Вы тут

Уладзімір Ліхадзедаў: “Мару стварыць прыватны музей кнігадрукавання”


Уладзіміра Ліхадзедава добра ведаюць у нашай краіне, ды і за яе межамі — таксама. Збіральнік старых паштовак, ён даўно вывеў беларускую філакартыю з цянётаў калекцыянерскай справы на новыя вышыні. У многім дзякуючы ініцыятывам менавіта Уладзіміра Аляксеевіча старыя паштоўкі спрыялі і спрыяюць уважлівым агледзінам айчыннай гісторыі з боку самых шырокіх мас. Але ж калекцыянер, гісторык не сядзіць на месцы, прыдумвае новыя праекты, вылучае новыя задумкі і паспяхова іх рэалізоўвае. Пра ўсё гэта мы і вырашылі пагутарыць з Уладзімірам Ліхадзедавым.


— Уладзімір Аляксеевіч, здаецца, Вы паступова ад публікацый у перыёдыцы рэпрадукцый старых паштовак пераходзіце да рэалізацыі больш значных філакартычных праектаў...

— Прызнацца, я неяк не задумваўся над гэтым. Часопісы і газеты па-ранейшаму друкуюць рэпрадукцыі паштовак з маёй калекцыі. Праект, некалі даволі вобразна названы "У пошуках страчанага", працягваецца. Зазірніце на сайт газеты "СБ.Беларусь сегодня" — і вы знойдзеце архіў з соцень публікацый. Ды і газета "Голас Радзімы" некалькі гадоў вяла праект "Знічкі Айчыны" — у ім ілюстрацыямі да гісторыка-краязнаўчых публікацый былі менавіта паштоўкі. А яшчэ ж кнігі... Іх сёння назбіралася каля дваццаці. Дарэчы, пяць кніг серыі "У пошуках страчанага" выйшлі ў "Звяздзе" і "Літаратуры і мастацтве".

— Сапраўды, кнігі займелі папулярнасць. І сёння іх агульны тыраж складае некалькі дзясяткаў тысяч экзэмпляраў...

— Людзі, углядаючыся ў даўніну, жадаюць быць болей уніклівымі, стараюцца і інфармацыі паболей адкрыць, і ўражанні займець. Кнігі са старымі паштоўкамі сталіся для мяне пэўным этапам у развіцці калекцыі, нават у асэнсаванні таго, а як жа з калекцыяй працаваць, як сваё прыватнае захапленне зрабіць цікавым, патрэбным для грамадства.

— Як мне падаецца, якраз ініцыятываў у вас хапае. Хіба ж не так? І выстаўкі ладзіце, і помнікі нават усталёўваеце.

— Усё, канешне ж, так. Шмат у чым мне дапамагаюць калегі-аднадумцы. І найперш — сапраўдны паплечнік, таварыш па калекцыянерскіх росшуках Уладзімір Пефціеў. Мы разам і выстаўкі ладзілі і колькі сумесных кніг выдалі.

— І яшчэ ж помнікі ўсталёўвалі...

— Сумесна з Уладзімірам Паўлавічам і іншымі паплечнікамі нам удалося ўзнавіць два помнікі. Першы з іх прысвечаны ўсім, хто загінуў у Айчыннай вайне 1812 года. А другі — у гонар забітага праваслаўнага святара Фёдара Юзэфовіча. Што асабліва цікава, першы помнік раней увогуле быў невядомы. Адкрыць яго дапамог стары фотаздымак, які я набыў у аднаго польскага калекцыянера. Пра гэты помнік не было ніякіх звестак ні ў якіх польскіх ці расійскіх архівах. Толькі подпіс пад здымкам дапамагаў у пошуку: пра тое, што аб'ект знаходзіўся на тракце паміж Вілейкай і Маладзечнам. Пэўна, прастаяў ён зусім нядоўга. Хутчэй за ўсё помнік раструшчылі ці адразу пасля верасня 1939 года ці ў Вялікую Айчынную вайну. Параіўшыся з Уладзімірам Пефціевым, мы палічылі за гонар узнавіць гэты помнік і нагадаць пра памяць усіх, хто загінуў у 1812 годзе. У рэалізацыі гэтага праекта нам таксама дапамаглі Павел Сасін, Ігар Зялёны, Барыс Цітовіч.

— Тэма вайны 1812 года для вас з Уладзімірам Пефціевым — надзвычай цікавы абсяг...

