Вы тут

Адзіная ў Беларусі бландзінка-дальнабойшчыца жыве ў Гродне


Траса. Фура. Дзяўчына. У Гродне жыве адзіная ў Беларусі бландзінка-дальнабойшчыца. Вераніка Рылоўцава ўтаймоўвае магістральны цягач не першы год, і тэхнічныя характарыстыкі машыны захопліваюць яе не менш чым паказы мод. Стыльна апранутая дзяўчына развеяла стэрэатып пра дальнабойшчыка ў трэніках. Вераніка прабіла апошні бастыён сапраўднай мужчынскай прафесіі. Больш за тое — у свае 24 гады яна пабудавала на гэтым удалы бізнес. І здзіўленню няма межаў, калі дзяўчына расказвае пра свой унікальны шлях у дальнабой.


Сёння пад яе кіраўніцтвам не адзін і не два мужчыны. Яна займаецца лагістыкай, а калі з'яўляецца татальны недахоп рамантыкі вялікіх дарог у прыгожым дзявочым арганізме, сама едзе ў рэйс. Гаворыць, размовы пра жанчын-дальнабойшчыц — народны эпас: яны перадаюцца з вуснаў у вусны, абрастаючы квяцістымі дэталямі, але мала хто бачыў гэтых жанчын на ўласныя вочы. Яна ж ад калыскі бачыла такую жанчыну штодня.

«Я з пялёнак думала: «Якая ў мяне цудоўная мама! Якая яна малайчынка!» Яна не сядзіць у ціхай затоцы, чакаючы, калі туды раптам заплыве шчаслівы выпадак. Спачатку ездзіла на бусе, затым на грузавічку, які вельмі любіла. Гаварыла, што гэта яе «родненькая машынка». Новая фура — і мама ў новыя рэйсы». Кісейныя паненкі, здольныя толькі гатаваць ежу і выхоўваць дзяцей, засталіся на старонках тургенеўскіх раманаў. Сучасныя жанчыны сумяшчаюць добры дзясятак роляў, натхняючы дзяўчынак на жыццё ў такім жа хуткім рытме. І Вераніка Рылоўцава імкнулася нагадваць сваю маму, знайшла замову і адна вырвалася на бусе ў Польшчу і Літву.

Любоў да машын і дарог перадалася ў спадчыну не толькі па мацярынскай лініі. Дзяўчына расла ў сям'і, дзе бацькі зрабілі перавозкі справай жыцця. Неўзабаве яны пакінулі фірму на дачку: «Набірай кіроўцаў, шукай кліентаў, вядзі бухгалтэрыю». «Падбор персаналу быў для мяне справай зусім незнаёмай, — прызнаецца Вераніка. — Я зусім не разбіралася ў людзях. Узяла разяваку, які баяўся ўласнага ценю. Першы раз разгрузіўся пад Варшавай, павінен быў ехаць у Беласток, а паехаў зноў у Варшаву. Тэлефануе: дзе гэта ён? Наступны рэйс. Кажу: «Усё, садзіся, едзь». Ён: «А куды ехаць?» Я адказваю, што ў Літву, і тут чую ад яго сур'ёзнае: «А мне мама сказала... Там страшна». «Што там страшнага ў Літве?! Садзіся, едзь!» І пачалося дзіцячае «не хачу, не буду». Замова гарыць, трэба плаціць, шкада згубіць пастаяннага кліента, бацькі ў рэйсах. Вось і села ў фуру сама». Гэта была шведская «Скані» з грузавым васьміметровым адсекам пад'ёмнасцю да дзесяці тон. Сёння на яе лабавым шкле імянная таблічка «Вераніка» — адметная і зразумелая толькі дальнабойшчыкам мода. Такая ж, як пушыстыя дыванкі і ламбрэкены ў дамах, бо фура таксама дом.

Новыя месцы, людзі. Падвечар падзеі зліваюцца ў яркую карціну на вялікім шкле. Агляд бы ў кінатэатры, толькі фільм мае назву адну — «Дарога». Дальнабойны сюжэт не абыходзіцца без форс-мажору, хоць ён ужо не патрабуе адрэгуляваць клапаны або перабраць кампрэсар. Ёсць слесар, рамонтная зона і сэрвіс. Вераніка Рылоўцава кажа: «Я магу памяняць калёсы, але гэта цяжка. Бываюць сітуацыі, калі нават мужык іх не адкруціць. Часам электрычным гайкакрутам, які ахрысцілі ў народзе мясарубкай, не далезеш да нейкіх калёсаў, ці гайка заржавела, бо даўно яе не краналі. Жанчына можа тое ж, што і мужчына, і ёй прасцей: усміхнешся — збягуцца. Заўсёды здзівяцца, скажуць: «Калі ты дальнабойшчык, то я балерына». Але дапамогуць». Дарожныя знаёмствы дзяўчына не падтрымлівае. А навошта? Яна паціскае плячыма, усміхаецца: «У мяне хлопец ёсць».

«Праўда, што жанчын на мяжы іншыя кіроўцы прапускаюць наперад?» — пытаю пра джэнтльменаў.

«Няпраўда. Я не буду нагаворваць на мужчын, маўляў, усе яны дрэнныя. Не ўсе! Некаторыя прапусцяць, нальюць кавы, але ёсць экзэмпляры, што не толькі не прапусцяць, а перад табой залезуць і нахамяць. На мытні мяжа паміж мужчынамі і жанчынамі сціраецца. Гэта злая чарга. Нават калі папросіш, не прапусцяць: «А што ты сабе такую работу выбрала?! Вось і стой нароўні з мужыкамі!» Хоць, можа, калі б мужык прасіў, то прапусцілі б».

