паперка лягла паблізу. Убачыўшы гэта, дзяўчына вярнулася, нахілілася, падняла яе, кінула яшчэ раз.

Акуратыстка, бач... Добрая жонка некаму будзе, добрая нявестка.


Родныя — розныя...

Што было, было: Дзянісу на дзень народзінаў веласіпед падарылі. Гойсаў на ім, можна сказаць, не злазячы, аж пакуль...

— Уяўляеце, я еду, — заявіў учора з парога, — а з завулка — Жулік... Ды пад колы мне, наперарэз...

— І што — скалечыў сабаку? — насцярожыўся дзед.

— Ровар не зламаў? — адарваўся ад газеты бацька.

— А дзіцятка маё, — пабялела бабуля, — ты сам з таго ровара не зваліўся? Нічога не пабіў?

...Што было, было: тэст — на дабрыню.


Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».