— Нам з Уладзімірам Паўлавічам удалося выдаць двухтомнік, прысвечаны гэтай тэме. Мы змаглі арганізаваць некалькі выставак — у Мінску, Маскве, Вільнюсе...

Мы паказалі храналогію вайны праз старыя паштоўкі і арыгінальныя літаграфіі Фабэра дэ Фора і Верашчагіна.

— Уладзімір Аляксеевіч, вы, дарэчы, прымалі ўдзел і ў "круглым стале", прысвечаным Скарыну, які не так даўно ладзіла Міжнародная асацыяцыя беларусістаў. Магчыма, наперадзе ў вас — рэалізацыя задумкі кшалту выдання альбома з паштоўкамі, прысвечанымі мясцінам, якія звязаны з жыццём і дзейнасцю беларускага першадрукара?

— Пра такі фармат неяк не задумваўся. Хоць у апошнія гады вельмі шмат займаюся тэмай Францыска Скарыны. Гісторыя беларускага кнігадрукавання — захапляльны абсяг для гісторыка-краязнаўчых росшукаў. З прычыны сваёй інертнасці, нежадання варушыцца, шукаць ісціну больш глыбока, чым гэта рабілі да нас, мы шмат што лічым страчаным. А трэба проста набрацца цярпення і ўзнаўляць даўніну. Так, кожны з крокаў, як, напрыклад, і нядаўна зробленае мною ўзнаўленне Бібліі Францыска Скарыны, патрабуе ведаў, вопыту.

Каб надрукаваць на адпаведнай паперы, падабраць фарбы, трэба ж было зазірнуць у ХVІ стагоддзе. Трэба было знайсці аналагі тэхналогіям скарынаўскага часу. Дзеля гэтага я пабываў у многіх музеях і бібліятэках, ездзіў у Прагу, Лейпцыг, Майнц, Кракаў...

— І два гады назад у Заслаўі на Дні беларускага пісьменства вы прадэманстравалі і станок для друку, і тое, як папера робіцца з беларускага лёну. Чэргі гледачоў да вашага рабочага месца стаялі велізарныя.

— І не толькі гледачоў. Але ж у чэргах стаялі ахвотнікі паспрабаваць самім пераўтварыцца ў першадрукароў ХVІ стагоддзя. Для многіх ўсё гэта было адкрыццём. Скарына як быццам сыйшоў з малюнкаў у падручніках, энцыклапедыях. Сапраўднае дзейства, магчымасць спрычыніцца да яго, нешта паспрабаваць зрабіць уласнымі рукамі — гэта не можа не заварожваць.

— Хоць бы на хвіліну прыемна стаць першадрукаром...

— Мне здаецца, што ў такой арыгінальнай ініцыятыве-дзеянні закладзена шмат выхаваўчых сэнсаў. І дзіўна, што пасля свят на дэманстрацыю падобнага характару, дзе судакранаюцца гісторыя і сучаснасць, забываюцца.

— А што вы прапаноўваеце?..

— Я адзін шмат што не магу прапанаваць. У мяне ёсць ідэя, якую хацелася б рэалізаваць. Ідэя заключаецца ў тым, каб дэманстраваць старыя друкарскія тэхналогіі. Для гэтага патрэбна пляцоўка. Канкрэтныя планы ў гэтым кірунку я ўжо ажыццяўляю. Спадзяюся, што ў выніку будзе створаны ўнікальны прыватны музей кнігадрукавання.

— Уладзімір Аляксеевіч, думаю, што гэта амаль немагчыма здзейсніць паўнавартасна без шырокай падтрымкі дзяржаўных інстытутаў і дапамогі мецэнатаў. Вось тут і добра было б рэалізаваць сам падыход дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

— Сапраўды, калі такое здзейсніцца, то ў год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання гэта будзе выдатным падарункам краіне, усім, каго хвалюе стан нацыянальнай культуры, гістарычнага асветніцтва.

— У такім разе і я ўпэўнены, што атрымаецца. І як вынік — шмат што яшчэ ўдасца адкрыць і расшыфраваць у жыцці і дзейнасці легендарнага Францыска Скарыны.

Гутарыў Кастусь Ладуцька

Загаловак у газеце: Уладзімір Ліхадзедаў: "Гістарычны абсяг прыватнай калекцыі"

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».