Тым часам жаночы дальнабой дабраўся і да краін Персідскага заліва, што і гаварыць пра старую Еўропу, дзе дэфіцыт кадраў даўно паставіў тлустую кропку ў пытанні: браць ці не браць? Калі дзверы ў прафесію адкрыліся пенсіянерам, то маладым жанчынам — тым больш.

У Германіі працэнт дальнабойшчыц вырас да чатырох і абяцае ў будучыні разбавіць магістралі ў тым ліку бабулямі. Залетась Міністэрства працы і сацыяльнай абароны зацвердзіла спіс цяжкіх, шкодных і небяспечных работ, забароненых для жанчын. Сярод экзотыкі ў адным радзе з машыністам экскаватара, авіяцыйным механікам, мантажнікам горнага абсталявання і лесарубам не без рацыі аказаўся дальнабойшчык.

Прыгадаем радкі з буквара: «Мама мыла раму». Значыць, мама — гэта дом і дагледжаныя дзеці, яе трэба шкадаваць. Аднак ёсць жанчыны іншага складу, якіх кліча гул стальнога звера. З іх боку імкненне падагнаць сябе пад стандарт гаспадыні — гэта бунт бярозы супраць таго, што яна бяроза. Ды ў айчынных аўташколах слабому полу таксама даюць катэгорыю «С»... Праўда, праз гэта каралеў руля ў Беларусі больш не становіцца. І для кожнай з іх лёс скупіцца на асабістае шчасце. У гэтым плане Вераніка і Іна Рылоўцавы — унікальнае выключэнне.

«Я лічу работу дальнабойшчыцы адмовай ад сям'і, — упэўнена дзяўчына. — Не глядзіце на мяне. Выключэнне пацвярджае правіла. Калісьці тата сказаў маме, мініяцюрнай, на абцасах: «Я супраць, каб ты была дальнабойшчыцай. Але калі на тое пайшло... Я не пацярплю, каб ты ездзіла адна». У кожным рэйсе яны разам. Зараз тыдзень стаяць у Таліне без загрузкі. Жывуць на моры, ходзяць у лес па маліны, вараць варэнне! (Смяецца і паказвае на тэлефоне нядаўна атрыманыя фота.) Рамантыка!» Мора і варэнне Рылоўцавы могуць сабе дазволіць: гэта іх фірма. А ў несямейным дальнабоі слова шэфа — закон. Таму Вераніка раіць смела акунуцца ў дарожныя будні бліжэй да сарака, калі дзеці скончаць школу, або да дваццаці пяці, калі хочаш атрымаць асалоду ад жыцця вольнай птушкі.

«Хутка мой хлопец здасць на катэгорыю. Буду працаваць дыстанцыйна з ноўтбукам, і мы паедзем разам», — ажыўляецца Вераніка. Яе так змяніў дальнабой! Ад той дзяўчынкі, што калісьці заглухла пасярод ажыўленай вуліцы каля гродзенскага аўтавакзала і плакала пад сігналы ўзлаваных машын, застаўся ўспамін. Непадобная яна і да самой сябе ў першых рэйсах, калі на фуры па навігатары заехала ў цэнтр Мінска і спынілася каля таксістаў, пытаючы: «А ці не пазношу я сталічныя дахі і масты?» Цяпер Вераніка — бізнес-лэдзі. Упэўненая, яна лёгка загаворвае з незнаёмымі, а на мытні вучыць замежныя мовы, чытае кнігі па самаразвіцці.

Рылоўцавы валодаюць многімі сакрэтамі шчасця, і ёсць адзін маленькі, якім не шкада падзяліцца з усім светам. Яны ўхітраюцца быць любімымі самім жыццём і не бурчаць на яго. Як-ніяк гэта маразм — лічыць, што дзесьці далёка за межамі Сінявокай яблыкі больш салодкія. Але чужыя дарогі патрэбны як паветра, бо пашыраюць кругагляд. «Калі твой лад жыцця аселы, круцішся вакол уласнай восі, навіны пачытаеш і думаеш, што пра ўсё маеш уяўленне і свет ляжыць на тваёй далоні. Гэта ілюзія, — кажа Вераніка. — Толькі размовы з жыхарамі чужых краін паказваюць жыццё чатырохмерна. Разумееш, наколькі пазіцыя «мая хата з краю» абмяжоўвае. Погляд на праблемы людзей іншага менталітэту дапамагае пераацаніць свае, прыносячы новыя ідэі, даючы бізнесу глыток свежага паветра».

«Для сябе вырашыла: калі з'явяцца дзеткі (а я хачу дваіх), то аніякага дэкрэтнага водпуску! Мне быў годзік, калі мама брала люльку ў аўташколу, і я ляжала, а яна атрымлівала катэгорыю. У дзевяць я ўмела і прыбіраць, і гатаваць, і жыць адна. Памятаю, бацькі вяртаюцца з Расіі, а я чакаю іх на парозе з пірагом ці тортам. У каментарыях на нейкім сайце пісалі: «Вось каб не бацькі, дзе б яна была?» А я цалкам згодна! Усё, што сёння ўмею, дзякуючы ім і дзеля іх. Тата з мамай пачалі сямейную справу, і я пакладу ўсе сілы, каб яна квітнела. Сваё дзіця адразу прывучу да машын, каб яму цікавей жылося (усміхаецца). Мой малы ў садку скажа: «А я на фуры ездзіў!»

Маргарыта САДОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: А я на фуры езджу!

Каментары

Девушка молодец. А то обычно все ноют и требуют от мужика. Эта делом занимается. На работе в 2 млн. точно сидеть бы не стала. Ясное дело и никому мозг выносить по частям не будет.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?