Вы тут

Сусветныя падзеі мінулага тыдня


Адбылася вельмі важная сустрэча прэзідэнтаў Расіі і Турцыі Уладзіміра Пуціна і Рэджэпа Таіпа Эрдагана. Яе сутнасць можна выказаць словамі турэцкага лідара пасля перагавораў: «Абодва нашы бакі рашуча настроены на тое, каб вывесці адносіны на дакрызісны і нават больш высокі ўзровень, у нас ёсць для гэтага палітычная воля». Такім чынам, можна лічыць цалкам закрытым палітычны канфлікт, які бушаваў паміж дзвюма краінамі з лістапада 2015 гады пасля атакі турэцкага знішчальніка на расійскі самалёт. Не ўсе аспекты ранейшых адносін адразу вернуцца, у прыватнасці, санкцыі на ўвоз турэцкіх прадуктаў харчавання будуць адмяняцца паступова, але адносіны стануць плённымі і з добрай перспектывай.


 

Для Расіі гэтыя падзеі сталі фактарам умацавання міжнароднага прэстыжу расійскага прэзідэнта, які здолеў правесці сваю лінію ў адносінах з Турцыяй, а таксама аблегчаць ёй удзел у сірыйскім канфлікце, паколькі Турцыя больш не будзе ствараць ёй там значных праблем. Беларуская пазіцыя стрыманага чакання заканчэння канфлікту паміж Расіяй і Турцыяй без удзелу ў ім таксама прынясе свой плён пры ўмелым выкарыстанні магчымасцяў новых перспектыў расійска-турэцкага эканамічнага супрацоўніцтва. Пасля ўскладнення адносіны з Захадам праз яго спецыфічную пазіцыю ў сувязі з турэцкім ваенным пераваротам, кіраўніцтва Турцыі можа скарэктаваць сваю праграму закупак сучасных узбраенняў у бок незаходніх пастаўшчыкоў, у тым ліку Расіі і Беларусі.

На фронце барацьбы з тэрарыстычнай групоўкай "Ісламская дзяржава" ёсць пэўныя поспехі. 12 жніўня стала вядома, што лідар групоўкі ў Афганістане і Пакістане Хафіз Саід Хан быў забіты 26 ліпеня ў выніку атакі беспілотніка Ваенна-паветраных сіл ЗША. Таксама ў Іраку быў забіты адзін з лідараў ІД, адказны за аперацыі з нафтай Самі Джасіма аль-Джабуры. Важны ў стратэгічных адносінах сірыйскі горад Манбідж быў вызвалены Саюзам курдскіх і арабскіх узброеных груп "Дэмакратычныя сілы Сірыі" пры падтрымцы авіяцыі кааліцыі, якую ўзначальваюць ЗША. Баевікі падчас адступлення прыкрыліся жывым шчытом з дзвюх тысяч закладнікаў. Працягваюцца баі за Алепа, 11 жніўня сірыйскія войскі перайшлі да наступлення на поўдзень ад горада Алепа. Спрабуючы ўтрымаць ад уцёкаў з горада частку ўласных баевікоў, "Ісламская дзяржава" пакарала смерцю некалькі з іх разам з сем'ямі. У цэлым з пачатку года, у выніку дзеянняў сіл антыідылаўскай кааліцыі, групоўка страціла 12 працэнтаў тэрыторыі, якую раней кантралявала. "Ісламская дзяржава" спрабуе пашырыць сваю актыўнасць у іншых рэгіёнах, каб кампенсаваць страты. Так, 8 жніўня ў бальніцы пакістанскага горада Квета, сталіцы правінцыі Белуджыстан, прагрымеў выбух, ахвярамі якога сталі 93 чалавекі.

Тайланд стаў ахвярай атакі з боку невядомых тэрарыстаў. 11 і 12 жніўня ў краіне прагрымела пяць выбухаў закладзеных бомбаў і яшчэ адно выбуховае прыстасаванне было абясшкоджана сапёрамі. Чатыры чалавекі загінула, шмат хто быў паранены. Сярод пацярпелых шмат замежных турыстаў. Асноўная версія паліцыі -- спроба тэрарыстаў сарваць турыстычны сезон у краіне, каб падарваць фінансавыя магчымасці дзяржавы. У якасці патэнцыяльных тэрарыстаў разглядаюцца мусульмане-сепаратысты.

У нядзелю The Sunday Times паведаміла пра тое, што паводле звестак яе крыніц ва ўрадзе, выхад Вялікабрытаніі з Еўрасаюза можа быць адкладзены да канца 2019 года. Раней меркавалася, што афіцыйная заяўка на выхад будзе пададзена ў пачатку 2017 года, па новай інфармацыі яна будзе пададзена ў канцы 2017-га. Па заканадаўстве ЕС, у Вялікабрытаніі будзе два гады з моманту падачы заяўкі на афармленне працэдуры выхаду. Адтэрміноўка пацягне за сабой больш працяглы перыяд разводу з ЕС, што, безумоўна, станоўча адаб'ецца на фінансавай стабільнасці як самой Вялікабрытаніі, так і Еўрасаюза, паколькі дасць магчымасць няспешна ўрэгуляваць усе спрэчныя пытанні. А іх, зразумела, будзе вельмі шмат, паколькі ЕС і Вялікабрытанію звязваюць сотні пагадненняў, частку з якіх давядзецца разрываць, а частку заключаць ужо ў іншай рэдакцыі.

Важнай для развіцця эканомікі Беларусі стала сустрэча беларускага Прэзідэнта з губернатарам Бранскай вобласці Аляксандрам Багамазам. Падчас сустрэчы было агучана, што ствараецца маштабны беларуска-бранскі будаўнічы комплекс. Аляксандр Лукашэнка выказаў пажаданні, каб падобныя ініцыятывы рэалізоўваліся і ў іншых сферах узаемадзеяння з Бранскай вобласцю, у прыватнасці ў сферы сельскай гаспадаркі. Разглядаюцца праекты ў сферы супрацоўніцтва ў галіне біятэхналогій.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».